Лінкі ўнівэрсальнага доступу



Шыльда Свабоды

Менск, вуліца Захарава, 19, рэдакцыя газэты “Літаратура і мастацтва”
3 чэрвеня 1988 году ў пару галоўнага рэдактара Анатоля Вярцінскага ў газэце “Літаратура і мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці”, які запачаткаваў новую хвалю нацыянальнага Адраджэньня.

Дэпутат Вярхоўнага Савету, які абвясьціў незалежнасьць Беларусі, Сяргей Навумчык неяк напісаў, што 3 чэрвеня 1988 году Беларусь, якой яшчэ кіравала з Масквы Палітбюро ЦК КПСС і ў гарадах і вёсках якой зьнешне нічога не мянялася, прачнулася іншай. У той дзень газэта творчай інтэлігенцыі “Літаратура і мастацтва” надрукавала артыкул археолягаў Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці”. Артыкул нёс такую праўду, пасьля якой Беларусь не магла ня стаць іншай.

У артыкуле была названая і прыблізная лічба забітых у Курапатах — ня меней як 102 тысячы чалавек (у кожным пахаваньні ў сярэднім 200 нябожчыкаў). Але рэальная лічба, пісалі аўтары, — болей як 200 тысяч чалавек.

Публікатар артыкула, тагачасны галоўны рэдактар “Літаратуры і мастацтва” Анатоль Вярцінскі кажа, што асаблівага страху адносна таго, ці друкаваць артыкул, у яго не было: “Быў іншы страх — страх перад тымі фактамі, перад тым жудасным малюнкам, які адкрывалі аўтары. Гэта не магло не прывесьці ў шок. Я разумеў, што гэта абавязкова трэба друкаваць, хаця ў той час мы хадзілі пад уладай ЦК КПБ. Мы параіліся зь Зянонам Пазьняком і прыйшлі да высновы, што каб адчуваць сябе больш упэўнена, калі раптам умяшаюцца Галоўліт або хтосьці з супрацоўнікаў ЦК, трэба падстрахавацца і заручыцца падтрымкай сапраўднага аўтарытэту. Мы і папрасілі Васіля Ўладзімеравіча Быкава напісаць прадмову. Ён на той час ужо быў ляўрэатам Ленінскай прэміі і Героем сацыялістычнай працы”.

Як ні дзіўна, але ніякай рэпрэсіўнай рэакцыі не было. Была рэакцыя іншая, — узгадвае Анатоль Вярцінскі: “На трэці ці чацьверты дзень пасьля зьяўленьня артыкула “Курапаты — дарога сьмерці” мне патэлефанаваў старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Георгій Станіслававіч Таразевіч і папрасіў адзін асобнік газэты для сябе асабіста”.

А вось рэакцыя беларускага народу была вельмі вострай. Праўда пра Курапаты, больш шырока — пра злачынствы камуністычнага рэжыму, стала падставай для ўтварэньня той жа восеньню “Мартыралёгу Беларусі” і аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. Вакол БНФ у змаганьні супраць камунізму і за нацыянальнае вызваленьне аб’ядналіся тысячы беларусаў.

Тым часам журналісты “Літаратуры і мастацтва”, якая ў пару галоснасьці стала вельмі папулярным і аўтарытэтным выданьнем, працягвалі тэму Курапатаў. Быў надрукаваны яшчэ адзін артыкул Зянона Пазьняка — “Шумяць над магіламі сосны”, за які рэдакцыі ўжо давялося пазмагацца, адстойваючы рацыю аўтара. А калі мець на ўвазе іншыя публікацыі, зьвязаныя са станам беларускай мовы ці з датрыманьнем правоў чалавека, “Літаратура і мастацтва” пры канцы 1980-х — на пачатку 1990-х гадоў была самай пасьлядоўнай газэтай у адстойваньні ідэяў нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі, старт якому праўдай пра Курапаты сама ж і дала.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG