Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі пра мэнтарскі тон Лукашэнкі ў Вільні


Аляксандар Лукашэнка і Даля Грыбаўскайце

Аляксандар Лукашэнка і Даля Грыбаўскайце

Віленскі журналіст Віталь Каракорскі, які сачыў за візытам А. Лукашэнкі ў Літву, мяркуе, што Лукашэнка ў Вільні адчуваў сябе “на кані”, дазваляў сабе некарэктныя выказваньні на адрас Эўразьвязу і прэзыдэнта Літвы.

літоўскі бок ня цалкам вытрымаў тую лінію, якая была прадугледжаная ...
“Лукашэнка, напэўна, трактаваў гэтыя падзеі як уласную перамогу. Пасьля многіх гадоў міжнароднай ізаляцыі прыезд у краіну, якая знаходзіцца ў Эўразьвязе і НАТО, — гэта, безумоўна, падзея для яго. Аднак думаю, што і літоўскі бок ня цалкам вытрымаў тую лінію, якая была прадугледжаная: так, прыяжджайце, мы будзем сустракацца, але і аб правах чалавека і аб усім астатнім мы цьвёрда скажам. Такое ўражаньне склалася, што прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь усё-ткі большае месца займаў у гэтых перамовах”.

Віталь Каракорскі ў віленскіх прамовах Лукашэнкі заўважыў некарэктныя выказваньні на адрас Эўразьвязу:

“Нават мэнтарскім тонам гэта рабілася, што выглядала няслушна ў той сытуацыі, калі ты прыяжджаеш у краіну Эўразьвязу. Думаю, што спадар Лукашэнка, магчыма, паводле сваёй адукацыі і сьветапогляду ня цалкам разумее, што такое Эўразьвяз, і мяркуе, што нам штосьці могуць загадаць у Брусэлі”.

А на некарэктны пераказ А. Лукашэнкам сваіх перамоваў з Даляй Грыбаўскайце павінна перш за ўсё адрэагаваць сама прэзыдэнт Літвы, мяркуе віленскі журналіст Віталь Каракорскі:
Хай прэзыдэнт наш крыўдзіцца. Гэта было яе рашэньне, яна ж ведала, з кім сустракаецца. ...

“Хай прэзыдэнт наш крыўдзіцца. Гэта было яе рашэньне, яна ж ведала, з кім сустракаецца. Трэба было сваю лінію паводзінаў трымаць цьвёрда. На жаль, гэта не ўдалося”.

Віталь Каракорскі перакананы, што Літва як суседняя краіна павінна супрацоўнічаць зь Беларусьсю, у тым ліку эканамічна — гэта выгадна абедзьвюм краінам.
Кожны крок, які робіць спадар Лукашэнка ў кірунку Захаду, трэба падтрымліваць ...

“Кожны крок, які робіць спадар Лукашэнка ў кірунку Захаду, трэба падтрымліваць. Іншы момант, што ён, як заўсёды, будзе балянсаваць паміж Усходам і Захадам. Гэта зразумелая справа… Але тут ёсьць нейкая эўфарыя ў Літве, што вось прыехаў Лукашэнка, мы яго сустрэлі, але прынцыповыя рэчы мы ніколі не павінны адкладаць убок. Літва павінна трымацца нават жорсткай лініі ў прынцыповых справах”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG