Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы згадваюць, чым абярнулася для насельніцтва Заходняй Беларусі яе далучэньне да БССР, адгукаюцца на візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вільню і заяву Барака Абамы аб карэктаваньні пляну разьмяшчэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе, крытыкуюць і віншуюць журналістаў, аўтараў “Свабоды”.

17 верасьня, мяркуе наш слухач, можна лічыць днём жалобы.

Спадар: “Лёсы канкрэтных людзей, асабліва тых, хто апынуўся за Ўралам пасьля 17 верасьня 1939 году, на “Свабодзе” павінны быць агучаныя. Беларускія Курапаты ёсьць і за Ўралам. Трэба ўспомніць гэтых людзей хаця б сёньня, сказаць ім, што Беларусь яшчэ будзе ў Эўропе”.

Наступнае тэлефанаваньне канкрэтызуе на прыкладзе асобнага лёсу, што менавіта стаяла за сталінскімі рэпрэсіямі ў Заходняй Беларусі.

Спадар: “Укралі ў нашага дзядулі Браніслава ў савецкі калгас 30 гектараў зямлі зь лесам, 6 кароў, двух коней, лепшае гумно з кармамі, 30 сьвіней, усе прылады працы”.

А цяпер размаўляем з грамадзкім рэдактарам тыдня — сьведкам падзеяў 1939 году Іванам Данілавым.

— Ці вядомыя вам нейкія выпадкі рабаўніцтва падчас прыходу чырвоных?

— У каго было два кані — аднаго забіралі. А далей пачалося ўжо і раскулачваньне.

— Забіралі — гэта экспрапрыявалі?

— Дакладная формула. І вельмі яшчэ прыціскалі польскіх асаднікаў. Нават калі яны былі бедныя — траплялі пад раздачу.

— А народ як да таго ставіўся? Маўляў, цяпер на нашай вуліцы сьвята? Або спачувалі?

— У нашых мясьцінах наагул някепска ставіліся да асаднікаў. І раптам — зь іх пачалі чыніць зьдзек: мужчынаў адразу арыштавалі, улучна з 15-гадовымі.

— І куды іх?

— Ня ведаю. Лічу, папросту пазабівалі ўсіх. У Курапатах ды іншых такіх мясьцінах…

— Ну, а як у вас прайшла калектывізацыя?

— Хуценька арганізавалі калгас у суседняй вёсцы, Язьвінах, бо там была моцная парт’ячэйка. Аднак да вясны 41-га ўсе адчулі, што ўяўляе сабой гэтая сыстэма. І ў нас ужо ніхто ў калектывісты ня рваўся…

— А сілай?

— Рыхтаваліся прымяніць яе, ды не пасьпелі — 22 чэрвеня набегла…

— Як сустрэлі вайну?

— З надзеяй, што ня будзе вялізных падаткаў, прымусовай працы… А шмат народу бралі на будаўніцтва аэрадромаў — тры ці чатыры ад Пінску да Берасьця.

— Рыхтаваліся?

— Так, так. Прычым да нападу. Толькі не пасьпелі…”

Мы працягваем атрымліваць водгукі на візыт беларускага кіраўніка ў Літоўскую Рэспубліку.

Спадар: “Дачакаліся. Жамойты падзякавалі прэзыдэнту за захаваньне літоўскай спадчыны. Сорам! Хто мы?”

Яшчэ адзін званок — на тэму міжнароднай палітыкі.

Спадар: “Зь вялікім задавальненьнем вітаю цудоўны крок Абамы, прэзыдэнта ЗША, што яны ня будуць разьмяшчаць ПРА ў Польшчы і Чэхіі. Ваша радыё правяло сёньня апытаньне: як вы падзяляеце заходніх беларусаў і ўсходніх беларусаў? Ды беларусу сапраўднаму ў галаву ня прыйдзе ўвогуле думаць такое. Пра гэта нават казаць непрыстойна!”

А зараз — водгук на юбілей сталага аўтара “Свабоды” Сяргея Дубаўца.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Паважаны Сяргей Іванавіч! Віншую вас з 50-годзьдзем і з выхадам у сьвет новай кнігі “Як?” Творчага вам натхненьня, здароўя і дабра”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG