Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 17 верасьня.

Сёньня нашыя слухачы дыскутуюць з нагоды наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Вільні, згадваюць пра далучэньне Заходняй Беларусі да БССР, адгукаюцца на зьезд палякаў.

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы ацэньваюць вынікі візыту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Літоўскую Рэспубліку. Для адных тое стала промнем надзеі.

Спадарыня: “Я хачу падзякаваць літоўскай прэзыдэнтцы, што яна так чульліва паставілася да Беларусі, што яна заступаецца за нашых людзей. Дзякуй ёй, дай Бог ёй здароўя. Павярнуліся людзі высокапастаўленыя да Беларусі тварам. Будзем свабодныя. Нашы дзеці і ўнукі будуць свабодныя”.

Іншыя прытрымліваюцца супрацьлеглай думкі: маўляў, зьменаў на лепшае чакаць ня варта.

Спадарыня: “Палітра Эўропы вельмі дзейнічае нават на твар Лукашэнкі. І прыхаваная радасьць ад сустрэчы з эўрапейскай культурай — зусім ня тое, як на папулісцкіх вайсковых парадах у Менску ці зь Мядзьведзевым у Расеі. Толькі фальш той жа, сутнасьць тая ж”.

І, нарэшце, наступнае меркаваньне.

Спадар: “Знаходзячыся ў Вільні, Лукашэнка сказаў: „Спадарства, чаму вы ўдвая павялічылі кошт шэнгенскіх віз для беларускага народа? Калі вы ня любіце Лукашэнку, павялічце яму кошт візы, а беларускі народ тут ні пры чым“. Я хачу зьвярнуцца да лідэраў апазыцыі: вы павінны ведаць, што ўсё, што вы кепскае просіце, гэта ўсё супраць беларускага народа — а ня супраць Лукашэнкі”.

Згадваецца ў тэлефанаваньнях і зьезд палякаў.

Мікола Канаховіч, Пружаны: “Заканчэньне так званага зьезду грамадзкага аб’яднаньня палякаў Беларусі, што прайшоў 13 верасьня. Дэлегаты таго зьезду давалі інтэрвію для БТ. Адразу ўразіла тое, што размаўлялі не па-беларуску і нават не па-польску, а на чыстай расейскай мове. Таму склалася цьвёрдая ўпэўненасьць: гэта не беларускія палякі па духу”.

Сёньня — 70-я гадавіна далучэньня Заходняй Беларусі да БССР. Гэтая дата таксама не абыдзена слухацкай увагай.

Спадар: “На Беласточчыне моцную агітацыю праводзіў малады Сяргей Восіпавіч Прытыцкі. Ён выкрываў сялян памешчыкамі, кулакамі, дапамагаў НКУС падчас адпраўкі іх на Салаўкі і на белыя мядзьведзі. Так што заслуга ягоная вельмі-вельмі ў гэтай справе вялікая”.

А вось меркаваньне грамадзкага рэдактара тыдня — сьведкі падзеяў 1939 году, лекара Івана Данілава.

Іван Данілаў
Данілаў: “Мне было 15 гадоў, калі ўсё пачалося. Тады Чырвоную Армію сустракалі надзвычай прыгожа, з кветкамі. Але ж усе адразу пабачылі, як бедныя чырвонаармейцы бегаюць па хатах і просяць хлеба. А спагадлівыя гаспадыні ў адказ: “Чаму толькі хлеба? Вось вам яшчэ і кавалак сала”. І адзін кажа да маёй маткі: “Вось вы нас сустракаеце з кветкамі, прыгожая брама, але ж вы яшчэ нас пазнаеце…”

Хутка ягоныя словы спраўдзіліся. Пачаліся арышты. Ужо ў 39-м годзе ўсіх польскіх асаднікаў арыштавалі. Пайшло і пайшло…

Засьпявалі тады такую прыпеўку: “Гоп, мае грачанікі, усе габрэі начальнікі, беларусаў — у калхоз, а палякаў — на вывоз”…

Але ж пасьля падышла чарга і да беларусаў. Пачалі арыштоўваць, вывозіць, дэпартацыя набірала свае сілы…

І тады ўжо чакалі, каб вайна была. Чаму прыйшло такое расчараваньне? Таму што былі вельмі вялікія падаткі. І мой бацька, сябра КПЗБ, за палякамі ўсім мужыкам казаў: “Вось хутка прыйдуць нашы, і тады ўсё будзе добра”. Цяпер ужо стаў чуць згадкі пра тыя словы: “Што ж ты, Пятро, казаў, быццам польскія падаткі вельмі цяжкія? Бачыш, як цяпер стала?”

Ня толькі падаткі, яшчэ трэба было будаваць аэрадромы, шлюзы на Днепрабускім канале… Вось людзі і пачалі чакаць вайны. Каб бальшавікоў прагналі хутчэй. Езьдзілі ў Берасьце і там з польскімі машыністамі сустракаліся, і тыя гавораць: “Хутка будзе, там ужо за Бугам усё гатова, каб напасьці, чаго тут вашы так бясьпечна сядзяць?”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG