Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскай калёніі ня лічацца зь язвай Арцёма Дубскага


Арцём Дубскі

Арцём Дубскі

Маладафронтавец Арцём Дубскі даслаў ліст з карантыну калёніі. Чаму не даходзяць лісты ад Мікалая Аўтуховіча ягоным сябрам-аўганцам?

Маці Арцёма Дубскага атрымала ад сына адразу два лісты з калёніі. Трывожнай навіной для Алены Дубскай сталі зьвесткі пра тое, што адміністрацыя магілёўскай калёніі, дзе трымаюць яе сына, ніяк не адрэагавала на тое, што ў яго хворы страўнік. Хлопцу маглі прызначыць дыетычнае харчаваньне, але пакінулі на агульным.

“Не зрабілі яму дыетычнае харчаваньне, пакінулі агульнае. Хаця ў яго ў выпісцы было пазначана, што хворы на язву страўніка. Вось ён і піша, што ніякай палёгкі яму не зрабілі. Ён пакуль застаецца ў карантыне”.

Тамара Сідарэнка
Адвакат Дубскага Тамара Сідарэнка паведаміла, што 21 верасьня падасьць скаргу на рашэньне Магілёўскага абласнога суду, які пагадзіўся з пакараньнем актывісту ў выглядзе аднаго году пазбаўленьня волі. “Скарга ужо падрыхтавана. Калі яе не задаволяць, будзем скардзіцца далей. Хутка будзе палова тэрміну, таму можна разьлічваць і на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне”, — сказала “Свабодзе” Тамара Сідарэнка.

Нагадаю, праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Арцёма Дубскага вязьнем сумленьня па гэтак званай “справе 14”. Менавіта за парушэньні ў адбыцьці пакараньня паводле гэтай справы актывіста асудзілі на год зьняволеньня.

Мікалай Аўтуховіч
Ужо болей за 7 месяцаў жыхары Ваўкавыску, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка знаходзяцца за кратамі ў менскім сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта. Паводле МУС, Мікалай Аўтуховіч таксама падазраецца ў падрыхтоўцы тэракту. Вядома, што сваёй віны Аўтуховіч і Асіпенка не прызнаюць. Мікалай Аўтуховіч на знак пратэсту цягам 90 дзён трымаў галадоўку, у выніку якой страціў болей 30 кіляграмаў вагі. Ужо мінуў месяц як Аўтуховіч спыніў галадоўку, але, паводле адваката, “не аднавіў вагу і выглядае вельмі стомленым і схуднелым”.

Сяброў Мікалая Аўтуховіча вельмі непакоіць тое, што яны не атрымліваюць ад яго лістоў. Праваабаронца Алег Воўчак, таксама вэтэран Аўганістану, кажа.

Алег Воўчак
“Адвакат мне распавядаў, што ў Мікалая нейкія праблемы з вонкавай сувязьзю. Яму не даходзяць шмат якія лісты, і тое, што ён адпраўляе, таксама не даходзіць. Мне, казаў, некалькі лістоў дасылаў, але я нічога не атрымаў. Што да ягонай справы, наколькі ведаю, яму нічога не зьмянілі”.

Шмат хто ў Беларусі і сьвеце мяркуе, што Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенку перасьледуюць як актыўных змагароў з карумпаванасьцю мясцовай ўлады ў Ваўкавыску.
XS
SM
MD
LG