Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Я гатовы ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах

  • БелаПАН

"Я гатовы ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, калі будзе рэальнае аб'яднаньне нацыянальна-дэмакратычных сіл", — заявіў у інтэрвію БелаПАН лідэр грамадзкага аб'яднаньня "Рух "За Свабоду" Аляксандар Мілінкевіч.


Акрамя таго, адзначыў ён, "неабходныя іншыя ўмовы для выбараў, не такія, як у 2001 і 2006 гадах". "Калі выбары будуць больш свабоднымі і сумленнымі, тады можна змагацца", — падкрэсьліў палітык.

У той жа час Мілінкевіч лічыць, што рашэньне аб удзеле ў выбарах "трэба прымаць пазьней, таму што ўмовы, у якіх будуць праходзіць выбары, нам проста невядомыя". "Але аб гатоўнасьці сваёй я гавару", — заявіў ён.

Выбарчы кодэкс, які павінен быць перагледжаны, зараз разглядаецца тайком
"Безумоўна, чым раней будзе прынятае рашэньне аб удзеле ў выбарах, тым лепш, — сказаў палітык. — У нас інфармацыйныя магчымасьці не такія вялікія. Для раскруткі кандыдата, нават якога нядрэнна ведаюць, трэба шмат часу. Але сёньня сказаць ісьці на выбары ці не, вельмі складана". Паводле слоў Мілінкевіча, "трэба паглядзець, якія ўмовы іх правядзеньня сфармулюе ўлада".

"На жаль, яна з грамадзтвам не раіцца і фармулюе іх самастойна. Выбарчы кодэкс, які павінен быць перагледжаны, зараз разглядаецца тайком", — падкрэсьліў ён.

Палітык таксама заявіў, што "калі выбары будуць свабоднымі, калі сумленна падлічаць галасы, калі загадзя да выбараў будзе свабодны доступ да СМІ, то шанцы ў апазыцыі ёсьць". "Ці будзе так? Я ўсё больш сумняваюся", — сказаў Мілінкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG