Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьмяротнасьць маладых мужчын як беларуская адмета


Згодна з вынікамі перапісу насельніцтва 1999 году, у краіне жыло 10 мільёнаў 46 тысяч чалавек. Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 1 жніўня 2009 году — 9 мільёнаў 662 тысячы. Толькі за апошні год колькасьць беларусаў скарацілася амаль на 13 тысяч.

Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) істотна дапамагае ў правядзеньні перапісу насельніцтва ў Беларусі. Згодна з праектам, разьлічаным да 2012 году, Фонд выдаткуе 830 тысяч даляраў, а таксама забясьпечыць дапамогу міжнародных экспэртаў. Якія праблемы хвалююць адмыслоўцаў, чаму міжнародныя структуры зацікаўленыя ў аб’ектыўнасьці і праўдзівасьці дадзеных перапісу насельніцтва Беларусі?

Каардынатар праекту Фонду ЮНФПА “Аказаньне судзеяньня ў падрыхтоўцы і правядзеньні перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году” Тацяна Гаплічнік расказала:

“Дэмаграфічная статыстыка — аснова паказьнікаў, лічбаў, якая стварае малюнак краіны. Натуральна, міжнародная супольнасьць зацікаўленая ў гэтым. І перапіс дае ўнікальную магчымасьць мець зьвесткі, лічбы пра характарыстыкі насельніцтва па вельмі дробных геаграфічных сэгмэнтах краіны”.

Экспэрт праекту ААН, доктар геаграфічных навук Кацярына Анціпава кажа, што скарачэньне насельніцтва – заканамернае эвалюцыйнае разьвіцьцё, характэрнае для ўсіх краінаў Эўропы. Іншая рэч — чаму гэта адбываецца:

“Мала таго, што колькасьць насельніцтва Беларусі скарачаецца з-за зьніжэньня нараджальнасьці, дык яшчэ адна з сур’ёзных прычын — высокая сьмяротнасьць мужчын маладога, працаздольнага ўзросту. Вось у чым яшчэ наша нацыянальная асаблівасьць”.

Адбываецца дэмаграфічнае старэньне насельніцтва, і калі высокаразьвітыя краіны гэта перажываюць спакайней, для Беларусі — гэта балючая праблема, лічыць адмыслоўца ў галіне дэмаграфіі Кацярына Анціпава:

“Гэта важны дзяржаўны стратэгічны дакумэнт, таму што ён дае зьвесткі пра колькасьць працоўных рэсурсаў і эканамічна актыўнага насельніцтва — ці забясьпечана краіна працоўнымі рэсурсамі. Другая прычына, навошта перапіс патрэбны, — колькі прыйдзе на зьмену, які патэнцыял моладзі. Адсюль — колькі настаўнікаў, садкоў, школ. Ну, і трэці аспэкт — вось гэтае старэньне насельніцтва”.

Каардынатар праекту ААН Тацяна Гаплічнік адзначыла, што ў Беларусі, як і ў шмат якіх іншых краінах сьвету, дадзеныя перапісу не выкарыстоўваюцца напоўніцу. А яны павінны выкарыстоўвацца для выпрацоўкі дзяржаўных праграм ува ўсіх сфэрах:

“Мы як Фонд ААН у галіне народанасельніцтва зацікаўленыя, па-першае (дарэчы, як і краіна), у якасьці і дакладнасьці зьвестак. Бо папярэдні перапіс паказаў, што ёсьць вялікі працэнт неадказаў: людзі не пускаюць у кватэры. Мы дапамагаем Белстату распрацоўваць праграму ацэнкі перапісу, то бок каб сам Нацыянальны статыстычны камітэт ведаў, наколькі дадзеныя праўдзівыя, дзе ёсьць праблемы з дакладнымі зьвесткамі”.
XS
SM
MD
LG