Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

34 гады, праваслаўны. Супрацоўнік Хрысьціянскага Адукацыйнага Цэнтру ім. св. Мяфодзія і Кірыла, выпускнік Менскай Духоўнай Акадэміі.

Што для вас свабода?

Свабода вабіць! Свабода прывабная, як каханая жанчына. І як у выпадку з жанчынай, свабодай нельга авалодаць, зь ёй можна толькі РАЗАМ ЖЫЦЬ.

Звычайна свабода бывае двух тыпаў: свабода як пазбаўленасьць ад нейкай неабходнасьці, ад нейкай жорсткай лагічнасьці сувязяў кшталту “прычына – наступства”; і свабода як магчымасьць выбіраць з пэўнага шэрагу (“рабіць што хочаш” – таксама выбар з шэрагу таго, што на дадзены момант я магу/хацеў бы зрабіць). Асабіста для мяне свабода – гэта пэўны ўнутрана-псіхалагічны стан чалавека, які адрозьнівае яго ад жывёлы, стан, калі ён нават з самага куртатага шэрагу магчымасьцяў выбірае такі варыянт, які хоць у нейкай ступені пазбаўляе чалавека ад неабходнасьці, абумоўленасьці, і менавіта такім выбарам чалавек сьцьвярджае сваю годнасьць. Калі зусім коратка: свабода – гэта нічым не абумоўлены, нязмушаны выбар.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Уласная лянота альбо баязьлівасьць.

Што для вас шчасьце?

Адчуваць, што цябе нехта любіць і што ты камусьці патрэбны такі які ты ёсьць.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Разгубіцца ў складанай сітуацыі, альбо апынуцца ў такім становішчы, калі ў прынцыпе немагчыма будзе выбіраць свае крокі.

Які талент вы хацелі б мець?

Я хутчэй хацеў бы, каб стала сілаў не закопваць у зямлю тыя таленты, якія Гасподзь мне ўжо даў.

Кім з сучаснікаў вы захапляецеся?

Бадай няма такіх. Бывае, што пэўны ўчынак пэўнага чалавека выклікае захапленьне, аднак я не схільны захапляцца якой-небудзь персонай цалкам, бо ў такім захапленьні ёсьць небяспека стварыць сабе куміра і такім чынам парушыць адну з запаведзяў.

Што вы найбольш любіце рабіць?


Вандраваць.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Нічога.

У такога кшталту развагах прысутнічае па-першае недавер да Бога, а па-другое -- памылковае стаўленьне да жыцьця як да нейкага чарнавіка. Роспач, якая выклікае фантазіі на тэму “вось бы усё адматаць назад як кінастужку!..”, узьнікае ў чалавека з-за ўсьведамленьня ў першую чаргу ўласных памылак. Для веруючага чалавека гэтая праблема вырашаецца праз таямніцу споведзі, а не шляхам нейкіх летуценьняў. Калі ж тыя крокі, якія нам уяўляюцца памылковымі, нельга назваць грахом і адпаведна ў ім пакаяцца, тады трэба проста верыць, што ўсё, што адбываецца ў нашым жыцьці – ад Бога і на нашу карысьць, нават калі часова нам здаецца, што гэта не так. Канечне, мяне таксама іншым часам наведвалі такія думкі: “вось бы зьмяніць тое і тое, а вось тады трэ’ было вырашыць так, а не гэдак…” Аднак некалькі разоў было так, што крыху пазьней, пасьля шматдзённых шкадаваньняў, я даведваўся пра нейкія новыя акалічнасьці, зьвязаныя з маім “памылковым” рашэньням, і разумеў, што калі б тады зрабіў так, як мне ўяўлялася больш правільным пасьля, дык пэўна атрымалася б яшчэ горш. Жыцьцё – гэта вельмі складаная шахматная партыя, у якой мы проста ня маем моцы, каб уявіць і пралічыць усе нашыя хады і наступствы гэтых хадоў. Гасподзь “вядзе партыю” у гэтай гульні, Сваю і кожнага чалавека таксама, і робіць усё, каб нам было як мага лепш. Таму – я не жадаю “адматваць” сваё жыцьцё назад, я веру, што ўсё, што было ў маім жыцьці – самы карысны і добры варыянт менавіта для мяне, дадзены мне Госпадам.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Сябра параіў паступаць у ЕГУ.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Malo hic esse primus quam Romae secundus.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Пры канстытуцыйнай манархіі.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

У ВКЛ, але не ў мінулым. Мару пра тое, што аднойчы нашая краіна будзе называцца менавіта так – Вялікае княства Літоўскае.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Мяне задавальняе наш час, даволі файная і цікавая эпоха.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Зьмяніў бы сымболіку: герб, сьцяг, гімн, сталіцу.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Больш шчыльныя. Прынамсі такія, якія дазвалялі б простым грамадзянам езьдзіць адзін да аднаго ў госьці не маючы патрэбы ў афармленьні візаў.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседскія, узважана дзелавыя.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Натуральна, “свая дыктатура” лепшая за чужынскую. Але яшчэ лепш, калі ёсьць “свая дэмакратыя”.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Адкуль мне ведаць? Я ніколі не жадаў выступаць у ролі Настрадамуса.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі перастануць зайздросьціць і пачнуць шанаваць сваё.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

У лепшым выпадку – краіна накшталт Ірляндыі (калі мець на ўвазе дачыненьні Ірляндыя – Брытанія), у горшым выпадку – другая Калінінградзкая вобласьць.
XS
SM
MD
LG