Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкі Саюз пісьменьнікаў запрасіў полацкую паэтку Леру Сом у творчую паездку на выспу Готлянд. Спадарыня Сом працуе настаўніцай, выкладае беларускую мову і літаратуру. Адміністрацыя школы згодная адпусьціць настаўніцу ў адпачынак за свой кошт, яе ўрокі ёсьць каму замяніць. Але кіраўніцтва гарадзкога ўпраўленьня адукацыі выступіла супраць.

У Швэдзкага саюзу пісьменьнікаў і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў - шчыльныя творчыя стасункі. Толькі за апошні год у Швэцыі выдадзены зборнік беларускай паэзіі - Алесь Разанаў, Валянціна Аксак, Алена Казанцава, Дзьмітрый Строцаў, кніга Барыса Пятровіча “Фрэскі”, у Беларусі выйшла “Піпі Доўгаяпанчоха” Астрыд Ліндгрэн. Швэдкі бок гасьцінна прымае беларускіх літаратараў на сваёй зямлі. Сёлета запрасілі полацкую паэтку Леру Сом.

Вось што яна распавяла:
Школьная адміністрацыя напісала, што яна ня супраць ...

“Я папярэдзіла сваю адміністрацыю за паўгода. Адміністрацыя школы цалкам была згодная мяне адпусьціць. Мы разам з адміністрацыяй выбіралі месяц, калі гэта можна зрабіць з найменшымі наступствамі для школы. Я магла паехаць у траўні, але адмовілася, таму што канец навучальнага году і экзамэны, я сказала, што не паеду, бо сваіх дзяцей выпускаю. Я магла паехаць у верасьні, але пачатак навучальнага году, таксама складаны час. Мы разам выбралі кастрычнік. Школьная адміністрацыя напісала, што яна ня супраць. У нас маленькая школа, і ёсьць два настаўнікі, якія цалкам могуць мяне замяніць на гэтыя 14 гадзін. Але загадчык гарадзкога ўпраўленьня адукацыі піша “адмовіць”.

Загадчык упраўленьня адукацыі Полацкага гарвыканкаму Віктар Матус сваё рашэньне патлумачыў так:
адмовіў з адной прычыны: толькі што быў адпачынак 2 месяцы ...

“Я ёй адмовіў з адной прычыны: толькі што быў адпачынак 2 месяцы, пачынаецца новы навучальны год, у яе выпускныя клясы. Вучымся мы парадку 7 месяцаў чыстых. І цэлы месяц ня весьці настаўніку беларускай мовы і літаратуры гэтыя прадметы я лічу немэтазгодным”.

У сувязі са школьнай рэформай колькасьць урокаў беларускай мовы і літаратуры скарацілася, і настаўнікі ня маюць зараз нават мінімальнай загрузкі - 18 гадзін у тыдзень. І замяніць урокі Леры Сом у школе пагаджаюцца яе калегі, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, тым больш што з трох тыдняў творчай камандзіроўкі адзін тыдзень прыпадае на восеньскія канікулы. Але гэтыя аргумэнты не пераканалі чыноўніка Віктара Матуса:

“Гэта ж творчая камандзіроўка, а ня ўрадавая, каб вырашаць нейкія сур'ёзныя пытаньні. На Готлянд можна патрапіць у зручны для настаўніка і для школы час”.

Карэспандэнтка: “Але ж гэта ад боку, які запрашае, таксама залежыць...”

“Я разумею. Але ж у яе ёсьць асноўная праца. Я прыняў рашэньне і ня думаю, што яго трэба мяняць. Калі толькі маё кіраўніцтва разгледзіць гэтае пытаньне інакш і дасьць мне каманду адпусьціць… Але я сваю пазыцыю выказаў”.

Пасьля адмовы загадчыка упраўленьня адукацыі Полацкага гарвыканкаму Віктара Матуса настаўніца Лера Сом зьвярнулася і ў вышэйшыя інстанцыі – да намесьніка старшыні Полацкага гарвыканкаму Мікалая Ільюшонка і першага намесьніка Віцебскага абласнога ўпраўленьня адукацыі Леаніда Сьцяпанава. Яны таксама адмовілі і знайшлі фармулёўку: Лера Сом павінна была атрымаць згоду на адпачынак за свой кошт не ў дырэктара школы, а ў наймальніка, спаслаўшыся на фармальнасьці. Тлумачэньне Леаніда Сьцяпанава:

“Там дакладна прапісана: па згодзе з наймальнікам. Ёй трэба было прыйсьці да загадчыка гарана Матуса і паведаміць: “я праз 3 – 4 месяцы зьбіраюся ў Швэцыю. Вы гарантуеце мне адпачынак за свой кошт?” А так атрымліваецца сьціпла-ціха: маўляў, “ніхто не супраць, дырэктар не супраць, падпішы”. Яна таксама не ўсё зрабіла правільна да канца, а цяпер кажа: “Дырэктар ня супраць”. Дык дырэктара мала хто пытаецца ў гэтай сытуацыі”.


Лера Сом
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, паэтка, бард. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдагагічнага інстытуту і філялягічны факультэт БДУ. Аўтарка цыклю літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, навуковых публікацый на тэмы словаўтварэньня, фантастычных апавяданьняў “Некалькі гісторый з жыцьця Руніты Магі” (1993), аповесьці “Суполка Вогнішча” (2001). Кнігі паэзіі: “Блюз каралеўскае кухні”, “Адзінокая зорка”, “Там, на небе”, “Свабода Слова Зіма”, “Каралева прыйдзе ноччу”.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG