Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: міліцыянты абураныя бел-чырвона-белымі сьцягамі


Апошні бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся на плошчы Перамогі ў Віцебску 15 верасьня

Апошні бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся на плошчы Перамогі ў Віцебску 15 верасьня

Нацыянальныя сымбалі, якія апошнім часам даволі часта зьяўляюцца на віцебскіх вуліцах, супрацоўнікі міліцыі вымушаны здымаць, залучаючы да гэтага і супрацоўнікаў МНС. Актывістаў, якія вывешваюць сьцягі, караюць штрафамі. Апошні такі штраф прысуджаны Сяргею Каваленку.

Штраф памерам 1 мільён 50 тысячаў рублёў сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку прысудзіў судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў. Актывіста зьвінавацілі ў паўторным парушэньні артыкулу 23.34, які тычыцца правілаў правядзеньня масавых акцый.

Судзьдзя прызнаў, што ўчора на плошчы Перамогі ў Віцебску Сяргей Каваленка праводзіў несанкцыянаваны пікет. Актывіст не пагадзіўся зь меркаваньнем судзьдзі, бо ён не выказваў ні патрабаваньняў, ні лёзунгаў, не заклікаў людзей да нейкіх дзеяньняў, а ўсяго толькі вывесіў сьцяг. Калі ён вырашыў сфатаграфаваць нацыянальны сымбаль на фоне гарадзкога краявіду, яго затрымалі.

У пастарунку Сяргею Каваленку давялося выслухаць скаргі міліцыянтаў, якім дзейнасьць “міронаў” — тых, хто вывешвае сьцягі — прыносіць шмат клопату:

Сяргея Каваленку прывезьлі ў суд з ізалятара часовага ўтрыманьня.
“Міліцыянты з Чыгуначнага РАУСу дужа занепакоеныя з тае прычыны, што ў нас вывешваюць сьцягі. Маўляў, дужа нязручна здымаць іх з электрычных дратоў, слупоў, дахаў. Дужа былі раззлаваныя, казалі, што нейкія басурманы тут у Віцебску завяліся…”

Мінулую ноч Сяргею Каваленку давялося правесьці пад вартай у ізалятары часовага ўтрыманьня. Пра ўсе акалічнасьці, зьвязаныя зь бел-чырвона-белым сьцягам, Сяргей Каваленка распавядаў сваім сябрам у калідоры суду. Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў, які праводзіў разбор у сваім кабінэце, не пусьціў на працэс ні журналістаў, ні сяброў, ні нават Сяргеевага стрыечнага брата Кастуся Чарнова:

Кастусь Чарноў абураны, што яго не пусьцілі на суд.
“Нас сабралася шэсьць чалавек, сябры Сяргея Каваленкі і я, стрыечны брат. Хацелі паслухаць і паглядзець, што такое наша правасудзьдзе. Меркавалі зайсьці разам зь ім, але судзьдзя ў вельмі жорсткай форме, ледзьве не з крыкамі выставіў нас за дзьверы. Маўляў, ня трэба мне тут вашых зборышчаў…”

Пасьля сёньняшняга суду неўзабаве можа адбыцца наступны: амаль адначасова зь Сяргеем Каваленкам учора затрымалі яшчэ аднаго актывіста, Тараса Сургана.
Тарас Сурган
Хлопца затрымалі паводле падазрэньняў, што ён датычны да зьяўленьня сьцяга на плошчы Свабоды.

Затрыманьнем кіраваў чалавек у цывільным. У Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі ён паведаміў спадару Сургану, што міліцыянты перагледзяць візуальны матэрыял, адзьняты вулічнымі відэакамэрамі ў гэтым раёне гораду. І ў тым выпадку, калі зьявяцца неаспрэчныя доказы таго, што сьцяг вывесіў менавіта ён, Тараса Сургана таксама чакае суд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG