Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хто есьць клёцкі, хто есьць хрэн, будзе як Сафі Ларэн!”


У вёсцы Гараны Полацкага раёну прайшоў першы ў Беларусі чэмпіянат па ядзеньні клёцак.

13 верасьня тут адзначалі Дзень вёскі, і таму амаль усе гаранцы сабраліся паглядзець на нечуванае відовішча ў сталоўцы мясцовай школы. Ішлі яны калёнай пад міліцэйскі духавы аркестар.

“Па галоўнай вуліцы з аркестрам”

Больш за сем гадзін працаўнікі прыватнага прадпрыемства “БелКа-Цэнтр” ляпілі клёцкі для ўдзельнікаў конкурсу. Іх спатрэбілася ажно 1600 штук, аднак намесьніца дырэктара Алена Верам’ёва лічыць, што страты гэтыя мізэрныя ў параўнаньні з будучымі прыбыткамі. Бо спаборніцтва едакоў сваёй прадукцыі яна лічыць выдатнай рэклямнай акцыяй.

Алена Верам”ёва, намесьніца дырэктара ПУП “БелКа-Цэнтр”

Рэклямавалі сваю прадукцыю і іншыя мясцовыя вытворцы: Полацкі камбінат хлебапрадуктаў — тут робяць манныя крупы, адзін зь неадменных інгрэдыентаў клёцак, і Полацкі малочны завод — адтуль удзельнікам конкурсу падвезьлі сьмятану, малако і кефір, каб клёцкі “лягчэй ішлі”.

Прадстаўнікі адміністрацыі Полацкага малаказаводу падтрымлівалі канкурсантаў, не забываючы дадаваць: “Нашы сьмятана і малако - самыя натуральныя!”

Чэмпіянат складаўся з трох конкурсаў: “Жалезны страўнік” — хто больш зьесьць клёцак за пяць хвілін, “Спрытныя сківіцы” — есьці клёцкі трэба было безь відэльца ды нажа, але з дапамогай зубачысткі, “Хто пасьпеў, той і зьеў” — на колькасьць зьедзеных клёцак.

Удзельнікі конкурсу “Хто паспеў, той і зьеў”

Гледачы адзначалі, што канкурсанты не нагадвалі ўдзельнікаў аналягічных замежных спаборніцтваў, калі на хуткасьць ядуць хот-догі ці піцу: елі нясьпешна, з пачуцьцём уласнай годнасьці. А падчас конкурсу з зубачысткамі выглядалі нават элегантна.

Эдуард Чуркін з каманды малаказаводу кажа, што еў бы клёцкі нават кітайскімі палачкамі - такія яны смачныя

У спаборніцтве ўзялі ўдзел 20 каманд з трох чалавек, па адным удзельніку на кожны конкурс. У асноўным гэта былі прадстаўнікі мясцовых СПК. Але далучыцца да іх вырашылі і супрацоўнікі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі — карэспандэнты БелТА, “Советской Белоруссии” і розных каналаў тэлебачаньня.

Карэспандэнт “СБ” Сяргей Галесьнік у конкурсе не перамог -падняўся ад стала адным з апошніх. Але кажа, што атрымаў сапраўднае задавальненьне. Дарэчы, бульбяныя клёцкі ён еў упершыню ў жыцьці

Загадчыца ідэалягічнага аддзелу Людміла Гаўрылава, якая вяла імпрэзу, увесь час зьвяртала ўвагу едакоў і гледачоў на тое, што гэты конкурс — “ня проста абжыралаўка”. Ягоныя ініцыятары і арганізатары з Полацкага райвыканкаму бачылі яго ня толькі як забаўляльную, але і як “антыкрызісную” імпрэзу — каб пра прадукцыю мясцовых прадпрыемстваў праз СМІ даведаліся па ўсёй Беларусі.

“Галоўны ідэаляг” раёну Людміла Гаўрылава(у цэнтры) паміж “балельшчыкаў”

Дзяўчаты-“чырлідэркі” скандавалі вершыкі, каб падтрымаць вясёлы настрой. Вершыкі былі забаўныя: “Хто есьць клёцкі, хто есьць хрэн, будзе як Сафі Ларэн!”, “Есьці клёцкі — не прапасьці, у кнігу Гінэса папасьці”.

Дзяўчаткі з Дабранскай школы рэклямуюць клёцкі

Пераможцам чэмпіянату “Абжора-2009” стаў работнік Полацкага малочнага камбінату Ўладзімер Якімаў. Такім чынам быў усталяваны першы сусьветны рэкорд па ядзеньні клёцак зь мясной начынкай, або, як кажуць на Полаччыне, “з душамі”—16 клёцак за пяць хвілін, а гэта амаль цэлы кіляграм.

Дарэчы, за агульны стол з удзельнікамі конкурсу прадпрыемства “БелКа-Цэнтр” запрасіла й мясцовых дзетак. Хто-ніхто, як выявілася, мог нароўні паспаборнічаць і з дарослымі.

У вучняў мясцовай школы таксама добры апэтыт

Пакаштаваць клёцкі прапанавалі і ўсім гледачам. У школьным двары тым часам “антыкрызісную дэгустацыю” бліноў з грачанай мукі арганізаваў Полацкі камбінат хлебапрадуктаў, а малочны камбінат бясплатна частаваў дзетак марозівам.
XS
SM
MD
LG