Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў актывіста за няяўку ў ваенкамат


Андрусь Цянюта

Андрусь Цянюта

Сёньня суд Савецкага раёну Гомеля аштрафаваў актывіста “Маладога фронту” Андруся Цянюту на 5 базавых велічыняў — 175 тысяч рублёў. Гэта максымальны штраф за няяўку ў ваенкамат паводле позвы. Пастанову пра адміністрацыйнае пакараньне штрафам вынес судзьдзя Ўласаў.

Падставай паслужыў пратакол, складзены намесьнікам начальніка аддзяленьня прызыву гарадзкога ваенкамату маёрам Самафалавым пасьля таго, як 24 ліпеня Андрусь не прыйшоў у ваенкамат.

Суд меўся адбыцца яшчэ ў жніўні. Спадар Цянюта запатрабаваў тады, каб разбор вёўся па-беларуску. Гэтае канстытуцыйнае патрабаваньне суд ня мог выканаць адразу: справаводзтва ў судзе спрэс вядзецца на расейскай мове, а перакладчыка з расейскай на беларускую мову няма. На сёньняшні разбор у якасьці перакладчыка была запрошана выкладчыца ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны.

Андрусь Цянюта яшчэ ня вырашыў, ці будзе аспрэчваць пакараньне штрафам. Але ў судзе яму яшчэ давядзецца сустракацца з супрацоўнікамі ваенкамату. Справа ў тым, што актывіст накіраваў у гэты ж Савецкі суд пазоў супраць ваенкамату Ён просіць прызнаць дзеяньні ваенкамату неправамернымі, вынесьці пастанову да 22 верасьня і прыпыніць прызыў у войска да высьвятленьня абставінаў яго нечаканага адлічэньня з Бранскай сельгасакадэміі. Андрусь патрабуе таксама прызначыць незалежнае мэдычнае дасьледаваньне наконт ягонай прыдатнасьці да вайсковай службы.
XS
SM
MD
LG