Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Асабіста я беларус, і мне лепей у Беларусі”


Ці хацелі б вы, каб ваша мястэчка пасьля Другой сусьветнай вайны засталося ў складзе Польшчы, як гэта было да 1939 году? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да жыхароў мястэчка Індура Гарадзенскага раёну.





Спадар:
“У Беларусі найлепей, тут усяго хапае ў крамах, і соткі даюць, трактары ўсё апрацуюць, тэхнікі хапае. Добра ў нас”.

Спадарыня: “Мы наагул пра гэта нават ня думалі, але і так, і так было б добра. Мы тут захоўваем польскую мову ў Індуры, і я за польскую мову”.

Спадарыня: “Ужо мы прывыклі так, як ёсьць, у Беларусі, і няхай так і застаецца. Ня ведаю чаму, але прывыклі, і ўсё”.

Хлопец: “Шкадую, што вёска засталася ў Беларусі. Захад, цывілізацыя, культура... а нам яшчэ так да гэтага далёка. Лепей, каб мы былі там, з Польшчай, Нямеччынай, гэта было б нашмат лепей. Я тут нават грошай зарабіць не магу, усё трэба аддаваць”.

Спадар: “А я нават ня ведаю, што сказаць. Бацькі нарадзіліся ў Польшчы, а я ў Беларусі... Я ў Польшчы ня жыў, таму і сказаць нічога не магу...”

Спадар: “Я думаю, што для мясцовых людзей было б лепей, каб вёска засталася ў Польшчы. Там лепшая цывілізацыя, цяпер яны ў Эўразьвязе, а я там быў, ведаю іх узровень жыцьця. У іх былі б большыя і заробкі, і пэнсіі, і жылі б больш цывілізавана”.

Спадар: “Я хацеў бы, каб наша вёска была ў Польшчы. Там лепей плоцяць, можна зарабіць, а ў нас што?.. Тут робяць за так...”

Спадарыня: “Людзі старэйшыя заўсёды казалі, што лепей было б, каб мястэчка апынулася ў Польшчы, бо там жыцьцё лепшае”.

Ейная сястра: “А я так ня думаю. Я ніколі не была ў Польшчы, але мне здаецца, што тут, у Беларусі, лепш за ўсё. Я так лічу”.

Спадар: “Я сам паляк, то хацеў бы, каб мястэчка ў Польшчы было. Было б усё на польскай мове, а я некалі хадзіў у польскую школу, нават маю дакумэнты. А цяпер я ні паляк, ні беларус, ні літовец... Але, як той казаў, якая ўлада б ні была, трэба ёй служыць...”

Спадар: “Я яшчэ добра памятаю, як мы жылі пры калгасах . У 1952 годзе працаваў і бачыў, што калі з-пад малацілкі ўзяў пару кіляграмаў, то пражыў, а ня то... Я думаю, што пры Польшчы горш не было б, чым так, як мы жылі, але думаю, што і лепш не было б. Там сваякі жывуць, я ведаю, і думаю, што горш бы там нам не было”.

Спадар: “Асабіста я беларус, і мне лепей у Беларусі...”.

Хлопец: “Ну, мы ж беларусы, прызвычаеныя да сваёй краіны, жывем тут ад самага нараджэньня. Я нарадзіўся ў Індуры, прывык тут і больш нікуды не хацеў бы ехаць”.

Спадарыня: “У Беларусі лепей жыць, бо там вельмі высокае беспрацоўе, у нас такога няма”.

Дзяўчынка: “У нашай Беларусі лепей, чым там, бо наша Беларусь прыгажэйшая...”

Вёска Індура на беларуска-польскім памежжы





Што адказваюць на гэтае пытаньне жыхары польскай памежнай вёскі Гнесюкі чытайце і слухайце тут

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG