Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэды заклікаюць адрэагаваць на вучэньні “Захад 2009”


“Чаму ні швэдзкія палітыкі, ні швэдзкія СМІ пакуль ніяк не адрэагавалі на маючыя адбыцца ваенныя вучэньні “Захад” і “Ладаскае возера”, якія закрануць рэгіёны Балтыйскага мора, Калінінград, Беларусь, а таксама сумежныя зь Фінляндыяй расейскія тэрыторыі?”

Такое пытаньне задае сёньня газэта Hällekis Kuriren.

“Ніхто чамусьці ня ўзгадвае афіцыйныя расейскія зьвесткі наконт таго, што ў гэтых апэратыўна-стратэгічных вучэньнях будуць задзейнічаныя 12,5 тысячы расейкіх і беларусекіх вайскоўцаў. Усё гэта — яркая праява новых намераў Расеі вярнуць сабе вядучую ролю на ўсясьветнай арэне”, — піша выданьне.

Што да швэдзкага войска, то, паводле газэты, яго афіцэры і салдаты прызвычаіліся ісьці на міжнародныя саступкі. Тым ня менш падобныя вучэньні тояць у сабе пэўную рызыку для швэдзкай бясьпекі. У швэдаў вельмі слабая абарона ад магчымага паветранага нападу, мала зэнітных ракет і іншай зброі. Ня лішне згадаць і пра наступствы гэтых вучэньняў для экалёгіі.

“Hällekis Kuriren” заклікае ўрадоўцаў і адмыслоўцаў адпаведна адрэагаваць на сытуацыю.

Нагадаем, што, у адпаведнасьці з паведамленьнямі прэсавай службы міністэрства абароны РФ, існуе намер перакінуць адпаведны вайсковы кантынгент расейскіх узброеных сілаў на тэрыторыю Беларусі.

Учора, 15 верасьня, падразьдзяленьні 4-й танкавай брыгады Маскоўскай акругі рушылі вайсковымі эшалёнамі на тэрыторыю Беларусі. Асноўнае месца правядзеньня “Захаду 2009” — беларускі Абуз-Лясноўскі. Таксама будуць задзейнічаныя авіяцыйныя палігоны “Ружаны”, “Нёман”ды іншыя.
XS
SM
MD
LG