Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры васьмі моладзевых грамадзкіх арганізацыяў з нагоды 70-й гадавіны ўступленьня СССР ў другую сусьветную вайну падпісалі супольны зварот “У будучыню без камунізму”.

У дакумэнце зазначаецца, што пасьля другой сусьветнай вайны нацызм быў асуджаны як антычалавечая ідэалёгія, чаго не было зроблена зь іншым ініцыятарам гэтай вайны — камунізмам, а ў цяперашняй Беларусі афіцыйная прапаганда ўсяляк апраўдвае камунізм, пакт Молатава-Рыбэнтропа, адбельвае імя Сталіна. Гаворыць адзін з аўтараў звароту лідэр “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў:

Юрась Карэтнікаў
“Беларуская ўлада ўзводзіць у культ самыя ганебныя ўчынкі і самых ганебных асобаў, яскравы прыклад — лінія Сталіна і тое, што нашыя вуліцы і плошчы носяць імёны катаў беларускага народу. Хтосьці можа сказаць, што сёньня гэта неактуальна для беларускага народу. На гэта я адкажу, што наўрад ці нашая нацыя выпрацавала імунітэт, каб гэтая сыстэма не змагла вярнуцца. Таму мы павінны адназначна выказацца, што камунізм і бальшавізм павінны пайсьці ў нашай краіне пад трыбунал”.

Удзельнікі канфэрэнцыі.
Апазыцыйныя моладзевыя арганізацыі запатрабавалі ад уладаў публічна папрасіць прабачэньня “за ўсхваленьне антычалавечых ідэалёгіяў фашызму і камунізму”.

“Ад Палаты прадстаўнікоў і Вярхоўнага суду мы патрабуем прызнаць камуністычную ідэалёгію злачыннай, забараніць яе нароўні з фашызмам і распачаць працэс дэкамунізацыі беларускага грамадзтва. Злачынствы мінулага, каб яны ніколі не паўтараліся, павінны быць асуджаныя”, — зазначаецца ў звароце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG