Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Дубянецкая: Вільняр беларускі


Роздум пра Сяргея Дубаўца і ягоную кнігу “Як?”

1) Як перагуквацца?


Цягам Рэнэсансу фляманцы пашырылі паліфанію – сугучча раўнапраўных свабодных галасоў – у сакральнай і сьвецкай музыцы па ўсёй Эўропе. Паліфанія ў выніку дала Баха, які ўзьвёў музыку на нябачныя датуль вышыні. Беларусы ад пракавеку сьпявалі “на вёскі” – калі некалькі галасоў вядуць той самы сьпеў, пачынаючы яго з пэўным інтэрвалам адзін пасьля другога, што стварае неймаверны гукавы аб’ём, які нібыта трансфармуе прастору, рассоўваючы яе нябачныя межы. У культуры ці навуцы суладнае перагукваньне роўнапраўных чальцоў стварае якасныя трывалыя традыцыі; паміж людзей – супольнасьці, а ўрэшце – здаровыя нацыі й дзяржавы.

Дубавец сваёй кнігай-пазыцыяй распачынае няпростую гутарку, якая, калі знойдзе дастаткова ахвотных, мае рассунуць нябачныя межы паміж разьяднанымі суайчыньнікамі ды скіраваць іх на супольнае – суладнае – стварэньне супольнае дзяржавы.

2) Як быць Канфуцыем?


Дубавец прапаноўвае тэму маральнасьці, упісаную ў беларускае тут-і-цяпер. Бадай найстарэйшая тэма нашае вокаахопнае цывілізацыі, ад эгіпецкага дзяржаўнага дзеяча Пта-Хатэпа, які стварыў свае славутыя “Максімы” ці “Настаўленьні” недзе ў 25 ст. да н.э., да маладзейшага на 2 тысячагодзьдзі вялікага кітайскага мысьляра Канфуцыя, чые прыватныя й дзяржаўныя маральныя правілы сфармавалі тып мысьленьня, жыцьцё й грамадзтва Кітая, а таксама ўсяе ўсходняе ды паўднёвае Азіі і да яшчэ на паўтысячагодзьдзя маладзейшай Ісусавай Нагорнай казані.

Канфуцый называў сябе “мэдыятарам, які нічога ня вынайшаў”. Як і Канфуцый, Дубавец нічога не вынаходзіць, а толькі фармулюе наяўнае. Ён здаўна вылучаецца ў беларускім грамадзкім ляндшафце, цэнтруючы яго сваёй непахіснай праўдаю, сваёй воляю да свабоды, сваёй культуратворчаю Беларушчынай. Па-ангельску кажучы, ён – landmark гэтага ляндшафту, пазнавальны арыенцір, які нельга прамінуць і які таму абавязкова згадваецца пры тлумачэньні дарогі.

З Канфуцыевай адвагаю Дубавец культывуе асабістую маральнасьць у амаральным (абыякавым да маралі) спажывецкім грамадзтве ды нацыятворчую маральнасьць у дэмаралізаваных суайчыньнікаў. І робіць гэта ня выплескам “праведнага гневу” да чужынцаў ды нягодных, а выплескам любові да свайго ды павагі да іншасьці. І пабуджае супольна спасьцігаць законы сьветабудовы, каб на іх падставе вызваляцца самім ды ствараць умовы для свабоды Беларусі.

Паміж першым і другім “як?” адбылася зьмена, зрух фокусу: з дынамічнага Дубаўцова-Канфуцыевага “як дзейнічаць?”, “як захоўвацца?” – да статычнага “як быць? – тым, кім ты хочаш ці мусіш быць”. Калі першае пазначае шлях, то другое – пункт прызначэньня. “Як быць?..” датычыць матывацыі паводзінаў, стварэньня ці сьцьверджаньня, кім ты ёсьць на гэтым сьвеце і кім ты насамрэч хочаш быць.

Блізка да гэтага й маё прыватнае “як?”, якое вынікнула з аднога выбрыку лёсу: мне давялося стаць хроснай Сяргея, сяброўствам зь якім я заўжды вельмі даражыла й ганарылася. Дык вось трэцяе пытаньне:

3) Як быць хроснай Дубаўца?


Казачная фэя бадай ня пройдзе, бо мой хросьнічак – ужо вялікі хлопчык. Я проста буду па-магчымасьці дапамагаць захоўваць аб’ёмнае бачаньне, і ня толькі ня траціць пэрспэктывы, але й максымальна яе пашыраць. Дзеля чаго ўсе гэтыя “як?”? Дзеля чаго намацваць аптымальныя паводзіны й ствараць маральнае грамадзтва? Як гэта адаб’ецца на сабе, на блізкіх і дальных, на нашай Зямлі ды на ўсім шырокім сьвеце?

Чалавек люструе сусьвет і грамадзкія сувязі люструюць чалавечае разуменьне законаў быцьця. Аднак і сусьвет люструе чалавека, незваротна зьмяняючыся ад кожнага чалавечага выбару, кожнага чыну, кожнага слова, кожнае думкі. Сусьвет няспынна пашыраецца з паскарэньнем з кожнага пункту ва ўсіх кірунках адначасова, несучы ў бясконцасьць прасторава-часавага кантынуўму нашыя чыны, словы й думкі – ва ўсіх кірунках адначасова. І няма ў гэтым кантынуўме аніводнае мясьцінкі, дзе няма мяне, яго й кожнага з нас. І чым большае нашае разуменьне, тым большая нашая адказнасьць.

Аднак законы маралі невядомыя сусьвету. У космасу няма “правільных” і “няправільных” учынкаў, і сонца ўстае для кепскіх і добрых, а дождж падае на справядлівых і несправядлівых, як вучыць Ісус у Мацьвеевым Эвангельлі (Мц 5:45). Найбольшы закон сусьвету – Боскі закон – гэта закон любові, якая вышэйшая за справядлівасьць. Любоў – абсалютная катэгорыя (Бог – гэта любоў). Як абсалютна і найважнейшая катэгорыя ўсяго Дубаўцовага мысьленьня – Свабода. Мы абмежаваныя толькі нашымі ўяўленьнямі пра сваю абмежаванасьць. Бог – гэта свабода. І таму Беларусь, якую мы творым у любові і дзеля свабоды якой жывем, – таксама абсалютная катэгорыя.

І вось апошняе “як?”, ізноў “як?” шляху:

4) Як зладзіць ВКЛ – Вялікае Княства Любові?


Жывучы ў сэрцы палітычна-гістарычнага ВКЛ і сьцьвярджаючы “наскасьць” Вільні, Дубавец – вільняр беларускі – працуе над стварэньнем ВКЛ мэтафізычнага, гарманізуючы маральныя імпэратывы з спасьціжэньнем імпэратыву любові й свабоды.

І ў гонар Дубаўца – сучаснага вільняра – я прыгадаю катрэн з папулярнае літоўскае песьні пачатку 90-х, дзе любоў, пранізьлівы боль і роспач за спакутваную Радзіму выплаўляюцца ў разуменьне таго, што свабода сваёй зямлі – гэта і асабістая свабода:

Tai uždaryk mane tėvyne savyje
Kaip giesmę gerklėje mirtis uždaro
Tai kaip uždaro vakarą naktis
O tu man atsakai aš tavo laisvė


Што па-беларуску прыкладна значыць:

Дык зачыні мяне, Радзіма, у сабе,
Як зачыняе сьмерць у горле песьню,
Ці так, як зачыняе вечар ноч.
А ты гаворыш: Я – твая свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG