Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкі блог. "Раварызацыя" грамадзтва


Ігар Карней на ровары.

Ігар Карней на ровары.

Трапляючы ў Швэцыю, ці не адразу кідаецца ў вочы татальная раварызацыя грамадзтва. Першае ўражаньне, што ровараў тут ніяк ня меней за 9 мільёнаў 300 тысяч — менавіта столькі зараз насельнікаў у гэтай скандынаўскай краіне.


Двухколавыя ездакі — гэткая ж звыклая зьява, як узыход сонца. Ровараў паўсюль вялікае мноства, амаль як у Паўднева-ўсходняй Азіі. Імі перасоўваюцца і дзеці, і старыя, і глямурныя кабеты. Зрэшты, гэтаму спрыяе інфраструктура: веладарожкі існуюць як у аўтаномным рэжыме, так і абапал трасаў. На подступе практычна да любога будынку — велізарныя велапаркоўкі. Уласна велавытворчасьць стала адной з прыбытковых сфэраў. Такое адчуваньне, што аўтамабілі тут служаць перадусім для перасоўваньня на далёкія адлегласьці.

Чым ёсьць велік для звычайнага швэда? Адзін зь мясцовых жыхароў апавядае, што бальшыня круціць пэдалі з раньняга дзяцінства. А ў такім невялікім горадзе як Кальмар ровар неабходны як паветра. Шлях на машыне і ровары па вузкіх вуліцах займае практычна аднолькавы час.
Машыну трэба запраўляць, штомесяц плаціць за яе немалую страхоўку, што і робіць выбар на карысьць ровара бясспрэчным.
Але машыну трэба запраўляць, штомесяц плаціць за яе немалую страхоўку, што і робіць выбар на карысьць ровара бясспрэчным. Зь іншага боку, калі шлях пешшу на працу ці ў школу займае 45 хвілін, то роварам куды заўгодна можна даляцець ўтрая хутчэй.

Такі спосаб перасоўваньня выбіраюць і школьнікі, і студэнты, і папулярныя ў горадзе людзі. Акторка кальмарскага тэатру “Байтэатар” Сара прызнаецца, што кожны дзень езьдзіць на працу на ровары. Па-першае, па дарозе можна падумаць аб працы ці настроіцца на ролю. Па-другое, кажа Сара, такім чынам кожны можа паўдзельнічаць у справе захаваньня экалёгіі, пра што ў Швэцыі на розных узроўнях кажуць пастаянна. Па-трэцяе, паездкі на сьвежым паветры карысныя для здароўя. Нарэшце, для многіх гэта стала ўжо ідэйным пытаньнем — людзям проста падабаецца рухацца.


Ровары на швэдзкіх вуліцах стаяць тысячамі — ад вельмі старых да супэрмадэрновых. Падаецца, што нікому нават у галаву не прыходзіць скрасьці ці разукамплектаваць тэхніку. Але журналісцкая група з Беларусі ў літаральным сэнсе на сабе зьведала, што здараюцца і выключэньні. Усе нямала зьдзівіліся, калі знайшлі, што пасьля наведваньня бібліятэкі ў чатырох роварах былі спушчаныя колы. Праўда, досыць гуманна: хтосьці проста акуратна адкруціў ніпэль. Каму і за што адпомсьцілі — так і засталося загадкай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG