Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянская бабуля В. Мароз: “Ёй не дазвалена ехаць да нас”


Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй, 2006

Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй, 2006

Ліст Марыі Элены Дан’іны, італьянскай бабулі Вікі Мароз, надрукаваны ў сёньняшняй італьянскай газэце Іl Giornale.

Нагодай для звароту ў рэдакцыю стала заява старшыні Генуэскага суду ў справах непаўналетніх Адрыяна Санса супраць дэпартацыі з Італіі дзяцей-нелегалаў. Адрыяна Санса сьцьвердзіў: “Мы маем законнае права не выконваць незаконныя загады”.

Элена Дан’іна называе судзьдзю крывадушнікам. Яна ўзгадвае падзеі трохгадовай даўніны, калі разам з бацькамі Алесандра і двума каталіцкімі сьвятарамі ўтойвала дзяўчынку ў Альпах. Так яны спрабавалі супрацьстаяць вяртаньню Вікі ў інтэрнат, дзе зь ёю кепска абыходзіліся. Тады, у верасьні 2006 году, з санкцыі доктара Сансы карабінэры зрабілі начны рэйд у альпійскі манастыр, гвалтоўна, не зьвяртаючы ўвагі на сьлёзы дзяўчынкі, павезьлі яе ў аэрапорт, каб даставіць туды, дзе яна нікому не была патрэбная, — нагадвае Элена Дан’іна.

Вічына прыёмная бабуля цытуе цяперашнія выказваньні Сансы аб “правах дзіцяці, якія павінны выходзяць за рамкі любога закону і нават Канстытуцыяў паасобных дзяржаў”. Яна лічыць гэтыя словы няшчырымі, бо Італія мела не адзін шанец, каб давесьці гэта на практыцы.

“Мы ня бачылі Віку тры гады, ёй больш не дазваляюць вяртацца ў Італію. А дзіця так любіць Італію, сваіх бацькоў Марыю К’яру і Алесандра”.

Элена Дан’іна ўяўляе сабе, што адбываецца ў душы ўнучкі, калі яе родны брат Саша зьбірае кожнае лета валізкі, каб накіравацца на канікулы ў Сардынію. “Аднак, напэўна, Італія ненавідзіць дзяўчынку, калі карае яе падобнымі выпрабаваньнямі, немагчымасьцю наведаць сям’ю”.

Элена Дан’іна ўзгадвае, як у свой час яе зяць Алесандра Джуста адшукаў у сардынскай сям’і Кальяры Вічынага роднага брата, пра якога дзяўчынка нічога ня ведала. Дзякуючы намаганьням Марыі К’яры і Алесандра брат і сястра пачалі сустракацца. “Мы шчасьлівыя, што гэтыя дзеці сёньня разам, што брат вельмі любіць сваю сястру і дапамагае ёй”, — кажа італьянка.

Паводле Элены Дан’іна, за сваё кароткае жыцьцё дзяўчынка перажыла сапраўдныя жахі — менавіта таму сям’я Джуста-Барначын дзейнічала так, як яна дзейнічала, і менавіта таму яна не губляе надзеяў на вяртаньне Вікі ў Кагалета.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG