Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На агульным сходзе менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ абвешчана рашэньне стварыць ініцыятыўную групу па вылучэньні экс-старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага кандыдатам на будучыя прэзыдэнцкія выбары.

Як паведаміў кіраўнік Менскай арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч, ініцыятыўная група ўтвараецца ўнутры партыі з тых яе сябраў, якія бачаць кандыдатам на наступных выбарах Лявона Баршчэўскага. Хто будзе кіраваць ініцыятыўнай групай, стане вядома ў бліжэйшыя дні. На гэты момант разглядаюцца некалькі кандыдатур: Вінцука Вячоркі, Віктара Івашкевіча, Аляксандра Меха. Паводле самога Лявона Баршчэўскага, усе гэтыя людзі будуць кіраваць ягонай ініцыятыўнай групай. Ён перакананы, што мае патэнцыял, каб перамагчы на будучых выбарах прэзыдэнта:
у мяне найлепшыя шанцы былі б перамагчы ...

“Я лічу, што ў мяне найлепшыя шанцы былі б перамагчы, але ёсьць сапраўды праблема згуртаваць вакол сябе людзей. І калі гэтую першую праблему ўдасца вырашыць, то чаму не — ёсьць усе шанцы. Кампрамату на мяне ні ў кога няма, энэргіі хапае, палітычнага досьведу таксама”.

Лявон Баршчэўскі мяркуе, што на выбарах 2011 году сытуацыя будзе больш спрыяльнай для апазыцыі, чым у 2006 годзе, і да яе трэба рыхтавацца ўжо цяпер. Кіраўнік менскай арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч перакананы, што Баршчэўскі здольны перамагчы Аляксандра Лукашэнку.

Віктар Івашкевіч
“Ён быў у камандзе тых, хто перамагаў КПСС у 1991 годзе. Зараз сытуацыя падобная. У сытуацыі крызісу, тэктанічных зрухаў ён у 1991 годзе паказаў свае здольнасьці, будучы ў апазыцыі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, калі ў абсалютнай меншасьці апазыцыя прымусіла камуністычную большасьць абвесьціць незалежнасьць і ўзьняць бел-чырвона-белы сьцяг”.

На верасьнёўскім зьезьдзе Партыі БНФ, на якім Лявон Баршчэўскі прайграў Аляксею Янукевічу выбары старшыні партыі, было вырашана, што канчаткова фармат удзелу БНФ у будучых прэзыдэнцкіх выбарах і магчымы партыйны кандыдат ад БНФ будзе абраны на пазачарговым зьезьдзе вясною 2010 году. Такім чынам, Баршчэўскі — адзін з магчымых прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдата ад партыі БНФ. Стварэньне ініцыятыўнай групы не супярэчыць рашэньням зьезду, мяркуе Лявон Баршчэўскі. Ён кажа, што падпарадкуецца рашэньню зьезду партыі, нават калі той вырашыць вылучыць кандыдатам іншага.

“Я заўсёды быў за шчырае спаборніцтва. Калі партыя вырашыць іншага, то я не магу выступаць супраць партыйнага кандыдата — гэта было б парушэньнем дысцыпліны. Тут выйсьце будзе — альбо выйсьці з партыі, альбо з гэтым пагадзіцца. Я пакуль не гатовы на выйсьце з партыі”.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч мяркуе, што рашэньне стварыць ініцыятыўную групу Баршчэўскага не парушае пастановаў зьезду, але сам ён паставіўся да гэтай падзеі скептычна:

Аляксей Янукевіч
“На маю думку, гэта досыць несур’ёзна. Але паглядзім… Несур’ёзна, паколькі цягам апошніх месяцаў да зьезду, апроч заяваў, што ён гатовы ісьці, спадар Лявон ня сьцьвердзіў сваё рэальнае жаданьне ўдзельнічаць і перамагаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Зараз будзе паўгода да зьезду, дзе будзе вызначацца партыйны кандыдат, каб прадэманстраваць сябрам фронту, што ён мае сапраўды сур’ёзны намер і асабістую матывацыю ўдзельнічаць у гэтых выбарах, а ня быць нейкай шырмай, як, на жаль, гэта было на зьезьдзе, дзеля спробы сваёй каманды захаваць нейкі ўплыў на сябраў фронту”.

У сваю чаргу, у адмысловым лісьце да сябраў партыі Лявон Баршчэўскі заявіў, што новы кіраўнік БНФ “Аляксей Янукевіч ня можа ані канкураваць з А. Мілінкевічам, ані рэальна запярэчыць яму. Для Лукашэнкі таксама ён не ўяўляе інтарэсу як самастойная фігура, у той час як мяне Лукашэнка пабойваецца, добра ведаючы мае здольнасьці, прынцыповасьць і байцоўскія якасьці”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG