Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня ў праектным інстытуце “Мінскграда” выстаўлены праект генпляну разьвіцьця сталіцы Беларусі да 2030 году. Архітэктары кажуць пра магчымасьць карэкціроўкі праекту паводле прапаноў жыхароў.

Грамадзкае абмеркаваньне праекту генэральнага пляну разьвіцьця Менска працягнецца да 30 верасьня. Як паведаміў “Свабодзе” архітэктар Аляксандар Акінц’еў, які кіруе майстэрняй, што рыхтавала праект генпляну, прапановы грамадзянаў і юрыдычных асобаў будуць абмеркаваныя і па магчымасьці ўлічаныя адмыслоўцамі і толькі потым праект патрапіць на зацьвярджэньне Аляксандрам Лукашэнкам:

“Па выніках гэтага абмеркаваньня будзе зьбірацца гарадзкая камісія, у якую ўваходзіць і прадстаўнік гарадзкога савету, ёсьць і адмыслоўцы, як Галіна Палянская, былы дэкан архітэктурнага факультэту. Камісія вялікая і прадстаўнічая. Яны будуць знаёміцца з усімі заўвагамі і прымаць па іх рашэньні. А потым дакумэнт будзе абмяркоўвацца на самым высокім узроўні, яшчэ да яго прыняцьця”.

Аўтары праекту запэўніваюць, што ён адпавядае ўсім сучасным патрабаваньням, улічвае сусьветны досьвед будаўніцтва вялікіх гарадоў. Вядома, што большасьць новых вуліц і мікрараёнаў, якія заплянаваныя гэтым праектам, зоймуць тэрыторыі, якія цяпер забудаваны прыватнымі дамамі. Ці будуць улічаныя інтарэсы гаспадароў гэтых пабудоў?

Аляксандар Акінц’еў адмовіўся адказваць на гэтае пытаньне, спаслаўшыся на тое, што пакуль праект не абмеркаваны, камэнтаваць яго зарана.

Дзяніс Васкабовіч -- адзін з тысяч уладальнікаў прыватных дамоў, якія заплянаваныя пад знос. Сям’і Васкабовіча прапануюць кватэру ў панэльным доме, але ён настойвае на выдзяленьні іншага ўчастка пад забудову і кампэнсацыю за будаўніцтва на ім новага дому. Гаспадар судзіцца з гарадзкімі ўладамі, спасылаючыся на закон, які гарантуе адэкватную кампэнсацыю. Паводле Дзяніса Васкабовіча, гарадзкія ўлады не ўпершыню бяруць абавязацельствы выканаць гэты закон, але потым слова не трымаюць:

“Менгарвыканкамам была прынятая такая пастанова №1622, якая прадугледжвала выдзяленьне ўчасткаў на замену тых, дзе зносяць дамы. Але калі мы пра яе даведаліся і пачалі апэляваць да гэтай пастановы ў судзе, то яе перарабілі гэтак, што фактычна яна не дзейнічае”.

Аўтары праекту генпляну Менску прапануюць дасылаць ім і пісьмовыя заўвагі ды прапановы. Азнаёміцца з матэрыяламі праекта можна ў памяшканьні распрацоўшчыка – прадпрыемства Мінскграда па вул. Камсамольскай, 8 штодня ад 9 да 17 гадзінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG