Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня, 19 верасьня, спаўняецца 18 гадоў як Вярхоўны Савет Беларусі надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу “Пагоня” статус дзяржаўных сымбаляў.

Юрыдычнаму зацьвярджэньню бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня” ў Вярхоўным савеце папярэднічалі гады працы ў справе інфармаваньня беларускага грамадзтва пра гісторыю нацыянальных сымбаляў. Адным зь першых напрыканцы 80-х гэта рабіў навуковец, тагачасны сябра моладзевага руху “Талака” Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
“Упершыню лекцыю пра бел-чырвона-белы сьцяг я прачытаў на паседжаньні клюбу „Талака“, за што атрымаў пасквільныя публікацыі ў гарадзкіх газэтах. Я быў аўтарам артыкулу пра бел-чырвона-белы сьцяг, які Дубавец надрукаваў у „Нёмане“. І гэты ж артыкул быў разьмешчаны на выставе, якая мелася інфармацыйна і псыхалягічна падтрымаць дэпутатаў. Яе падрыхтавалі дэпутаты-фронтаўцы ў Вярхоўным савеце. Роля гістарычных нацыянальных сымбаляў велізарная. Я лічу гэты дзень, безумоўна, адным з найвялікшых у кароткай гісторыі аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці пачатку 90-х гадоў, якая была так гвалтоўна перапыненая ў 1994 годзе”.

Адным з распрацоўшчыкаў эскізу бел-чырвона-белага сьцягу, які стаў дзяржаўным сымбалем, быў мастак Мікола Купава:

Мікола Купава
“Гэта была эпахальная падзея, бо яе вынікі мы яшчэ будзем адчуваць і спажываць. Мне, да прыкладу, вядома, што ў некаторых краінах і па сёньня на спартовых спаборніцтвах уздымаюць бел-чырвона-белы сьцяг, калі гаворка ідзе пра Беларусь. Ён быў і ён ёсьць. І дзяржава менавіта на гэтых пастановах будзе уваскрасаць і адраджацца”.

Амаль адначасна са зьяўленьнем новага дзяржаўнага сьцяга над будынкам парлямэнту, бел-чырвона-белае палотнішча залунала і над Менгарвыканкамам. Непасрэдны ўдзел у гэтай падзі меў тагачасны сябра Гарадзкога савету і сябра літаратурнага згуртаваньня “Тутэйшыя” Алесь Бяляцкі:

Алесь Бяляцкі
“Мой асабісты сьцяг я прынёс у гарсавет, калі адчуваў, што па ім можа быць прынятае рашэньне. І калі гарсавет абвесьціў такое рашэньне, то праз тры хвіліны я ўнёс яго ў залю. І ўпершыню афіцыйна бел-чырвога-белы сьцяг над Беларусьсю залунаў над будынкам Менскага гарадзкога савету. І вельмі прыемна было, калі насупраць гарсавету залунаў бел-чырвона-белы сьцяг над парлямэнтам. Гэта гістарычная падзея, нягледзячы на тое, што прабыў ён афіцыйна досыць мала, але пры зьмене палітычнай сытуацыі бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“ абавязкова мусяць вярнуцца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG