Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Малой залі Белдзяржфілярмоніі адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Дубаўца “Як?”, якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі нашага радыё. Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра яе дзеліцца паэт Славамір Адамовіч, які пасьля сямі гадоў жыцьця ў Нарвэгіі нядаўна вярнуўся на радзіму.


Славамір Адамовіч
“Чым больш чытаю Дубаўца, тым больш хочацца пратэставаць. Тым большы пратэст выклікае кніга ягоных радыётэкстаў “Як?”. Нешта мне рымсьціць, нечага не хапае ў новых кароткіх і ў прынцыпе чытабэльных тэкстах Сяргея Іванавіча.

Кнігу “Як?” я чытаў, як глядзеў на шахматную дошку. Чытаў яе з пачатку, зь сярэдзіны, з канца, зьверху ўніз і наадварот. Чытаў — як варажыў, як правільна зрабіць ход канём. Пры тым, што гуляць у шахматы я ня ўмею. Урэшце я пайшоў пешкай і знайшоў у Дубаўца даволі вычарпальнае тлумачэньне кнігі “Як?”

“Мая азбука паводзінаў ня мае на мэце ані прымушаць, ані навучаць. Гэта пытаньні да сябе, якія часам задае сабе кожны з нас”, — піша аўтар і тым самым умывае рукі. А мне як чытачу хацелася б знайсьці сапраўдныя адказы на пытаньне “як?”, а ня аўтарскія рэфлексіі, а то і дастаеўшчыну.

Сяргей Дубавец
Слова “як?” вельмі канкрэтнае, практычнае і, як цяпер любяць казаць, — прагматычнае слова. А вось Дубаўцова кніжка — паэтычная, зь лёгкім налётам бытавой філязофіі.

Каля ста гадоў таму нашы папярэднікі пісалі, як гадаваць трусоў. Дык яны і адказвалі на гэтае пытаньне вельмі канкрэтна. Яны ведалі адказ і даводзілі яго да іншых. Дубавец асьцерагаецца вучыць. Ён убаку, але хто ўбаку — ці можа ён уплываць на працэс?

Разам з тым у кнізе агучаныя і вельмі цікавыя як-рэфлексіі. Напрыклад, у рэфлексіі “Як фундаваць?” Дубавец прызнаецца-скардзіцца, што замежныя фундатары, якія інвэстуюць грошы ў беларускую дэмакратыю, як агню баяцца праінвэставаць беларускі нацыяналізм. У гэтым прызнаньні — адказ на многае. І чаму апазыцыя — гэта кучка адмарозкаў, і чаму яна, за выняткам фронту, не беларускамоўная, і да таго падобнае.

Кніга “Як?” — кніга чытабэльная. Гэта паўнавартасны нацыянальны покетбук, зроблены па-нашаму. Але покетбук чытаюць раз, ад сілы два разы, а хацелася б прачытаць нарэшце нешта фундамэнтальнае, чаго я і чакаю ад Сяргея Іванавіча апошнія гадоў дваццаць, якраз з таго часу, калі ў канцы 80-х мінулага стагодзьдзя ён напісаў сваё найлепшае эсэ “Падставы рацыянальнага нацыяналізму”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG