Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Людзі ўспамінаюць 1939 год проста з жахам"


Марка СССР з сэрыі «Узьяднаньне Заходняй Украіны з УССР і Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939)» (1940 г.)

Марка СССР з сэрыі «Узьяднаньне Заходняй Украіны з УССР і Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939)» (1940 г.)

"Станоўчае стаўленьне да ўзьяднаньня Беларусі ў 1939 годзе станоўча трактуюць вельмі нямногія людзі", — кажа аўтар цыклю "1939. Верасень" Зьміцер Бартосік.


УСЕ ПЕРАДАЧЫ ЦЫКЛЮ

17 верасьня спаўнілася 70 гадоў зь дня далучэньня Заходняй Беларусі да СССР. З пачатку верасьня ў эфіры і на сайце “Свабоды” мы прапаноўвалі вашай увазе ўспаміны людзей пра верасень 1939 году, калі пачалася Другая Сусьветная вайна і савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. Успаміны запісваў наш карэспандэнт Зьміцер Бартосік. Ён адказаў на пытаньні Сяргея Абламейкі пра ўражаньні ад працы над праэктам.

Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка
: Што вас найбольш уразіла падчас збору ўспамінаў сярод сьведкаў падзеяў верасьня 1939 году?"

Зьміцер Бартосік: Найбольш уразіла тое, што 1941 год, які ў школе нам падносілі як самы фатальны ў лёсе Беларусі. Ва ўспамінах гэтых
Зьміцер Бартосік
старых ні ў якае параўнаньне ня йдзе з 1939. Як раз 1939 ўспамінаюць як нейкі фатальны, проста як канец нармальнага жыцьця. А ніякі не 1941. Таму што 1939 стаў пераломным годам у жыцьці беларусаў Захаду. Бо быў звыклы парадак, былі вядомыя правілы гульні, правілы жыцьця, людзі ведалі, кольку куды падаткаў трэба плаціць, што трэба зрабіць, каб палепшыць свой дабрабыт. Людзі ехалі за акіян, каб цяжка працаваць не дзеля таго каб застацца ў шчасьлівай Амэрыцы, а каб пасьля цяжкай працы вярнуцца ў сваю вёску і купіць зямлю, каб жыць вечна, каб дзеці і ўнукі жылі на гэтай зямлі вечна. І вось у 1939 годзе ўсе іхныя мары, усе іхныя пляны ў адзін час абрынуліся.

І людзі ўспамінаюць 1939 год проста з жахам. Бо на іх вачах адбываўся самы сапраўдны тэрор. Асабліва з жахам згадваюць тую надзвычай халодную зіму 1940 году, калі пачаліся масавыя высылкі так званага ненадзейнага элемэнту. Ня толькі польскіх асаднікаў, але і настаўнікаў, багатых сялян, лесьнікоў. Вывозілі ў халодных вагонах для ската разам зь дзецьмі. Колькі было замёрзлых да сьмерці. Таму 1939 год быў больш фатальны для Заходняй Беларусі. Памятаю як у Латыголіі адзін стары казаў: "Ах якія харошыя былі рускія ў 1939, прышлі, перазімавалі і пайшлі”. Маўляў, ня тое што ў 1944, Тыя што ў 1944 прыйшлі, засталіся зімаваць надоўга.

Сяргей Абламейка: Напярэдадні сёньняшняга юбілею я пагартаў кнігу заходнебеларускага пісьменьніка Аляксея Карпюка “Разьвітаньне зь ілюзіямі”. Ён піша пра выпадкі, калі пасьля прыходу Чырвонай арміі некаторыя беларусы пачалі забіваць польскіх настаўнікаў або сталі ўдзельнічаць у дэпартацыях палякаў. Зь іншага боку, Карпюк сьцьвярджае, што менавіта зь верасьня 1939 году, пачалося (як ён гаворыць) “абыдленьне майго народу”. Карпюк мае на ўвазе нізкі ўзровень савецкай школы, маральную дэградацыю, стукацтва, алькагалізм і мат. Ці сустракаліся вы з такімі меркаваньнямі наконт культурнага заняпаду? І наогул ці вы сустрэліся з кім-небудзь, хто станоўча ацэньвае 1939 год.

Зьміцер Бартосік: Станоўчае стаўленьне да гэтай падзеі як да ўзьяднаньня Беларусі 1939 год станоўча трактуюць вельмі нямногія людзі. Людзі, якім у дзяцінстве была прывітая нацыянальная беларуская сьвядомасьць. Як правіла, гэта дзеці настаўнікаў, якія пасьля самі сталі настаўнікамі. Так, яны лічаць, што адбылося тое, што павінна было ўрэшце адбыцца – злучэньне Беларусі ў адзін арганізм. Але калі ўспомніць, якой цаной гэта ўзьяднаньне было аплачана... Калі б іх маленькіх зноў вярнуць у 1939 год, ці пайшлі б яны зноў на такое ўзьяднаньне? Ня ведаю.

17 верасьня у вечаровым эфіры "Свабоды" – выніковая паўгадзінная перадача Зьмітра Бартосіка пра верасень 1939 году ва ўспамінах сьведкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG