Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія адмыслоўцы: “Момант Мінскі” настаў”


Хаймэн Мінскі
Хаймэн Мінскі

Апошнім часам фінансавыя адмыслоўцы сьвету ўсё часьцей узгадваюць імя Хаймэна Мінскі (Hyman P. Minsky) — ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, амэрыканскага навукоўца, які стварыў тэорыю эканамічных крызісаў і іх паўтаральнасьці.

Напярэдадні 90-х угодкаў народзінаў эканаміста (23 верасьня 1919 — 24 кастрычніка 1996) амэрыканскія аглядальнікі пішуць пра тое, што сёньня настаў гэтак званы “момант Мінскі” — панятак, які вынікае зь ягоных поглядаў на эканоміку.

Хаймэн Мінскі мае беларускае паходжаньне: ён нашчадак менскіх меншавікоў-сацыялістаў, якія пасьля рэвалюцыі эмігравалі ў Чыкага. У гэтым горадзе і нарадзіўся будучы нобэлеўскі ляўрэат. Унівэрсытэцкую адукацыю ён атрымаў у Вашынгтоне. У 1943—1946 гадах служыў у войску ЗША, браў удзел у баявых дзеяньнях у Эўропе.

Пасьля вайны абараніў у Гарвардзе магістарскую і доктарскую дысэртацыі. Ягонымі кіраўнікамі былі выбітны аўстрыйскі эканаміст Ёзэф Шумпэтэр ды ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Васіль Лявонцьеў.

Паводле сучасьнікаў, вонкавы імідж дасьледчыка, чые даўгія сьветлыя валасы больш пасавалі нейкаму прадстаўніку контракультуры, сьведчыў пра ягоны характар самотніка, які не жадаў пагаджацца з тым, што прызнае абсалютная большасьць.

Мінскі рэзкі крытыкаваў пасьлядоўнае ці артадаксальнае кейнсіянства (якое сёньня ляжыць у аснове эканамічнай палітыкі індустрыяльна разьвітых краін), а таксама манэтарызм. На яго думку, гэтыя тэорыі глядзяць на сучасную эканоміку як на “вясковы кірмаш”.

Мінскі вучыў, што фінансавыя крызісы ў індустрыяльных краінах будуць паўтарацца. Паводле ягонай тэорыі, кожны крызіс — частка гэтак званага бізнэс-цыклю. На думку Мінскага, фінансавыя крызісы разьвіваюцца паводле тыповай схемы, якая спалучае ў сабе як эканамічныя, так і псыхалягічныя аспэкты.

У першай фазе цыклю адбываецца так званая замена — нейкая падзея, якая зьмяняе ўяўленьні людзей пра будучыню. У другой фазе пачынаецца рост цэнаў на актывы ў тым сэктары, дзе адбылася такая замена. Трэцяя фаза — атрыманьне доступу да таннага крэдыту і рост фінансавых інавацыяў, зьвязаных з выкарыстаньнем крэдыту. Чацьвёртая фаза — імклівы рост зьдзелак, пры якіх рынак няспынна адчувае залежнасьць ад прытоку новых удзельнікаў, незнаёмых з правіламі гульні (паводле Мінскі, “яшчэ большых дурняў”). Пятую фазу можна назваць “эўфарыяй”. Гэта калі новыя гульцы на рынку імкнуцца зарабіць столькі ж, колькі і іх папярэднікі. У шостай фазе адбываецца фіксаваньне прыбытку тымі, хто адчувае непазьбежнасьць крызісу, то бок інсайдэрамі. Нарэшце, настае сёмая фаза фінансавага цыклю — сам крызіс.

На псыхалягічным узроўні Мінскі коратка тлумачыць сутнасьць крызісу так: “Чалавек забываецца пра тое, што посьпех спараджае ігнараваньне няўдачы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG