Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падгол: “Лукашэнка правакуе Захад, каб той узнавіў санкцыі”


Як можна ацаніць стыль і манеру паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі падчас ягонага візыту ў Літву? Ці можна казаць, што многія выказваньні Лукашэнкі ў Вільні былі найперш адрасаваныя беларускай аўдыторыі, і такім чынам беларускі кіраўнік пачаў сваю выбарчую прэзыдэнцкую кампанію? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітоляг Уладзімер Падгол і шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько.

Уладзімер Падгол
Андрэй Дынько
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў
: “Які псыхалягічны партрэт Лукашэнкі можна намаляваць, слухаючы ягоныя выступы і адказы на пытаньні журналістаў у Літве?”

“Лукашэнка завёўся, плюнуў на ўсе абмежаваньні і раскрыўся”


Падгол: “Трэба браць тры ягоныя выступы і адказы на пытаньні. Першае — інтэрвію літоўскім журналістам, якое па БТ ішло з купюрамі, а ў Літве — цалкам. А на наступны дзень быў бэнэфіс Лукашэнкі ў Эўразьвязе як аратара і аракула.

Псыхалягічна гэта выглядала так, што незвычайная цікавасьць да дыктатара, які прыехаў у дэмакратычную Эўропу, выклікала ў Лукашэнкі пэўны эмацыйны ўздым. Ён завёўся, плюнуў на ўсе абмежаваньні і раскрыўся. І тут пайшло ягонае хамства праяўляцца”.

Цыганкоў: “А як гэта выглядала для беларускага і літоўскага гледача? Ці было гэта падобна да ўпэўненасьці ў сябе і пераможнасьці?”

Падгол: “Няма адзінага беларускага гледача, ёсьць розныя групы. Для „саўкоў“ ён быў свой, для інтэлігенцыі — хам. А літоўцам напляваць на Лукашэнку — у іх сваіх праблемаў хапае”.

“Лукашэнка імкнуўся паказаць сваім выбарнікам, што ён не зьмяніўся”


Дынько: “Калі ацэньваць тое, што казаў Лукашэнка з пункту гледжаньня культурных кодаў інтэлігенцыі ці заходняй палітычнай клясы — тое, што ён гаворыць, ні ў якія рамкі ня ўлазіць. Калі ж ацэньваць гэтыя выступы з пункту гледжаньня задач, якія перад сабой ставіў Лукашэнка, то ён перадусім імкнуўся паказаць сваім выбарнікам, што ён не зьмяніўся. Ён імкнуўся даказаць, што ён не прагінаецца перад Захадам.

Зараз у Лукашэнкі цяжкі момант. Раней ён арыентаваўся на прарасейскага выбарца, які чакаў узмацненьня інтэграцыі на постсавецкай прасторы, які чакаў узмацненьня кантролю над эканомікай, залежнасьці ад Расеі, ліквідацыі беларускай культуры і гэтак далей. Але цяпер задача больш складаная. Аказалася, што ранейшая мадэль не спрацоўвае, эканоміка не забясьпечвае нават траціны ад тых заробкаў, якія маюць літоўцы. Трэба нешта мяняць, але як гэта абгрунтаваць, каб ня страціць падтрымкі?

Новыя адносіны з Эўразьвязам ствараюць спакусу для пэўнай часткі чыноўнікаў — стварыць новую апазыцыю.
Акрамя таго, новыя адносіны з Эўразьвязам ствараюць спакусу для пэўнай часткі чыноўнікаў — стварыць новую апазыцыю. І каб напярэдадні выбараў не адбылося новага адлому часткі апарату, пераходу ў апазыцыю, Лукашэнка імкнуўся паказаць сябе гаспадаром сытуацыі, паўнаўладным уладаром і паказаць, што ніякія новыя стасункі з Эўразьвязам не паменшаць ягонага паўнаўладзьдзя тут”.

Цыганкоў: “Лукашэнка як бы кажа — „я мяняцца не зьбіраюся, любіце мяне такога, які ёсьць, усе вашы патрабаваньні для мяне нічога ня значаць“. Менавіта так можна прачытаць віленскі мэсыдж кіраўніка Беларусі. Але наколькі гэта адпавядае рэальнасьці? Ці гэта піяр, гульня на публіку, альбо гэта сутнасьць сёньняшняй палітыкі?”

Дынько: “Гэта найперш гульня на публіку. Увогуле, на Захадзе такіх палітыкаў-камэдыянтаў не паважаюць. Калі палітык пачынае рабіць адно, гаварыць другое — гэта не прымаецца. У яго пытаюцца, дзе Ганчар, дзе Красоўскі — ён перакручвае: „як вы сказалі, Красоўскі ці Красуцкі?“ — маўляў, ня ведаю такога. На Захадзе гэта быў бы крыж на кар’еры палітыка. Палітычная ж культура беларусаў гэта даруе. Так што ў Вільні быў чарговы сэанс палітычнай прапаганды”.

Цыганкоў: “Можа, некаторыя адказы Лукашэнкі на нязручныя пытаньні можна расцаніць як праяву ягонай раздражнёнасьці, праяву таго, што ён ня ведаў, як нармальна адказваць на гэтыя пытаньні, і таму зьбіваўся на канфліктны тон?”

Падгол: “Лукашэнка выкарыстоўваў хатнія нарыхтоўкі па зьніклых, па дэмакратыі. Калі б гэта быў дыспут, то кожнаму пытаньню трэба гадзіну прысьвяціць. А так Лукашэнка ведаў, што гэтага ня будзе. Пытаньне задалі, і далей можна даваць адказ, ведаючы, што дыспуту ня будзе. Адказы былі дэмагагічныя, і ён удала выкручваўся. Бальшыня ў Беларусі ня ведае, хто такія Ганчар ды Захаранка.

Але больш істотнае тое, што Лукашэнка пайшоў на вельмі прадбачлівую правакацыю. Ён правакуе Захад, каб яны ўзнавілі санкцыі. Тады на прэзыдэнцкіх выбарах прапаганда зваліць усё на Захад. “Яны пачалі крызіс, і калі нам стала вельмі цяжка, яны яшчэ і санкцыі ўвялі”. Прапаганда ж ня будзе казаць, што гэта палітычныя, візавыя санкцыі. Усё будуць валіць на эканоміку, што яны нам эканамічную блякаду наладжваюць.

І тут падчас ягоных выступаў супала ўсё. Тут і ягоная натура выявілася, архетыпы паперлі, плюс сьвядомая стратэгія на правакацыю Захаду на ўзнаўленьне санкцыяў. Валі ўсё на Захад — і перамагай на выбарах на грошы МВФ!“

Цыганкоў: “Уладзімер, але гэтая вэрсія не зусім супадае з палітыкай Менску апошняга часу, з тымі рэальнымі крокамі, якія Лукашэнка рабіў насустрач Захаду”.

Падгол: “Канечне, не супадае. Вы не забывайцеся, што ёсьць Масква, што была размова зь Мядзьведзевым. І ў найбліжэйшыя дні Мядзьведзеў прыляціць сюды. Мы ня ведаем, што расейскі прэзыдэнт паабяцаў Лукашэнку — але нешта паабяцаў!

Калі было інтэрвію літоўскім журналістам, поўную вэрсію якога паказвалі па літоўскай тэлевізіі, то Лукашэнка там раскрыў шэраг картаў. Ён распавёў пра газавую вайну, малочную вайну і пра тое, чым яны скончыліся. І там паміж радкоў прасочвалася, што Масква прызнала свой пройгрыш і нешта паабяцала Лукашэнку. Таму Расея зараз гатовая і прадукты беларускія забіраць, і танны газ зноў даваць — нейкі сыгнал ад Крамля пайшоў. Таму Лукашэнка зараз і правакуе Захад”.

Цыганкоў: “Андрэй, як вы ставіцеся да гэтай вэрсіі Ўладзімера Падгола? На яе карысьць можна сапраўды зазначыць, што апошнімі тыднямі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях нешта мяняецца”.

Што б там Лукашэнка ні гаварыў на публіку, у рэальнасьці ён будзе прасіць грошы ў Захаду


Дынько: “Па-мойму, Уладзімер памыляецца. Рэч у тым, што Захад ацэньвае рэальныя крокі, а ня словы. Ім даводзілася мець справу з усялякімі дыктатарамі, таму ім важней, што чалавек робіць, а ня што гаворыць. Таму ня важна, што Хосьні Мубарак на словах асуджае сіянізм — важна тое, што ён выступае за мір з Ізраілем. І пакуль ён гэта робіць, яго будуць падтрымліваць як прэзыдэнта Эгіпту.

Тое ж самае ў стаўленьні да Лукашэнкі. Амэрыканская і эўрапейская дыпляматыя нашмат больш уважліва сочыць за цэнамі на калійныя солі і за тым, як ідуць перамовы на гэтым рынку з Кітаем і Індыяй. Гэта істотна, бо дазваляе ацаніць рэальную патрэбу Беларусі ў грашах. А яна вельмі вялікая, і ў Расеі няма столькі грошай, каб фінансаваць Беларусь.

Таму што б там Лукашэнка ні гаварыў на публіку для свайго электарату, у рэальнасьці ён будзе прасіць грошы ў Захаду”.

Падгол: “Што думае Захад, я ведаю. Але я кажу пра рэакцыю Лукашэнкі на Захад. Лукашэнка рэзка зьмяніўся пасьля апошняй сустрэчы зь Мядзьведзевым. Лукашэнка зноў зьдзекаваўся з патрабаваньняў Эўразьвязу, ён заявіў — гэта ж зьмена канстытуцыйнага ладу, мы на гэта ніколі ня пойдзем! І ён гэта ня толькі кажа, ён гэта робіць. Ён не зьмяніў выбарчае заканадаўства, і гэта ўжо немагчыма зрабіць да выбараў. Ну дык дзе тут словы, а дзе справы?

Гэта ідэальная ідэалягічная плятформа для перамогі Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. І ён хоча, каб Захад увёў санкцыі, і ён правакуе, і будзе гэта рабіць!“
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG