Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні шукалі беларускі погляд на падзеі 1939-га


Удзельнікі інтэрактыўнай рэканструкцыі падзеяў 17 верасьня 1939 году.
Удзельнікі інтэрактыўнай рэканструкцыі падзеяў 17 верасьня 1939 году.

Сёньня ўвечары ў Горадні гісторыкі разважалі над пытаньнем: “Верасень 1939: трагедыя ўзьяднанай Беларусі?” Падзея прыцягнула дзесяткі людзей, якіх цікавіць гэтая тэма.

Вядучым мерапрыемства быў сябра Руху “За свабоду” гісторык Эдвард Дмухоўскі. У чым была навіна задумы? Бо дата 17 верасьня ня першы раз робіцца падставай для дыскусіяў.

Дмухоўскі: “Наш досьвед паказвае, што мерапрыемства будзе цікавым тады, калі глядач стане ўдзельнікам. Мы паспрабуем уключыць людзей у гісторыю — празь невялікія дзеяньні, праз невялікія рухі галавой улева-ўправа, або — „сесьці-ўстаць“. Будзе фотапрэзэнтацыя „Міжваенная Горадня“, якая яднала і беларусаў, і палякаў, і жыдоў, усіх, хто жыў у гэтым горадзе. Мэта — выклікаць сантымэнты па тым горадзе, якім ён быў да ІІ Сусьветнай вайны, у якую ён уступіў менавіта 1 верасьня 1939 году. Сёньняшнія гарадзенцы не ўсьведамляюць, што адбылося, а адбылося тое, што горад згубіў сваіх жыхароў. Людзі, якія тут нараджаліся, жылі, кахалі, біліся, іх папросту ня стала”.

Раней пераважаў прарасейскі пункт гледжаньня на падзеі 17 верасьня, цяпер — усё больш польскі, а ці існуе чыста беларускі падыход? Раней гаварылі, што гэта быў вызваленчы паход, падзея са знакам “плюс”, сёньня — што гэта выключна акупацыя… Гэтыя пытаньні — да доктара гістарычных навук прафэсара Алеся Смаленчука.

1 верасьня 1939-га пачалі бамбаваць ня толькі Варшаву, але таксама Горадню, першая старонка тагачаснай “Chicago Daily Tribune”.
Смалянчук: “Я б не сказаў, што ў нас дамінуе варшаўскі пункт погляду, ён дамінуе ў Польшчы. Мы шукаем проста падыход свой уласны і тое, што цяпер пачалі казаць пра савецкую акупацыю Заходняй Беларусі, мне здаецца, гэта проста ідзе працэс набліжэньня да тагачаснай рэчаіснасьці. Бо як можна казаць пра вызваленьне, калі глядзець на ўсе гэтыя падзеі з пункту погляду жыцьця звычайнага маленькага чалавека, жыхара заходняй Беларусі? Калі з пункт погляду сучаснай беларускай дзяржавы, то так, узьяднаньне беларускай зямлі — гэта вельмі важны працэс, але ж нельга забываць, што ў верасьні 1939-га пачынаецца ІІ Сусьветная вайна. Якія страты яна прынесла Беларусі — гэта відавочна”.

На імпрэзу прыйшоў кіраўнік абласной арганізацыі партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Мікола Баўсюк. Цікаўлюся: Як ён ставіцца да падзеяў 17 верасьня?

Баўсюк: “На 17 верасьня погляд такі: тут была хаця не беларуская, але хрысьціянская ўлада, а прыйшла ўлада антыхрыста. Якія ўціскі былі з боку польскіх уладаў на беларусаў, і тое, што чыніў сталінскі рэжым зь беларусамі — гэта непараўнальна”.

На здымках: ; удзельнікі інтэрактыўнай рэканструкцыі падзеяў 17 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG