Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кнігу Дубаўца можна параўнаць з маральным кодэксам”


Віталь Тарас

Віталь Тарас

Журналіст Віталь Тарас быў рэдактарам новай кнігі Сяргея Дубаўца “Як?” зь бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Таму ён ня толькі ўважліва чытаў і перачытваў яе задоўга да выхаду з друку, але шукаў і знаходзіў аналёгіі і параўнаньні, часам парадаксальныя.

“Мне пашчасьціла, відаць, больш, чым іншым чытачам, якія будуць чытаць гэтую кнігу, таму што мне давялося прачытаць яе некалькі, нават шмат разоў паводле абавязкаў рэдактара. Але і яшчэ раней, калі эсэ Дубаўца зьяўляліся на сайце “Свабоды”, я іх чытаў. Тады яшчэ я ня думаў, што ўбачу іх у кнізе.

Цяпер, калі я трымаю кнігу ў руках, прыйшло ўсьведамленьне таго, што гэта ня проста зборнік, а гэта цэласная кніга. Аўтар падыходзіў да яе нават стражэй, чым рэдактар, таму што давялося адмаўляцца ад некаторых эсэ і аўтар пры гэтым быў бязьлітасны, адсякаў усё лішняе.

Кнігу трэба чытаць усю, не выхопліваючы асобныя эсэ, хаця ў ёй ёсьць і такія, якія мне найбольш блізкія. Напрыклад, “Як застацца?”. У ім такая ня вельмі папулярная тэма, як пахаваньне і надмагільныя помнікі, раскрытая вельмі тактоўна. Ці “Як хітраваць?”, якое я лічу адным з найбольш парадаксальных эсэ.

Што мяне яшчэ ўразіла, дык гэта мастацкае афармленьне, якое я ўбачыў ужо ў гатовай кнізе, вось гэтыя літары на вокладцы мастака Генадзя Мацура.

Працуючы над пасьляслоўем да кнігі, я шукаў, з чым параўнаць публіцыстыку Дубаўца. І неяк раптам падумалася, што ў ёй ёсьць нешта агульнае з мастацтвам вайны ў старажытнай Японіі, якое было зводам ня толькі стратэгіі і тактыкі, але і пэўных этычных правілаў. І вось я гляджу на гэтыя літары на вокладцы і бачу нешта падобнае да японскай каліграфіі.

Гэтую кнігу яшчэ можна ўспрымаць як пэўны звод этычных правілаў, код альбо кодэкс. Зразумела, не маральны кодэкс будаўніка камунізму, які, напэўна, і ня ўсе цяпер памятаюць, а нешта зусім новае. Тэкст яго ня вельмі цяжкі для чытаньня, і я зайздрошчу тым, хто яго яшчэ толькі будзе чытаць”.

Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Дубаўца “Як?” адбудзецца 16 верасьня а 18-й гадзіне ў малой залі менскай філярмоніі.
XS
SM
MD
LG