Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літоўскія журналісты пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі, з якой прычыны Менск не хоча выдаць Літве Уладзімера Усхопчыка, былога камандзіра Віленскага гарнізона, які, паводле меркавання літоўскага боку, арганізаваў у 90-я гады "пераварот". "Калі ёсьць прэтэнзіі да савецкага генерала, то правапераемніцай Савецкага Саюза зьяўляецца Расея, а не Беларусь... Калі ласка — прывязіце матэрыялы, і мы будзем прымаць адпаведныя рашэньні", — сказаў Аляксанадр Лукашэнка.


Прапануем Вашай ўвазе матэрыял "Свабоды" 9-гадовай даўніны, зь якога вынікае, што літоўскі бок зьвяртаўся да беларускага з заклікам выдаць Усхопчыка.

"2 кастрычніка 2000 году былы кіраўнік Віленскага вайсковага гарнізону савецкай арміі, а цяпер намесьнік міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнантУладзімер Усхопчык мусіў быў зьявіцца ў Генэральную пракуратуру Літвы. Усхопчыка абвінавачваюць у шэрагу цяжкіх злачынстваў, зьвязаных з замахам на незалежнасьць летувіскай дзяржавы ў ’91-м годзе. Як нам стала вядома, Уладзімер Усхопчык у Вільню на допыт у пракуратуру не паехаў.

Сёлета ў чэрвені Генэральны пракурор Літвы Казіс Педнічас даслаў ліст Генэральнаму пракурору Беларусі Алегу Бажэлку, у якім прасіў уручыць судовую позву намесьніку міністра абароны Ўладзімеру Ўсхопчыку. У адпаведнасьці зь ёй, генэрал-лейтэнанту належала 2 кастрычніка а 9:00 раніцы з пашпартам зьявіцца ў Генэральную пракуратуру Літувы.

У прыёмнай намесьніка міністра абароны мне паведамілі, што Ўладзімер Усхопчык цяпер у Менску і ня мае намеру ехаць у Вільню. Нагадаем, што яшчэ ў 1994 годзе Генэральная пракуратура Літвы зьвярталася да Беларусі з просьбаю выдаць Усхопчыка, але тыя намаганьні не далі плёну.

Радыё Свабода паведамляла пра тое, якую адмоўную рэакцыю выклікала ў Літуве прызначэньне Ўсхопчыка намесьнікам міністра абароны. А вось як пракамэнтаваў для нашага радыё гэты факт першы прэзыдэнт Літувы Альгірдас Бразаўскас…

“Я яго ведаў, калі ён узначальваў дывізію. Зразумела, ведаў. Я ўсіх камандуючых ведаў у той час…
На месцы кіраўніцтва Беларусі я не рабіў бы гэтага, ніколі не рабіў… Усё ж мы — дзяржавы-суседзі. І трэба ўлічваць эмоцыі. Я ня думаю, што ў Беларусі няма генэралаў больш годных, ці таго ж узроўню, што і Ўсхопчык. Няўжо абавязкова было прызначаць менавіта гэтага чалавека?

На гэта ў нас была вельмі моцная рэакцыя, і я сказаў бы, што гэта слушна. Ён жа кіраваў гарнізонам, зь ягонай базы ў Паўночным гарадку ішлі гэтыя танкі й бранявікі на людзей. Адтуль яны ішлі, з тэрыторыі ягонае дывізіі…”, — гэта быў першы прэзыдэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас.

У траўні 2000 году Бразаўскас наведаў Беларусь. І менавіта праз некалькі дзён пасьля таго візыту адбылося прызначэньне Ўсхопчыка. “Калі б я ведаў пра гэта, дык не прыехаў бы ў Беларусь”, — кажуць, што менавіта так адрэагаваў Бразаускас, калі даведаўся, што Ўладзімер Усхопчык стаў намесьнікам міністра абароны Беларусі.

Нагадаем, што крымінальная справа на Ўсхопчыка была распачатая ў Літве 12 студзеня 1991 году. Яго абвінавачваюць у шэрагу крымінальных злачынстваў, зьвязаных з замахам на незалежнасьць Летувіскай Рэспублікі, а таксама ў тым, што ён "удзельнічаў у забойствах жыхароў Літвы й прычыненьні ім цялесных пашкоджваньняў".

(сюжэт 2 кастрычніка 2000 году)
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG