Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд недзяржаўных СМІ за 18 верасьня, пятніцу.

Маладэчанская “Рэгіянальная газэта”. У Вялейцы, у харчовай краме “Алеся” Камітэт дзяржкантролю па Менскай вобласьці выявіў масавую рэалізацыю пратэрмінованых прадуктаў.

“Толькі ў малочным аддзеле знайшлі больш за 50 найменьняў пратэрмінаваных малочных прадуктаў. І так па кожным аддзеле. У падвале крамы захоўваўся пратэрмінаваны тавар на суму больш за 2 мільёны рублёў. Тое, што павінна захоўвацца ў замарожаным выглядзе, захоўвалася не ў замарожаным, і наадварот. Побач з тортамі захоўваліся мясныя тушы. Цяпер праверка працягваецца”.

У горацкім недзяржаўным выданьні “Узгорак” ёсьць рубрыка “Фота і факт”. Працягвае галоўны рэдактар “Узгорку” Эдуард Брокараў:

“28 верасьня чакаецца прыезд Лукашэнкі ў Горкі. І зараз горад, так бы мовіць, вылізваюць, як заўсёды ў такіх выпадках. Фасады фарбуюць, асфальт на цэнтральных вуліцах кладуць, а ўсё, што далей за 10 мэтраў да цэнтральных вуліц, як было, так і застаецца. Мы кінулі кліч чытачам: “Што б вы хацелі паказаць Аляксандру Рыгоравічу ў нашым горадзе?”

Слуцкі “Інфа-кур’ер”публікуе зварот прадпрымальніка, які хоча не гандляваць, як бальшыня ягоных калегаў , а наладзіць вытворчасьць. Ён вырашыў пабудаваць невялікі цэх у Слуцку. Што было далей, распавядае журналіст Алесь Дастанка:

“Яму забаранілі з тае прычыны, што такія памяшканьні павінны быць не бліжэй, чым за 300 мэтраў ад жылых дамоў. Ён зьвяртае ўвагу, што, напрыклад, тыя ж фэрмы СВК стаяць ў вёсках літаральна побач з жылымі дамамі. На фоне абвешчанай лібэралізацыі, заклікаў, што бізнэсоўцам трэба разьвіваць ініцыятыву, такія рэчы паказваюць, хто правы, а хто правее”.

Вечерний Брест” піша, што вядомы эмальер Мікалай Кузьміч, які стварыў копію крыжа Эўфрасіньні Полацкай, падараваў Мастацкаму музэю каля 40 сваіх працаў. Сярод іх цыкль зь дзевяці працаў пад назовам “Беларуская Атлянтыда”, прысьвечаны выбітным дзеячам Беларусі, сярод якіх і сама Эўфрасіньня Полацкая, і стваральнік крыжа Лазар Богша.

XS
SM
MD
LG