Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Скрабец: мой прызыў у войска палітычны


Яўген Скрабец у часе сёлетняй галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам.

Яўген Скрабец у часе сёлетняй галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам.

Актывіста “Маладога фронту” зь Берасьця Яўгена Скрабца накіравалі ў вайсковую частку пад Магілёвам. Яўген спрабуе абскардзіць дзеяньні прызыўной і мэдычных камісіяў.

Учора Яўгену ўручылі позву, каб ён 21 верасьня а 9-й гадзіне зьявіўся на прызыўны пункт для адпраўкі ў войска. Сёньня ён падпісаў неабходныя дакумэнты, якія па ягоным патрабаваньні былі перакладзены на беларускую мову. На апошнім мэдаглядзе хлопца прызналі прыдатным з абмежаваньнямі і потым накіравалі ў чыгуначныя войскі. Яўген кажа, што пра ягоны вайсковы абавязак узгадалі пасьля вяртаньня з галадоўкі салідарнасьці з Аўтуховічам, якая адбывалася ў Менску. Маладафронтаўца 4 чэрвеня схапілі невядомыя ў цывільным каля дома ў Берасьці і прымусова адвезьлі ў шпіталь, дзе цягам двух дзён правялі мэдагляд, а потым завезьлі ў вайсковы камісарыят.

“Гэтаму было шмат сьведак: праваабаронцы, бацькі. Мяне туды даставілі, але абмяжоўвалі кантакты з паплечнікамі і праваабаронцам Раманам Кісьляком. Мы падавалі скаргу ў пракуратуру. Але пракуратура да гэтага часу не знайшла гэтых людзей і зацягвае гэтую справу. Учора я атрымаў ліст з пракуратуры, каб для тлумачэньняў па той справе з выкраданьнем і ўтрыманьнем у шпіталі я прыйшоў у панядзелак, калі мне патрэбна ехаць у войска. Нягледзячы на гэта, у ваенным камісарыяце рашэньне лекары прымалі паводле той паперы, якую мне выдалі ў шпіталі падчас утрыманьня невядомымі людзьмі”.

Яўген згадвае, што спачатку лекары яму паставілі дыягназ — захворваньне хрыбетніка і далі адтэрміноўку на паўгода.

Я заўважыў учора, яны перапісалі ступень цяжкасьці дыягназу.
“Я заўважыў учора, яны перапісалі ступень цяжкасьці дыягназу. Пішацца — стан прагрэсаваньня хваробы, але ў мэдычным абсьледаваньні зараз дапісана — нягледзячы на тое, што я з бальнічнага выйшаў толькі пазаўчора — дапісана, што зараз хвароба болевых адчуваньняў не прыносіць. І ў выпадку, як мне патлумачылі ў ваенкамаце, калі зьявяцца нейкія праблемы са здароўем, мяне пакладуць у санчастку”.

Яўген зьбіраецца падаць скаргу ў суд на дзеяньні мэдычнай і прызыўной камісіяў. Ён кажа, што гатовы да выкананьня свайго канстытуцыйнага абавязку ў тым выпадку, калі прызыў будзе адбывацца ў прававых рамках.

“Я лічу, што гэта палітычны прызыў. Мне не давалі магчымасьці нармальна дыхнуць, самому прайсьці незалежны мэдагляд, падаць скаргі. То бок штодня, асабліва апошні тыдзень, я кожны дзень хаджу ў ваенкамат і штодня мне ўручаюць новую позву, каб я нічога не пасьпеў сабраць. Я ня ўпэўнены ў дыягназе, які выставілі лекары шпіталя, калі я там знаходзіўся пад наглядам. Але, кіруючыся гэтай выпіскай, супрацоўнікі ваенкамату зрабілі выснову аб маім здароўі і прыдатнасьці да службы. Не дачакаўшыся праверкі пракуратуры”.

Яўгену 23 гады, ён вучыцца завочна на другім курсе Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Дарэчы, нядаўна ён даведаўся, што ад траўня невыязны. У ліпені хлопца зьнялі зь цягніка, не патлумачыўшы прычынаў, калі ён ехаў у Літву на вучобу. Адтэрміноўку па вучобе маладафронтаўцу не далі, спасылаючыся на тое, што Яўгена падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў адлічылі зь чацьвёртага курсу Берасьцейскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG