Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка кажа, што пра ўсё дамовіўся з Грыбаўскайце


Аляксандар Лукашэнка і Даля Грыбаўскайце

Аляксандар Лукашэнка і Даля Грыбаўскайце

Кіраўнік Беларусі прыбыў на беларуска-літоўскі форум і распавёў пра вынікі перамоваў са сваёй літоўскай калегай Далёй Грыбаўскайце.

Лукашэнку паслалі чырвоны дыванок. Па ім ён увайшоў у памяшканьне выставачнага цэнтру.

На заявы Лукашэнкі прысутныя рэагавалі стрыманымі аплядысмэнтамі. Авацыяў не было.

Аляксандр Лукашэнка
"вельмі задаволены" праведзенымі 16 верасьня ў Вільні перамовамі з прэзыдэнтам Літвы Далёй Грыбаўскайце.

"Мы пра ўсё дамовіліся", — дадаў ён.

Перамовы Лукашэнкі і Грыбаўскайце пачаліся аб 11 гадзіне. Замест запланаванай адной гадзіны яны доўжыліся амаль дзьве гадзіны. На пытаньне журналіста, чаму перамовы занялі столькі часу, Лукашэнка адказаў: "Хіба доўга? Нам падалося, што час прайшоў непрыметна".


Лукашэнка лічыць непрымальным навязваньне краіне выбару паміж Эўропай і Расеяй:


“Міжнародныя прыярытэты Беларусі дакладна вызначаныя на падставе нашых уласных нацыянальных інтарэсаў. Мяняць іх для атрыманьня імгненных і сумнеўных выгодаў мы ня маем намеру”.

Паводле Лукашэнкі, Беларусі спрабуюць навязаць нейкі выбар паміж Эўропай і Расеяй, сьцьвярджаючы пра несумяшчальнасьць гэтых двух вэктараў.

“Лічу такую пастаноўку пытаньня няправільнай”, — цытуе выступ Лукашэнкі на эканамічным форуме ў Вільні Інтэрфакс. — “Наша прынцыповая пазыцыя — быць сувязным мостам паміж Усходам і Захадам”.

“Я хачу, каб эўрапейцы зразумелі, што нас нельга нахіляць, нас нельга прымусіць нешта рабіць. Мы адукаваныя людзі, і мы ведаем, што трэба рабіць і што мы можам. (…) Мы сьвята павінны берагчы беларускі народ і яго інтарэсы. Мы ня можам разбураць краіну — канстытуцыйны лад і той шлях, якім мы ідзем ужо болей за 10 гадоў. Ён прынёс нам пэўныя дывідэнды: мы першыя з рэспублік пасьлясавецкай прасторы падвоілі ВУП”, — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсьліў, што “Беларусь — эўрапейская дзяржава. Мы паступова дамагаемся і абавязкова даможамся таго, каб беларускія эканамічныя і сацыяльныя стандарты адпавядалі ўзроўню лепшых эўрапейскіх”.

Гаворачы пра беларуска-літоўскія адносіны, прэзыдэнт выказаў упэўненасьць, што “нават некаторыя адрозьненьні ў геапалітычнай арыентацыі Беларусі і Літвы павінны нас не разьядноўваць, а служыць дапаўняльным элемэнтам выбудоўваньня канструктыўнага ўзаемадзеяньня па восі Захад — Усход”.

“Шмат у чым ад гэтага залежыць бясьпека і стабільнасьць усяго рэгіёну”, — папярэдзіў Лукашэнка.

Лукашэнка супраць высокіх коштаў на шэнгенскія візы


Кіраўнік краіны разьлічвае, што Эўразьвяз прыме рашэньне зьнізіць кошты шэнгенскіх візаў.

“Уступленьне Польшчы і краінаў Балтыі ў Шэнгенскую зону значна ўскладніла перасоўваньне грамадзянаў. Чым правініўся беларускі народ? Калі вы ня любіце Лукашэнку, то рабіце захады супраць Лукашэнкі, але ня супраць беларускага народу. Бо для Лукашэнкі віза за 60 эўра — гэта не праблема”.

Гэтыя словы прысутныя ў залі сустрэлі сьмехам.


Лукашэнка просіць Эўразьвяз вярнуць гандлёвыя прывілеі


“Важным крокам, накіраваным на актывізацыю гандлю Беларусі і Эўразьвязу, магло б стаць аднаўленьне ўдзелу нашай краіны ў Абагульненай сыстэме гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу”, — заявіў кіраўнік Беларусі ў Вільні.

“На сёньняшні дзень Эўразьвяз прымяняе да нас гандлёвы рэжым, аналягічны таму, які дзейнічае ў адносінах да ЗША, Аўстраліі, Японіі і шэрагу іншых перадавых індустрыяльна разьвітых краінаў. Цалкам відавочна, што рэальныя эканамічныя магчымасьці Беларусі і гэтых краінаў непараўнальныя, і мы знаходзімся ў менш выгодных умовах”, — перадае Інтэрфакс словы Лукашэнкі.

“Беларусь аб'ектыўна прывабная для эўрапейскага бізнэсу”, — перакананы Лукашэнка. У сваю чаргу, “Эўразьвяз важны для Беларусі як крыніца найноўшых тэхналёгіяў і інвэстыцыяў (…) Мы зацікаўленыя ў рэалізацыі энэргетычных, транспартных і экалягічных праектаў, вырашэньні агульных мытных праблемаў”.

Ён лічыць “вельмі своечасовым зьяўленьне ініцыятывы “Ўсходняе партнэрства”, якое прадугледжвае пашырэньне супрацоўніцтва Эўразьвязу з эўрапейскімі суседзямі”.

Лукашэнка пахваліўся, што “Беларусь адной зь першых сярод краін-удзельніцаў “Усходняга партнэрства” прыступіла да распрацоўкі канкрэтных рэгіянальных праектаў”.

“Мы актыўна працуем на дадзеным напрамку зь Літвой, Эўрапейскай Камісіяй, калегамі з Польшчы, Украіны”, — адзначыў беларускі прэзыдэнт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG