Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК просіць сустрэчы зь міністрам унутраных спраў


Анатоль Куляшоў

Анатоль Куляшоў

Беларускі Хэльсынскі камітэт просіць аб сустрэчы міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова. Праваабаронцы накіравалі міністру зварот, у якім выказваюць занепакоенасьць у сувязі з гвалтоўнымі разгонамі нядаўніх мірных акцый прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый на Кастрычніцкай плошчы і ўжываньнем супроць актывістаў фізычнай сілы ў памяшканьнях міліцыі.

“БХК лічыць, што разгон і ўжываньне фізычнай сілы супрацоўнікамі міліцыі адносна ўдзельнікаў мірных акцый было незаконным, паколькі грамадзяне рэалізоўвалі сваё канстытуцыйнае права на свабоду сходаў, якое прадугледжанае артыкулам № 35 Канстытуцыі РБ”, — сказана ў звароце да Анатоля Куляшова.

Праваабаронцы з БХК спадзяюцца, што сустрэча зь міністрам “дазволіць знайсьці магчымыя шляхі рашэньня паднятых праблем з улікам інтарэсаў усіх бакоў”.

Нагадаем, 10 верасьня ў Менску была разагнаная акцыя супроць уводу ў Беларусь частак расейскіх войскаў для ўдзелу ў манэўрах “Захад-2009”. Болей за 10 чалавек былі затрыманыя і асуджаныя да вялікіх грашовых штрафаў. Затрыманыя распавялі пра тое, што ў аўтобусе пасьля затрыманьня і ў міліцэйскім пастарунку іх зьневажалі і зьбівалі.

16 верасьня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася акцыя, прымеркаваная да 10-годзьдзя зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Падчас разгону гэтай акцыі было затрымана болей за 20 чалавек, якія таксама скардзіліся на надзвычай жорсткае абыходжаньне з боку міліцыі. Падчас разгону гэтай акцыі ад міліцыі пацярпелі таксама журналісты.
XS
SM
MD
LG