Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель займеў гарадзкое тэлебачаньне


Тэлевізійная вежа ў Гомелі

Тэлевізійная вежа ў Гомелі

У Гомелі адбылася пробная перадача Першага гарадзкога тэлеканалу. Доўжылася тэлеперадача 60 хвілінаў і цалкам была прысьвечаная нядаўняму сьвяту гораду. Падрыхтавалі яе на расейскай мове супрацоўнікі гарадзкога радыё. Заснавальнікам тэлеканалу, як і радыё, стаўся мясцовы гарвыканкам.

Гомель не багаты на СМІ. Апошняя незалежная газэта закрылася ў рэгіёне ў 2005 годзе. Абвестка пра новы тэлеканал і ягоная першая перадача выклікалі пэўны розгалас.

"Гарадзкія праблемы будуць у навінах"

Намесьнік галоўнага рэдактара гарадзкога радыё Віктар Кізянкоў апавёў пра найбліжэйшыя пляны новага тэлеканалу:

“Гарадзкія праблемы будуць у навінах. Зь цягам часу ўсё будзе, як і належыць на тэлебачаньні. Пакуль яшчэ ня ўсё “ўстаканена”. Мы яшчэ ў стадыі вырашэньня і думаем толькі пра навіны”.

"Улада павінна зрабіць грамадзкую раду на тэлебачаньні"

Гомельская актывістка Марыя Багдановіч лічыць, што новае тэлебачаньне, калі яно фінансуецца з гарадзкога бюджэту, павінна рэальна адлюстроўваць гарадзкія праблемы і мець дзейсную раду:

“Мяне цікавіць перш за ўсё тое, што ў родным Гомелі адбываецца. Хацелася б, каб новае тэлебачаньне было аб’ектыўнае, каб усе думкі, усе плыні грамадзкія былі прадстаўленыя. Улада павінна зрабіць грамадзкую раду на тэлебачаньні, каб там былі людзі з рознымі поглядамі і каб яны ўсе мелі права голасу”.

Грамадзкай рады на новым тэлеканале няма. Як і на абласным канале. Рабочы аб’яднаньня “Ратон” кажа, што цяперашняга абласнога тэлебачаньня ён наагул не глядзіць:

“Нашых праблемаў там не паказваюць. У нас на заводзе няма працы, нас дастаў эканамічны крызіс, працуем на чатырохдзёнцы. Не паказваюць гэтага й блізка”.

"Гэта будзе чарговы трансьлятар ідэалёгіі мясцовых уладаў"

Сябра БАЖ Зьміцер Кармазін ня мае асаблівых ілюзіяў што да аб’ектыўнасьці і інфармацыйнай насычанасьці новага каналу:

“Гэта будзе чарговы трансьлятар ідэалёгіі мясцовых уладаў. Калі параўноўваць з заходнімі СМІ, дык там існуе такі інстытут, як грамадзкія рады, якія рэальна ўплываюць на мэдыі. Такія СМІ кантралююцца ня ўладамі, а грамадзтвам, адлюстроўваюць інтарэсы ўсяго грамадзтва. Мне падаецца, што ў сучасных рэаліях Беларусі СМІ так у прынцыпе разьвівацца ня могуць”.
XS
SM
MD
LG