Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны рэйтынг – кнігі для Ноевага каўчэга


Наталка Бабіна

Наталка Бабіна

Новую праграму “Свабоды” працягвае літаратарка і журналістка, а да таго ж яшчэ і маці траіх дзяцей Наталка Бабіна. Яе прыватны рэйтынг — пяць кніг, якія варта захапіць з сабой у Ноеў каўчэг на выпадак прыродных катаклізмаў, каб будучая беларуская моладзь не засталася й пасьля патопу без айчыннага прыгожага пісьменства.



Краса і сіла: Анталёгія беларускай паэзіі ХХ ст. / Склад. М. Скобла. Мн.: Лімарыюс, 2003

Паэзія — гэта квінтэсэнцыя літаратуры, яе магічнай моцы. Вядома ж, што слова прозы — гэта адзінка інфармацыі, а слова паэтычнае — дзьве адзінкі. Таму важкі том, у якім складальніку ўдалося сабраць амаль усе шэдэўры сучаснай беларускай паэзіі, будзе ўпакаваны ў каўчэг першым. Зь яго ня можа ня вырасьці цікавасьць да беларускай літаратуры нават пасьля патопу.


Уладзімер Караткевіч. Збор твораў у васьмі тамах — Мн.: Мастацкая літаратура, 1987—1991.


Караткевіч — як сабе хочаце, наша ўсё. Што тут доўга гаварыць? Увязваем вяровачкай усе восем тамоў. Захапляльнасьць, вера ў людзей, бязьмежная любоў да Радзімы — гэта тое, што будзе прыцягваць юнацтва да кніг Караткевіча яшчэ вельмі доўга.


Аляксееў А. А., Лукашэвіч А. В. Спадчына Беларусі. Скарбы. Альбом. Мн.: Менская фабрыка каляровага друку, 2007


Гэты шыкоўны том рэдкага вялізнага фармату можна гартаць доўгімі вечарамі ля буржуйкі і — разглядаць, разглядаць, разглядаць. Беззаганны друк, выдатныя ілюстрацыі. І цьвёрдая ўпэўненасьць, якая ўзьнікае пасьля прагляду: гэтыя скарбы не загінуць. Яны захаваюцца недзе ў зямлі, у руінах нават тады, калі нічога, акрамя зямлі і руінаў, не застанецца.


Янка Купала. П’есы. Публіцыстыка. Янка Купала пра сябе. Мн.: “Кніга”, 2002


У кнізе зьмешчаныя п’есы “Паўлінка”, “Прымакі”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”, а таксама многа публіцыстычных твораў Купалы. Па-мойму, з усёй драматычнай спадчыны беларускай літаратуры гэта найцікавейшыя рэчы. Пакуль пасьля катаклізму не адновіцца дзейнасьць тэатраў, будзем ставіць іх сіламі аматараў, у хатніх умовах. Да таго ж, зьмешчаная ў кнізе публіцыстыка дае добрае ўяўленьне пра асобу і жыцьцёвыя перакананьні беларускага клясыка. На новым этапе жыцьця трэба ж будзе зь нечага будаваць новыя легенды...


Андрэй Мрый. Запіскі Антона Самасуя. Мн.: Мастацкая літаратура, 2006


Гэты невялічкі раман трэба захаваць для вечнасьці ня толькі дзеля выдатных яго літаратурных якасьцяў. Жыцьцёвы шлях аўтара, Андрэя Шашалевіча, чалавека, які хацеў і ўмеў пісаць і менавіта з-за гэтага быў рэпрэсаваны ў 1934 годзе, перажыў суды, лягер, ссылку і быў забіты рэцыдывістамі, калі вяртаўся з ссылкі дадому — такі тыповы для таго часу і страшны для сучаснага ўспрыманьня, што пра гэта абавязкова варта памятаць і пасьля патопу.

Вось такі мой выбар. Пэўна, няпоўны, пэўна, спрэчны. Але, спадзяюся, іншыя беларусы захаваюць іншыя кнігі — будзем мяняцца.
XS
SM
MD
LG