Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкі блог. Рознае вырашэньне плястыкавай залежнасьці


Ігар Карней

Ігар Карней

Паводле назіраньняў эколягаў, у структуры засьмечанасьці тэрыторыяў амаль 60% складаюць плястыкавыя бутэлькі і алюмініевыя бляшанкі. Некалькі гадоў таму ў Беларусі стартаваў экспэрымэнт, паводле якога народу было прапанавана адсартаваць плястык ад іншага сьмецьця, складуючы яго ў асобных кантэйнэрах. Але ўлічваючы, што наватарствам аказалася ахоплена нязначная частка краіны, а запоўненыя скрыні месяцамі не вывозяцца, з упэўненасьцю можна заявіць: экспэрымэнт праваліўся.

А вось швэды знайшлі куды лепшае за беларусаў выйсьце, як вырашыць праблему плястыкавай залежнасьці. Людзей зацікавілі рублём, дакладней — кронай. У любым швэдзкім горадзе можна здаць розную тару, уключна зь піўнымі бляшанкамі і бутэлькамі з-пад мінэралкі, колы, напояў. Інфармацыя пра тое, што “гэтую бутэльку можна здаць”, пазначаная на этыкетцы разам з коштам у знаку “абаротная бутэлька”. Адмысловымі пунктамі прыёму плястыкавых бутэлек абсталяваныя практычна ўсе гіпэрмаркеты і вялікія прадуктовыя крамы. Сваім выглядам яны нават аддалена не нагадваюць напаўбамжацкага выгляду каморкі на задворках беларускіх крамаў. Працэс аўтаматызаваны, ніякіх чэргаў і боек за пустыя скрыні няма.

За вернутую плястыкавую паўлітровую бутэльку плаціцца 1 крона, у пераводзе на беларускія рублі — амаль 500 рублёў. Стандартная літровая ці паўтаралітровая бутэлька “важыць” удвая больш — 2 кроны. Піўная бляшанка самая танная — 50 орэ. Ня грошы нават па беларускіх мерках, але, як у анэкдоце пра Раскольнікава, які забіў бабульку за рубель, дзьве бабкі — ужо нешта. Цяпер у пэўнай ступені можна зразумець, што меў на ўвазе Славамір Адамовіч, калі казаў, што зарабляў у іншай скандынаўскай краіне — Нарвэгіі — тым, што зьбіраў і здаваў бутэлькі. Праўда, у Швэцыі ў бальшыні выпадкаў грошы на рукі не выдаюць, а замяняюць іх талёнамі, на якія можна атаварыцца ў гэтай жа краме.


Цікава, што шкляныя бутэлькі з паўторнага абароту выведзеныя некалькі гадоў таму, і здаць іх у пунктах прыёму немагчыма. Дысцыплінаваныя швэды складуюць шкло ў адмысловых кантэйнэрах, адкуль посуд перакачоўвае на станцыі ўтылізацыі.

Не сакрэт, што дабрабыт пэўнай часткі беларусаў наўпрост будуецца на піўной ці гарэлачнай залежнасьці іншых — чым больш посуду пакінуць пасьля сябе адны, тым больш заробяць самазваныя “санітары”. Ці існуе такая катэгорыя “чышчэньнікаў” у Швэцыі? Колькі ні захапляйся мясцовым фарматам сацыялізму, а пэўныя грымасы характэрныя і для гэтай часткі Эўропы. Мясцовыя кажуць, што некаторыя сталыя швэды, найперш адзінокія, у пошуку лішняй кроны не прамінаюць і сьметніцы. Хоць асабіста пабачыць пабітага выгляду элемэнта з торбай наперавес не ўдалося, але швэды сьцьвярджаюць: зьбіральнікаў шмат перадусім у Стакгольме, іх можна пазнаць па адмысловым кіёчку, з дапамогай якога бутэлька выцягваецца са сьметніцы.

Аднак наўрад ці бутэлькавы бізнэс аб’ектыўна можа набыць у Швэцыі шырокія маштабы, нават калі ўлады раптам пачнуць заахвочваць здатчыкаў шкла. Гарэлка тут адна з самых дарагіх у Эўропе — цэны на мясцовы “Абсалют” у адзінай на ўвесь Кальмар алькагольнай краме стартуюць ад 40 даляраў, што не дае падставаў да частых пасядзелак. Зь півам — падобная гісторыя: гуртовы пакунак з шасьці бляшанак цягне на 10 даляраў. Засяроджвацца на плястыку няма асаблівага сэнсу, паколькі прыбыткі па мясцовых мерках вельмі ўмоўныя. Аднак для швэдаў важна іншае — каб іх зямля ніколі не ператварылася ў сьметнік. А парадак, упэўнены, яны захаваюць і без грашовага заахвочваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG