Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар НАТО прапанаваў Маскве супрацу


Андэрс Фог Расмусэн на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі

Андэрс Фог Расмусэн на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн у часе свайго сёньняшняга выступу ў Брусэлі выказаўся за паляпшэньне адносінаў Паўночнаатлянтычнага альянсу з Расеяй. Гэтая заява была зробленая на наступны дзень пасьля рашэньня Вашынгтону адмовіцца ад ранейшага пляну супрацьракетнай абароны.

Генэральны сакратар НАТО Расмусэн прапанаваў Маскве далучыцца да альянсу ў змаганьні з галоўнымі выклікамі XXI стагодзьдзя. Ён сказаў, што Паўночнаатлянтычны альянс гатовы да практычнага супрацоўніцтва з Расеяй па шэрагу глябальных пытаньняў абароны:

“Я хацеў бы, каб Расея і НАТО супольна ацанілі праблемы бясьпекі у XXI стагодзьдзі, у мэтах моцнага падмурку для нашага будучага супрацоўніцтва”.

На думку аглядальнікаў, Вашынгтон зрабіў крок наперад у справе такога супрацоўніцтва, калі ўчора заявіў пра перагляд ранейшай канцэпцыі супрацьракетнай абароны і адмовіўся ад разьмяшчэньня элемэнтаў сыстэмы ў Польшчы і Чэхіі, як таго патрабавала Масква. Нягледзячы на тое, што прэзыдэнт Барак Абама і міністар абароны Робэрт Гейтс учора вылучылі альтэрнатыўную прапанову ў мэтах абароны ЗША і іх саюзьнікаў ад пагрозы ракетных удараў Ірану, расейскі прэм’ер Уладзімір Пуцін назваў рашэньне амэрыканскага прэзыдэнта “правільным”.

Тым часам генэральны сакратар НАТО Расмусэн зазначыў, што асноўныя разыходжаньні паміж альянсам і Масквой вынікаюць з намераў Ўкраіны і Грузіі далучыцца да НАТО. Расмусэн пры гэтым сказаў, што бакі маглі б знайсьці паразуменьне ў выпрацоўцы новай стратэгіі эўрапейскай бясьпекі. Генэральны сакратар НАТО заклікаў Маскву падтрымаць ЗША і іншыя краіны Захаду і пераканаць Іран адмовіцца ад рэалізацыі ядзернай праграмы.

Прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі ў НАТО Дзьмітрый Рагозін вітаў выступ Расмусэна як “вельмі пазытыўны і вельмі канструктыўны”.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG