Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"17 верасьня: адным сьвята, другім ёсьць з чаго плакаць"


Фрагмэнт савецкай паштоўкі пра ўзьяднаньне 1939-га
Фрагмэнт савецкай паштоўкі пра ўзьяднаньне 1939-га
Вуліца 17 верасьня ёсьць у кожным заходнім беларускім горадзе ці мястэчку. Сёньня, праз 70 гадоў пасьля таго, як войскі Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, меркаваньні гісторыкаў наконт ацэнкі падзеяў верасьня 39-га супярэчлівыя: ад узьяднаньня нацыі да гвалтоўнага далучэньня земляў. Ці сьвяткуюць сёньня ў краіне 17 верасьня?

Кандыдат гістарычных навук Тацяна Процька на пытаньне, ці можна назваць дзень 17 верасьня сьвятам, адказала так:

“Гэта як ва ўсёй гісторыі савецкага часу: для адных ёсьць што сьвяткаваць, для другіх ёсьць з чаго плакаць. Як кажуць, “гэта сьвята са сьлязамі на вачах”. Сапраўды, у савецкай гісторыі ўсё неадназначна. Нельга ніводнага сьвята вылучыць, каб не было сказана “але”.

Улады Берасьця летась прынялі рашэньне да 70-годзьдзя ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР усталяваць у горадзе помнік, які сымбалізуе вызваленчы паход Чырвонай Арміі. Быў абвешчаны конкурс, на які паступіла 11 праектаў — ад сацрэалістычных да сюррэалістычных. Але сёлета вырашылі помнік ня ставіць. Пра іншыя мерапрыемствы распавядае галоўны ідэоляг Берасьцейскага гарвыканкаму Ала Старыкевіч:

“Сёньня ў мэмарыяльным комплексе „Брэсцкая крэпасьць“ адкрылася выстава, якія называецца „на скрыжаваньнях гісторыі“. Напярэдадні па ўсёй Берасьцейскай вобласьці прайшлі навукова-практычныя канфэрэнцыі, якія ладзілі Камуністычная партыя Беларусі, БРСМ, Саветы вэтэранаў”.

І ўсё ж чаго больш стаіць за падзеямі 17 верасьня — пазытыўнага ці нэгатыўнага? Гісторык Тацяна Процька мае копію сакрэтнага дакумэнта на 152 старонках, які быў накіраваны ў ЦК КПБ і называўся “Даведка аб ліквідацыі контрарэвалюцыйных антыкамуністычных паўстанцкіх арганізацыяў на тэрыторыі заходніх абласьцей БССР паводле стану на 27 ліпеня 1940 году”. На той момант 109 так званых контрарэвалюцыйных арганізацый было ліквідавана.

Тацяна Процька: “Каля мільёна палякаў было саслана на тэрыторыях былога СССР. Людзі баяліся гэтага далучэньня. Падчас толькі адной з апэрацыяў па „Польскай арганізацыі вайсковай“ было расстраляна каля 15 тысяч палякаў. Ня толькі саслана, а расстраляна”.

І тут Тацяна Процька праілюстравала свае словы наконт неадназначнасьці і супярэчлівасьці ацэнак, пачаўшы пералік станоўчых момантаў са слова “але”:

“Але разам з тым т
Тэрыторыя нашай дзяржавы павялічылася, і на сёньняшні дзень як дзяржава мы павінны быць удзячныя гэтым падзеям.
эрыторыя нашай дзяржавы павялічылася, і на сёньняшні дзень як дзяржава мы павінны быць удзячныя гэтым падзеям. Бо, безумоўна, гэта ўзмацняла Беларусь, сёньняшнюю Беларусь”.

У школьных падручніках дагэтуль гістарычныя падзеі жніўня — верасьня 1939 году падаюцца аднабока. На нядаўняй навуковай канфэрэнцыі ў менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Ёфэ сказаў:

“Хоць прайшло ўжо 70 гадоў, дагэтуль адбываецца фальсыфікацыя гісторыі, замоўчваньне. Нават у падручніках, на вялікі жаль, толькі станоўчая ацэнка падзеяў”.

Карэспандэнтка: “А ці ёсьць у вас надзея, што хоць калі-небудзь у падручніках будзе аб’ектыўнасьць?”

Ёфэ: “Можа, гадоў праз 50, а то і 100. Таму што гэта закранае непасрэдна інтарэсы і гісторыю шэрагу краінаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG