Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапамог “вызвольны паход Чырвонай Арміі” умацаваньню бясьпекі дзяржавы?


Марка СССР з сэрыі «Узьяднаньне Заходняй Украіны з УССР і Заходняй Беларусі з БССР»
Марка СССР з сэрыі «Узьяднаньне Заходняй Украіны з УССР і Заходняй Беларусі з БССР»
У гэтыя верасьнёўскія дні гісторыкі, грамадзкасьць узгадваюць падзеі 1939 году і спрабуюць нанова асэнсаваць, што ўсё ж такі адбылося, чаго было больш у далучэньні заходніх абласьцей да СССР: пазытыву альбо нэгатыву, ці зьявілася тое сапраўдным яднаньнем нацыі…

Грамадзкі рэдактар тыдня — сьведка далёкіх падзеяў Іван Данілаў замовіў тэму досьледу: ці дапамог паход Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 года ўмацаваньню абароназдольнасьці, бясьпекі краіны?

Больш за паўстагодзьдзя падзеі жніўня-верасьня 1939 ва ўсіх савецкіх падручніках гісторыі ацэньваліся адназначна станоўча. А паход Чырвонай Арміі называлі выключна “вызвольным”. Потым пачалося пераасэнсаваньне. Дасьледчык гісторыі Беларусі 20-га стагодзьдзя Тацяна Процька на пытаньне, чаго было больш, пазытыву альбо нэгатыву, адказвае так:

Тацяна Процька
“Палову на палову — чорнай фарбы і белай фарбы. Гледзячы якую выбраць сыстэму каштоўнасьцяў. Калі сыстэма каштоўнасьцяў — дзяржава, канечне, гэта пазытыўная падзея. Калі сыстэма каштоўнасьцяў — чалавек, гэта нэгатыўная падзея”.

З аднаго боку, тэрыторыя Беларусі ў складзе СССР павялічылася, межы яе адсунуліся на захад. Але ці стала дзяржава больш моцнай? Гісторык Алег Гардзіенка выказаў такое меркаваньне:

Алег Гардзіенка
“Не. Таму што тая ж самая славутая Лінія Сталіна, гэтыя ўмацаваньні ў 30 кілямэтрах ад Менску, мяжа заходняй Беларусі, усход Польскай дзяржавы і Савецкі Саюз — яна ж была ўся расфарміраваная, раскапаная. Пачалося будаўніцтва лініі Молатава — ужо новых, сёньняшніх межаў, якое таксама не пасьпелі завершыць. З аднаго боку, тут усё расфарміравалі, немцы, як нож у масла, прайшлі на Ўсход. А зь іншага боку, шырокага супраціву на Ўсходніх межах (акрамя лякальнай абароны Брэсцкай крэпасьці) не было. І магутнае прасоўваньне немцаў за некалькі тыдняў паставіла пад сумнеў, што было ўмацаваньне бясьпекі Беларусі. Можа быць, Пакт Молатава — Рыбэнтропа скіраваў Гітлера спачатку на Захад, а потым ён свой погляд на Ўсход прасьцёр. Але за гэтыя 1 год і 10 месяцаў умацаваньня не адбылося”.

Гісторык Ігар Кузьняцоў кажа, што з ваеннага пункту гледжаньня Польшча адыгрывала ролю буфэрнай дзяржавы паміж СССР і Нямеччынай да падпісаньня Пакту аб ненападзе. То бок непасрэдна часьці Чырвонай Арміі ад часьцей Вэрмахту аддзяляла тэрыторыя ў 500 кілямэтраў:

Ігар Кузьняцоў
“Пасьля падпісаньня Пакту аб ненападзе, пасьля пачатку Другой усясьветнай вайны, калі 17 верасьня пачаўся так званы „вызваленчы паход“, і лінія падзелу стала ўжо праходзіць па лініі Горадні — Берасьця, лінія дакрананьня войскаў Чырвонай Арміі і Вэрмахту ўжо не падзялялі 500 кілямэтраў, падзяляла толькі мяжа. Таму з пункту гледжаньня бясьпекі стала горш, бясьпека паменшылася. І гэта ніхто ня можа аспрэчваць, таму што гэта вайсковае меркаваньне, без усялякай палітычнай афарбоўкі”.

Гісторык Тацяна Процька прыводзіць аналягічныя аргумэнты:

“Па-першае, яны ж не пасьпелі мяжу ўмацаваць. Доты, дзоты, якія рабілі яшчэ да гэтага паходу, апынуліся далёка ад мяжы і ня дзейнічалі. А новую мяжу ніхто не пасьпеў умацаваць. І не зусім адназначна можна сказаць, што абароназдольнасьць СССР узмацнілася ад таго, што межы былі перакінутыя больш далёка. Менск узялі на шосты дзень вайны, а так бы ўзялі на чацьвёрты ці на трэці…”

Гісторык Анатоль Сідарэвіч узгадаў такія цікавыя акалічнасьці:

Анатоль Сідарэвіч
“Лінія Сталіна была раззброеная, а лінія Молатава па новай мяжы не была ўмацавана, узброена. Мала таго, на выпадак вайны з Польшчай і для вядзеньня партызанскай вайны ў Беларусі былі створаны так званыя схоўкі зброі, дынаміку. А пасьля 1939 году гэтыя схоўкі былі ліквідаваныя. І калі пачалася вайна з немцамі, збройнай базы для партызанскага змаганьня не было”.

Дый быццам бы аб’яднаны ў верасьні 1939-га народ насамрэч яшчэ не пасьпеў асэнсаваць сваё адзінства. Пачалася дэпартацыя, рэпрэсіі. Нават уваход на далучаныя тэрыторыі быў тады па спэцпрапусках, узгадвае дасьледчыца Тацяна Процька. Але, на яе думку…

“Для беларускага народа тут ёсьць элемэнт яднаньня. Яднаньня нацыі, якая была разьбіта на дзьве дзяржавы. Але ў беларусаў ні тады не было, ні зараз няма амбітнасьці мець сваю дзяржаву. На жаль”.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч кажа, што і сама Чырвоная Армія ў параўнаньні зь нямецкай выглядала значна горш і зьнешне, і па духу:

“Чырвоная Армія хадзіла ў абмотках, нейкі дзіўны абутак быў, баваўнянае абмундзіраваньне, будзёнаўкі. А нямецкі салдат выглядаў падцягнутым, добра апранутым, сытым. І дух арміі пасьля рэпрэсій 1937 — 38 году быў не на ўздыме. А дух нямецкай арміі якраз быў на ўздыме. Яны далучылі Аўстрыю, далучылі Чэхію і Славакію, яны цяпер перамаглі Польшчу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG