Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбы дываном усьцілаюць зямлю


На беларускіх прасторах – сэзон нарыхтоўкі грыбоў. Цяпер у лесе можна сустрэць і старых, і малых, аб'яднаных адной мэтай – забясьпечыць харчовую стабільнасьць да наступнага сэзону. Грыбы сушаныя, марынаваныя, салёныя ўзімку ўдала папоўняць рацыён беларуса. Праўда, пры ўмове, што год ураджайны і тэрыторыю папярэдне не «адпрацаваў» хтосьці іншы.


Аднак у іншых геаграфічных вымярэньнях праблемы такога кшталту нарыхтовак папросту не існуе. Прыкладам, Швэцыя. Тут абапал дарог няма бабулек са слоічкамі лісічак ці зь вёдрамі кабылак. Хоць уласна грыбы растуць ня толькі пад кожным кустом, але пад слупамі, платамі, дарожнымі знакамі, на панадворках офісных будынкаў. Прычым, у неверагоднай колькасьці. Бабкі-падбярозавікі, апенькі, масьлякі, розныя салёнікі не зусім вядомых падвідаў проста дываном усьцілаюць зямлю. І, што жахліва, нікому гэтая грыбная палітра не патрэбная.



Самі швэды прызнаюцца, што культура збору грыбоў у іх так і не прыжылася. Сталыя людзі наведваюць лес, але збольшага дзеля задавальненьня. Выходзяць ня столькі на ціхае паляваньне, колькі дзеля таго, каб выклікаць у памяці нейкія ўспаміны зь дзяцінства. Адна жанчына расказала, што, прыкладам, яе муж ідзе ў лес з даведнікам: знайшоўшы грыб, доўга яго вывучае на адлегласьці, потым пачынаецца «ідэнтыфікацыя» з кніжнай выявай на магчымасьць атрутнага экзэмпляру. Увогуле ў прыцэл трапляюць 2-3 віды. Найперш лісічкі, бо яны не чарвівыя, а таксама баравікі. Вырошчваньнем у «няволі» шампіньёнаў займаюцца фэрмэры. Усё астатняе паводле вызначэньня лічыцца небясьпечным.



Грыбаперапрацоўчая галіна ў краіне ня разьвітая зусім. На паліцах крамаў у невялікай колькасьці стаяць слоікі з марынаванымі швэдзкімі шампіньёнамі, але гэта практычна ўсё, што выдаюць мясцовыя кансэрвавыя прадпрыемствы. Затое грыбная прадукцыя зь Польшчы і Літвы прадстаўлена ў надзвычай шырокім асартымэнце, а значыць, ускосна да гэтага далучана і Беларусь. Вядома, што немалая частка сабраных у беларускіх лясах лісічак праз нарыхтоўчыя канторы перакачоўвае якраз у згаданыя краіны, пасьля чаго разыходзіцца па ўсім сьвеце.

Адразу падумалася, што больш шырокаму захапленьню швэдаў зборам грыбоў замінае прыватная ўласнасьць, якая распаўсюджваецца і на лясныя масівы. Аднак мясцовыя патлумачылі: у краіне на заканадаўчым узроўні гарантаваны вольны доступ у лес дзеля збору грыбоў і ягадаў усім ахвотным. Дарэчы, такі ж закон дзейнічае і ў Фінляндыі, ды толькі скарыстацца з такой вольніцы жадаюць адзінкі.



Сфатаграфавацца ў атачэньні швэдзкіх грыбоў не складае ніякай цяжкасьці. Зрэшты, нешта аналягічнае колісь пабачыў і ў Нямеччыне: абапал знакамітай трасы «Формула-1» «Нюрнбэрнрынг» сотнямі расьлі баравікі, якія ніяк не хвалявалі абарыгенаў. І грыбы нібыта стандартныя, а пачуцьці на розных геаграфічных паралелях выклікаюць абсалютна розныя.
XS
SM
MD
LG