Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў на «Дажынкі» з хаты не выпускаюць


Міліцыянты правяраюць торбы ў сталых жанчын.

Міліцыянты правяраюць торбы ў сталых жанчын.

Сёньня ў Кобрыне, што на Берасьцейшчыне, другі дзень фэстывалю працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2009”. Да прыезду Аляксандра Лукашэнкі горад зачысьцілі ад актывістаў апазыцыі.

Старшыня незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі “Берасьцейская вясна” Уладзімер Вялічкін паведаміў “Свабодзе” як затрымлівалі рэгіянальнага каардынатара Партыі БНФ Аляксандра Меха.

“Сёньня раніцай Алесь Мех разам з сынам Антонам пайшлі ў гарадзкі парк Кобрына. Там да іх прычапіўся невядомы ў цывільным і параіў сыну ісьці дахаты. А Алесь, як мы высьветлілі агульнымі намаганьнямі, быў дастаўлены ў Кобрынскі РАУС у аддзел па барацьбе з наркотыкамі”.

Зь Берасьця ў Кобрын тэрмінова выехаў праваабаронца Юры Жадобін. Ён паведамляе:

“Зараз у Кобрыне ніводная кантора не працуе. Мы спрабавалі да высьвятленьня прычынаў затрыманьня Аляксандра Меха далучыць адваката, усьведамляючы, што тут могуць і наркотыкі падкінуць. Наркакантроль — гэта небясьпечна. Ім жа пазьней трэба будзе рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, то бок сябе абяліць. Таму магчымыя дрэнныя наступствы. Вось чаму мы імкнёмся далучыць да гэтай справы адваката”.

А вось што паведаміў нашаму радыё сябра Руху “За Свабоду” Станіслаў Чарніцкі:

Я сёньня пад хатнім арыштам. У кватэры — супрацоўнік кобрынскай міліцыі. Глядзім па БТ трансьляцыю…
“Я сёньня пад хатнім арыштам. Таму нічога ня бачу і нічога ня ведаю. У мяне нават у кватэры супрацоўнік нашай міліцыі сядзіць. Праўда, апрануты ў цывільнае адзеньне. Апраўдваецца, маўляў, нічога ня зробіш — такая праца. Глядзім зараз па БТ прамую трансьляцыю таго, што адбываецца за 30 мэтраў ад майго дома”.

Паводле праграмы фэсту, гасьцей і жыхароў сёньня забаўляюць ад раніцы. На вуліцах Суворава, Дзяржынскага і Пушкіна разгорнуты гандаль таварамі беларускай вытворчасьці.

Чэргі да прывазных тавараў.

Удзельнікі нават таннага распродажу скардзяцца на нізкую актыўнасьць пакупнікоў. Да прыкладу, Аршанскі льнокамбінат накіраваў у Кобрын прадукцыі на некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў. А які вынік? Тлумачыць адказная за выязны гандаль Ніна Турунюк:

Раніца другога дня «Дажынак».

“Нагандлявалі на 8 мільёнаў. Падыходзілі да нас прадстаўнікі канцэрна „Беллегпрам“, казалі, што мы найлепш папрацавалі, чым хтосьці ў гэтых гандлёвых радах” (сьмяецца).

Дэгустацыя прадукцыі беларускіх вытворцаў.

На вулічных падмостках — танцы й сьпевы. Але, як пераконвае жыхарка Кобрына Галіна Чарняк, нават самадзейныя артысты выкарыстоўваюць так званую “фанэру” — магнітафонныя запісы:

“Паказуха — паўсюдна. На сцэне ўсё адбываецца пад фанаграму. Толькі была тут цётка, якая зьбірала ахвяраваньні. Грала на скрыпачцы. Гэта тут быў адзіны жывы гук”.

У Кобрыне на сёньня больш як дзьве тысячы супрацоўнікаў міліцыі і спэцслужбаў. Пра свае ўражаньні ад дзейнасьці сілавых структураў гаворыць Браніслаў Аўдзей:

“Пяць саставаў стаіць на чыгунцы. У вагонах жывуць міліцыянты, даішнікі, супрацоўнікі КДБ. Мужчыны й жанчыны. Увесь горад імі кішыць. Вось гэта я расцэньваю як самую вялікую паказуху. Гэта паказуха магутнасьці ўлады. Дэманструюць людзям, што “ўсё ў нас пад кантролем і мы тут самыя моцныя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG