Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Загінулі, бо былі палякамі…”


На могілках у Жытомлі.

На могілках у Жытомлі.

Сёньня актывісты незарэгістраванага Саюзу палякаў усклалі кветкі і запалілі зьнічы на магілах тых, хто загінуў пасьля 17 верасьня 1939 году, калі Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь.

У некаторых вёсках адбыліся расправы з польскімі асаднікамі.

Карэспандэнт: “Мы ў вёсцы Жытомля. Ідзем на могілкі, дзе пахаваныя людзі, якія загінулі пасьля 17 верасьня 1939 году. Ля гэтай магілы прагучала малітва”.

(Кабеты моляцца: “Добры Езу, ты наш Пане, дай ім вечнэ спачываньне…”)

На могілках у Жытомлі. Магіла забітых.



Карэспандэнт: “На магіле ў Жытомлі пералічаны прозьвішчы: Ян Ягельскі, Уладыслаў Янішэўскі, Пётар Крупа, Эдвард Новак, Браніслаў Шыразінскі, Станіслаў Шуба, Ян Завадзкі, невядомы паліцыянт”. Апошні надпіс: “Забітыя 23 верасьня 1939 году, бо былі палякамі. У гонар іхняй памяці”. І агульны надпіс яшчэ: “Няхай Бог выбачыць выканаўцаў”.

Крыж на магіле ў Плавах.

Карэспандэнт: “Наступная вёска, у якую мы едзем — Плавы, хаця некаторыя мясцовыя жыхары робяць націск на другі склад. Яна ня так далёка ад Жытомлі і — побач зь Нёманам… Дзьве магілы ў Плавах знаходзяцца ў гаёчку, асобна. На адной прозьвішча — Баршч, на другой — табліца з надпісам, што тут пахаваныя тыя, хто быў забіты 22 верасьня 1939 году. Усяго дванаццаць прозьвішчаў, гэта пераважна мужчыны за сорак гадоў, але ёсьць таксама Тадэвуш Гурніцкі, якому было шаснаццаць. На гэтай магіле таксама надпіс: „Загінулі, бо былі палякамі“. Андрэй Пачобут з Саюзу палякаў кажа, што тут пахаваныя асаднікі, забітыя часовай міліцыяй, якая ўзьнікла адразу пасьля 17 верасьня”.

Карэспандэнт: “А цяпер мы ў вёсцы Саволеўка, што недалёка ад Плаваў, але ехалі сюды кружной дарогай. Тут памятны камень”.

Андрэй Пачобут каля памятнага каменя ў Саволеўцы.


Пачобут: “Тут напісана па-беларуску: „З удзячнасьцю беларусам, жыхарам вёскі Саволеўка, якія ў верасьні 1939 году ратавалі польскіх суседзяў, сем’і асаднікаў з Будоўлі, Лерыполя і Ракіцы“. Каб яны іх не ўратавалі, то магілаў, якія мы сёньня наведваем, было б значна болей. Сёньня з намі нашы сябры-беларусы зь беларускай апазыцыі. Я аддаю слова беларускаму палітыку Вячаславу Сіўчыку”.

Сіўчык: “Шаноўнае спадарства, для нас вялікі гонар удзельнічаць у арганізаванай вамі акцыі. На пачатку гэтага году „Мэмарыял“ зьвярнуўся да беларускай грамадзкасьці, каб абвясьціць гэты год, 2009-ты, Годам памяці ахвяраў 1939 году, бо менавіта ў 1939-м адбыліся гістарычныя падзеі, якія цалкам памянялі лёс Эўропы, адбылося падпісаньне пакту Молатава-Рыбэнтропа, пачалася ІІ сусьветная вайна і адбылася савецка-польская вайна. Мы спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва з Саюзам палякаў Беларусі. Мы разам з вамі і таксама схіляем галаву па ахвярах 1939 году”.

З мэтай ушанаваць памяць ахвяраў верасьня 1939-га актывісты Саюзу палякаў, сярод якіх была і яго старшыня Анжаліка Борыс, наведалі сёньня таксама мястэчка Індура, што на поўдні Гарадзенскага раёну.
ДРУГІ БОК
“Загінулі за вызваленьне Заходняй Беларусі ад панскага ярма…”

У Горадні на вайсковых могілках захаваліся помнікі вайскоўцам Чырвонай Арміі, якія загінулі 21 верасьня 1939 году падчас бою за горад.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG