Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Літвы прыняў беларускую апазыцыю


Вільня
Вільня
Сёньня ў Вільні падчас візыту прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі правялі сустрэчы з шэрагам высокапастаўленых асобаў. У размовах закранаўся плянаваны візыт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Вільню 16 верасьня. Сёньня ж у Вільні сумесна з прэм’ер-міністрам Андрус Кубілюсам беларуская дэлегацыя правяла прэсавую канфэрэнцыю.

Прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі, а сярод іх старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, правялі сустрэчы з прэм’ер-міністрам Літвы Андрусам Кубілюсам, міністрам замежных справаў Вігаўдасам Ушацкасам, а таксама са сьпікерам літоўскага сэйму Арунасам Валінскасам. Анатоль Лябедзька адзначае, што ініцыятыва гэтага візыту сыходзіла зь літоўскага боку, “ніхто не напрошваўся на гэтую паездку”.

Анатоль Лябедзька
“Для нас гэта важна, што літоўскія ўлады лічаць важным праводзіць кансультацыі з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і не трымаюць гэту сытуацыю ў кулюарах. Для нас галоўнай мэтай было акцэнтаваць увагу на праблемах, якія ёсьць унутры Беларусі, таксама паўплываць на парадак дня, які рыхтуецца да сустрэчы з Лукашэнкам. Для нас вельмі важна, каб былі зробленыя правільныя акцэнты і быў ясны, зразумелы мэсыдж з боку прадстаўнікоў літоўскай улады”.

Спадар Лябедзька мяркуе, што мандат на сустрэчы літоўскага кіраўніцтва з А.Лукашэнкам ёсьць ад Брусэлю, гэта ня толькі фармат двухбаковых стасункаў.

“У лістападзе дэд-лайн, Эўразьвязу трэба вызначацца, што рабіць з санкцыямі. І вось гэтая сустрэча, якраз скіравана на тое, каб даслаць ясны, зразумелы мэсыдж беларускім уладам”.

Прэм’ер-міністар Андрус Кубілюс адзначыў, што з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі абмеркавана многа важных пытаньняў, якія магчыма абмеркаваць і зь лідэрамі беларускай улады. Сярод іх магчымасьці праграмы “Усходняе партнэрства”. Прэм’ер Літвы заявіў, што Беларусі ў сфэры правоў чалавека і дэмакратыі патрэбныя зьмены. І ў зьвязку з новымі прэзыдэнцкімі выбарамі, неабходна зьмяніць выбарчае заканадаўства. Спадар Кубілюс нагадаў, што да лістапада беларускія ўлады павінны зрабіць “хатнюю працу”. Ён заявіў, што Літва праводзіць адносна Беларусі палітыку Эўразьвязу.

Андрус Кубілюс не выключае сваёй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Са свайго боку, падчас сустрэчы з беларускімі апазыцыянэрамі сьпікер парлямэнту Арунас Валінскас выказаў зьдзіўленьне, што Літва стане першай дзяржавай Эўразьвязу, якая прыме Лукашэнку на вышэйшым узроўні.

Прадстаўнікі апазыцыі не хаваць, што да прыезду Лукашэнкі ў Вільню рыхтуюць акцыі пратэсту. Павал Севярынец падсумаваў вынікі сустрэчы з прадстаўнікамі літоўскіх уладаў.

Павал Севярынец
“На ўсіх узроўнях нас запэўнівалі, што Літва хоча бачыць Беларусь незалежнай, дэмакратычнай і эўрапейскай. Адпаведныя пытаньні А. Лукашэнку, калі ён зьявіцца ў Вільні, абавязкова зададуць. Пытаньні канкрэтныя, датычныя лёсу палітвязьняў, рэгістрацыі палітпартый і арганізацый, адмены рэпрэсіўных артыкулаў крымінальнага кодэксу і заканадаўства. То бок максымальна канкрэтныя пытаньні. І тут усе сьцьвярджаюць, што прагматычныя інтарэсы не заслоняць пытаньняў дэмакратыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG