Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: У чым правініўся беларускі народ перад ЭЗ?


Cёньня ў Вільні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з прэзыдэнткай Літвы Далёй Грыбаскаўце, выступіў на беларуска-літоўскай канфэрэнцыі «Беларусь і дзяржавы Балтыйскага мора: новыя магчымасьці для пашырэньня супрацоўніцтва».


СЛУХАЦЬ:


У Вільні А.Лукашэнка жыў у даволі дарагім гатэлі ”Стыкле” у старым горадзе. Ён зьявіўся на “Літэкспа” без свайго малодшага сына Мікалая ўжо пасьля адкрыцьця беларускай прамысловай выставы. Былі прынятыя меры бясьпекі, аднак доступ да першай асобы краіны быў даволі свабодны параўнальна з тым, як гэта ёсьць у Беларусі. Перад яго прыездам у “Літэкспа” ахова нават прыбрала з уваходу рамы-мэталашукальнікі. А.Лукашэнку чакала вялікая колькасьць фотарэпартэраў. Першае, пра што ён сказаў журналістам, маўляў, “пра ўсё дамовіліся, вельмі задаволены”. У сваім выступе А.Лукашэнка заявіў, што перамены ў стасунках з Эўразьвязам ў многім сталі магчымыя дзякуючы актыўнай пазыцыі Літвы.

Апошнім часам усё больш і больш, і пра гэта мы гаварылі на перамовах з прэзыдэнтам Літвы і сябрамі ўраду, нам пачынаюць нагадваць, што мы, напярэдадні прыняцьця Эўропай нейкіх рашэньняў адносна Беларусі, некаму нешта вінныя.
“Апошнім часам усё больш і больш, і пра гэта мы гаварылі на перамовах з прэзыдэнтам Літвы і сябрамі ўраду, нам пачынаюць нагадваць, што мы, напярэдадні прыняцьця Эўропай нейкіх рашэньняў адносна Беларусі, некаму нешта вінныя. Калі некаму і вінныя, то найперш свайму беларускаму народу. Напярэдадні якіх бы ні было рашэньняў, мы не будзем мітусіцца і рабіць незразумелыя рухі, некага ўражваць. Гэта ўсё павінна адбывацца спакойна, а не пад нейкую падзею ці прыняцьце рашэньняў. Мы ня маем намеру ў гэтым пляне залішне мітусіцца. Я хачу, каб эўрапейцы разумелі, нас нельга нахіляць, прымушаць нешта рабіць. Мы ня можам разбурыць краіну, канстытуцыйны лад і той курс, які мы праводзім ужо больш за 10 гадоў, які нам прынёс пэўныя дывідэнды”.

А.Лукашэнка заявіў, што мае намер і далей ўдасканальваць грамадзка-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя стасункі ў дзяржаве, “але тэмпы, глыбіня і характар наступных крокаў будзе вызначацца менавіта патрэбамі грамадзтва”. Ён сказаў, што Беларусі ў стасунках з ЭЗ трэба вырашыць шэраг задач. Маўляў, пасьля далучэньня Польшчы і краінаў Балтыі да шэнгенскай зоны істотна абмежавала магчымасьці беларусаў кантактаваць з суседзямі. Беларусь застаецца адзінай краінай ў Эўропе, для грамадзянаў якой віза каштуе 60 эўра.

60 эўра віза для Лукашэнкі – гэта не праблема
“Мы чакаем, што Брусэль прыме нашу прапанову аб зьніжэньні кошту візаў і спрашчэньні візавых фармальнасьцяў. У чым правініўся беларускі народ перад ЭЗ? Калі вы ня любіце Лукашэнку, то вы неяк рабіце дзеяньні супраць Лукашэнкі. Але ня супраць беларускага народу. Бо 60 эўра віза для Лукашэнкі – гэта не праблема”.

Пасьля гэтай заявы, у залі пачуўся сьмех, а потым аплядысмэнты. Хаця заля прымала яго даволі стрымана. Пасьля выступу А,Лукашэнка зладзіў прэсавую канфэрэнцыю і спачатку спытаўся, маўляў, мы тут нікому не перашкаджаем?



Літоўскіх журналістаў цікавіла, як так атрымалася, што падчас яго візыту ў Вільню непадалёк ад мяжы праводзяцца маштабныя ваенныя вучэньні з расейцамі. А.Лукашэнка адказаў:

Ніводзін снарад, ніводная куля не заляціць на літоўскую тэрыторыю, я вам гарантую. Аж 29 Мядзьведзеў прыедзе. Што вы перажываеце?”
“Ды Бог з вамі. Я прыляцеў на верталёце да літоўскай мяжы і ня бачыў ніякага скопішча войскаў. Мы не зьбіраемся пагражаць Літве і дэманстраваць сваю сілу. Вас проста дэзынфармавалі. Гэтыя вучэньні пройдуць як звычайна, ня ведаю, што вас тут узрушыла. Гэта кілямэтраў 200 ад Літвы. Ніводзін снарад, ніводная куля не заляціць на літоўскую тэрыторыю, я вам гарантую. Аж 29-га Мядзьведзеў прыедзе. Што вы перажываеце?”

Кіраўнік Беларусі сказаў, што ў яго вельмі добрыя ўражаньні ад сустрэчы зь літоўскім прэзыдэнтам. Яму спадабаліся яе абазнанасьць, баявы настрой і характар. Маўляў, Даля Грыбаскаўце “хоча не падмануць надзеі літоўцаў, зрабіць для літоўскага народу ня мала”. Ён параіў журналістам “падтрымаць свайго прэзыдэнта”. Таксама ён сказаў, што ў Беларусі ніводнага разу не скарыстоўваліся вадамёты і сьлезацечны газ для разгону дэманстрацый. Маўляў, чаму крытыкуюць Беларусь, а не эўрапейскія краіны.



***

Літва падтрымлівае агульную пазыцыю ЭЗ аб разьвіцьці дэмакратыі ў Беларусі. Пра гэта заявіла прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце. Падчас сустрэчы прэзыдэнты абмеркавалі становішча ў сфэры правоў чалавека і пытаньні разьвіцьця дэмакратыі. Паводле слоў Грыбаўскайце, Беларусь ужо распачала рэалізацыю некаторых выстаўленых ЭЗ і АБСЭ патрабаваньняў адносна палітычных зьняволеных, рэгістрацыі арганізацый і становішча сродкаў масавай інфармацыі. У лістападзе ЭЗ мае намер разгледзець пытаньне аб працягу рашэньня аб непрымяненьні санкцый у адносінах да Беларусі, нагадала Грыбаўскайце.

Беларуская і літоўская дэлегацыі абмеркавалі магчымасьці супрацоўніцтва ў вобласьці энэргетыкі і транспарту. Падчас размовы была абмеркаваная магчымасьць больш эфэктыўнага выкарыстаньня Клайпедзкага порта і Бутынгскага тэрміналу для імпарту і экспарту нафты і магчымасьць стварэньня сумеснага цэнтра лягістыкі.

Акрамя таго, Грыбаўскайце выказала ўдзячнасьць Лукашэнку за догляд і ахову аб'ектаў літоўскай спадчыны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Паводле яе меркаваньня, развіцьцё адносін у сфэры культуры з суседняй Беларусьсю можа стаць асновай для больш цесных сувязяў паміж грамадзянамі дзьвюх краін. Кіраўнікі дзяржаў таксама падкрэсьлілі, што неабходна больш эфэктыўна выкарыстоўваць прадугледжаныя Шэнгенскім дагаворам магчымасьці спрошчанага парадку паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый дзьвюх краінаў, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG