Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напачатку верасьня кіраўніцтва Радыё Швэцыі скасавала ў сваёй структуры беларускую рэдакцыю, пакінуўшы вяшчаньне на 12 нацыянальных мовах. Такім чынам, пасьля пяці гадоў працы беларуская праграма спыніла існаваньне. Чым выкліканы гэты крок, які многія і ў Беларусі, і ў швэдзкім дэмакратычным асяродку ўспрынялі нэгатыўна?

Радыё Швэцыя спыніла вяшчаньне на беларускай мове ад 1 верасьня 2009 году. Прадстаўніца Інстытуту падвышэньня кваліфікацыі журналістаў FOJO Вэроніка Менжун агучыла матывацыю кіраўніцтва швэдзкай радыёстанцыі:

Вэроніка Менжун
“Яны патлумачылі, што беларуская рэдакцыя была самай маленькай, там усяго 2,5 стаўкі. То бок найменшая рэдакцыя ў структуры радыё. Відавочна, вырашылі ахвяраваць менавіта так, самым “бяскроўным” чынам. Матывацыя, якая была дадзеная кіраўніцтвам усяго каналу замежнага вяшчаньня, заключалася ў тым, што гэта быў часовы праект, які спачатку быў у пілётнай фазе, затым ён нібыта замацаваўся. Аднак пры гэтым Радыё Швэцыя ніколі не дэкляравала, што гэта будзе сталы праект. Дарэчы, у матывацыі напісана: паколькі ў нас захоўваецца вяшчаньне на расейскай мове, беларусы могуць слухаць гэтае вяшчаньне”.

Постфактум кіраўнік Міжнароднага каналу Швэдзкага нацыянальнага радыё Інгемар Лёфгрэн сапраўды заявіў: зроблены выбар на карысьць працягу вяшчаньня на адной зь вялікіх эўрапейскіх моваў — расейскай. Тым больш, удакладніў Лёфгрэн, гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі. Аднак такое рашэньне, як кажа Вэроніка Менжун, выклікала зьдзіўленьне ня толькі ў Беларусі, але і на самім радыё:

Інгемар Лёфгрэн
“Былі пратэсты, у тым ліку і на радыё замежнага вяшчаньня. Іншыя рэдакцыі таксама лічылі, што гэтае рашэньне зусім не своечасовае. На жаль, нічога не дапамагло. Пакуль што скарацілі беларускую службу, але яшчэ да гэтага, у мінулым годзе, перавялі ў рэжым інтэрнэт-вяшчаньня нямецкую рэдакцыю. То бок яна ўжо таксама не выходзіць у эфір, а працуе толькі ў сеціве”.

Карэспандэнт: “Ці праводзіўся ўвогуле маніторынг колькасьці слухачоў беларускай службы Радыё Швэцыя?”

“Яны сказалі, што замер адносна колькасьці праслухоўваньняў правесьці было немагчыма. Але кіраўніцтва рабіла замер па колькасьці наведваньняў сайту беларускай рэдакцыі. І атрымалі такія лічбы, што дзесьці 500 наведваньняў на тыдзень. Для Швэцыі, канечне, гэта вельмі мала. Аднак мы, папраўдзе кажучы, ня ведаем, так гэта ці не. Тым ня меней, 31 жніўня выйшла апошняя праграма на беларускай мове”.

У зьвязку з такім рашэньнем стваральнік і прадзюсэр беларускай службы Радыё Швэцыя Дзьмітры Плакс выказаў меркаваньне, што прычына закрыцьця — у палітыцы новага кіраўніцтва, якое замест падтрымкі нацыянальных рэдакцый аддае перавагу разьвіцьцю асноўных моў этнічных меншасьцяў Швэцыі. На гэта зьвяртае ўвагу і журналіст Радыё Швэцыя, колішні спэцыяльны карэспандэнт у Расеі
Стэн Шэстрэм
:

“Натуральна, што апроч вяшчаньня на швэдзкай, застаюцца трансьляцыі і на іншых мовах. Перадусім — на мовах меншасьцяў Швэцыі, на мовах мігрантаў, якія цяпер жывуць у Швэцыі. А таксама гэта тычыцца вяшчаньня на мовах нашых краінаў-суседзяў. Дарэчы, неабходнасьці такога, як раней, масіраванага вяшчаньня на расейскай мове ўжо няма. І акцэнтаваньне на расейскай, на мой погляд, перабольшанае. Калі падарожнічаеш па былым Саюзе, то можна сустрэць чалавека ў Сярэдняй Азіі ці на Каўказе, які кажа: “О, Радыё Швэцыя?! Добра ведаем”. Але гэта тычыцца найперш былых часоў, калі людзі ў адсутнасьць альтэрнатывы слухалі Радыё Швэцыя”.

28 жніўня каля Дома радыё ў Стакгольме прайшла маніфэстацыя супраць спыненьня вяшчаньня беларускамоўнай рэдакцыі. Кіраўніцтву Міжнароднага каналу быў перададзены сьпіс з 630 подпісамі людзей, якія прасілі не спыняць беларускамоўнае вяшчаньне. Як кажа Вэроніка Менжун, той жа Інгэмар Лёфгрэн у кулюарах прызнаваўся, што не чакаў такой рэакцыі ў грамадзтве.

XS
SM
MD
LG