Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я не шкадую, што наша вёска засталася ў Польшчы”


Ці не хацелі б вы, каб ваша вёска пасьля Другой сусьветнай вайны засталася ў складзе Беларусі, як гэта было пасьля 1939 года? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да жыхароў вёскі Гнецюкі гміны Заблудаў Падляскага ваяводзтва.




Спадар:
“Цяпер ужо добра так, як ёсьць. А, наагул, усёроўна: ці ў Беларусі, ці ў Польшчы была б наша вёска. Мы ж да гэтага ня мелі ніякага дачыненьня, улады самі ўсталявалі мяжу і ўсё. Вось, каб была граніца, як у 1941 годзе, то засталіся б у Беларусі, але, думаю, адна халера, бо рабіць і тут і там трэба”.

Спадарыня: “Прывыклі мы ўжо тут і нам тут добра”.

Карэспандэнт: “А ці даводзілася вам бываць у Беларусі?”.

Спадарыня: “Там не была, але ведаю, як людзі жывуць, бо там ёсьць сваякі, яны да нас прыяжджалі...”.

Спадар: “Барані Божа, каб наша вёска засталася ў Беларусі. Некалькі гадоў таму я быў ў Беларусі і бачыў як там жывуць людзі ў калгасах, што робяць, як Горадня выглядае... Яшчэ Горадня, то добра выглядае, але быў у адным горадзе на Ўсходзе, то там усё ў руінах, няма нават пра што казаць”.

Спадарыня: “Хіба лепей, што наша вёска засталася ў Польшчы. Маёй бабулі дзьве сястры, калі вярталіся з бежанства, выйшлі замуж у ваколіцах Берасьця, а мая бабуля вярнулася сюды. Тут было лепей, бо працавалі на сваёй зямлі, а тыя ў калгасе, дзе адно марнатраўства. Мая бабуля казала так: “У калгасе добра жыць: адзін робіць – сем ляжыць...”.

Спадар: “Я не хацеў бы, каб нашая вёска была ў Беларусі. Усе мае дзяды, прадзяды жылі тут і мне добра тут. Мне ў Польшчы добра”.

Спадарыня: “Але ў нас тут заўсёды была сапраўдная Беларусь: вёска была вялікая на 200 гаспадарак, школа свая беларуская, цэркаў была, дзьве крамы, людзі размаўлялі, як хацелі, на сваёй мове. Было толькі дзьве каталіцкія сям’і, а так ўсе праваслаўныя. У нас была дзяржава ў дзяржаве”.

Спадарыня: “Ці я цяпер ведаю? Было заўсёды і тут добра, а як будзе далей..., хто яго ведае. А так мы гаспадарку мелі, пабудаваліся ў Беластоку. На сваёй зямлі лепей, чым у калгасе”.

Спадар: “Добра як ёсьць, але ў калгасе лепей, праўда, іх паразвальвалі. Лепей таму што там былі машыны, а на сваёй гаспадарцы даводзілася ўсё рабіць рукамі”.

Спадарыня: “Нам і так і так добра, абы нам грошы давалі і каб здаровыя былі”.

Спадар: “Я не шкадую, што наша вёска засталася ў Польшчы, бо думаю, што не было б такой свабоды, каб мы былі ў Беларусі. Ды й працаваць давялося б у калгасе, а тут кожны меў сваю зямлю і на ёй працаваў. А працавць на свой рахунак, думаю, значна лепей...”





16 верасьня слухайце ў эфіры і чытайце на сайце што на гэтае пытаньне адказваюць жыхары беларускай вёскі Індура.
XS
SM
MD
LG