Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску фіксуецца рост колькасьці бамжоў. Пра гэта сёньня карэспандэнту “Свабоды” паведамілі ў так званым Доме начнога знаходжаньня, што на вуліцы Ваўпшасава. Зараз тут занятыя ўжо 50 ложкаў, і яшчэ больш як на 20 ёсьць чарга зь менскіх бяздомных.

“Свабода” дасьледуе крызісную тэму. Нашы карэспандэнты высьвятляюць сытуацыю ня толькі ў сталіцы, але й рэгіёнах.

Менск


Дзяржаўную службу дапамогі бамжам падтрымае дабрачынная рэлігійная арганізацыя “Карытас”


У Менску павялічыўся попыт на паслугі адзінага ў горадзе Дому начнога знаходжаньня для асобаў бяз пэўнага месца жыхарства. На падтрымку дзяржаўнай службе ў справе дапамогі бамжам рыхтуецца прыйсьці дабрачынная рэлігійная арганізацыя “Карытас”. Падрабязнасьці падае Галіна Абакунчык.

Дом начнога знаходжаньня ад самага адкрыцьця ніколі не пуставаў, аднак зараз бяздомных, якія прыходзяць па дапамогу, паболела, кажа кіраўнік гэтай установы Мікалай Вяркееў:

+“Увесь час прымаем людзей, а зараз ужо пайшоў наплыў. Кагосьці ўладкоўваем ў дамы-інтэрнаты, працаўладкоўваем”

Вяркееў: “Увесь час прымаем людзей, а зараз ужо пайшоў наплыў. Зараз 50 чалавек, а да канца месяца, думаю, будзе 70. Кагосьці ўладкоўваем у дамы-інтэрнаты, працаўладкоўваем. Самы малады ў нас — 27 год. Шмат пэнсіянэраў-інвалідаў, якім дапамагаем аформіць пэнсію, спрабуем уладкаваць у дамы-інтэрнаты для пэнсіянэраў-інвалідаў. У каго ёсьць сваякі — выклікаем, некаторых забіраюць, некаторых не. У асноўным мы прымаем менчукоў, але ж ёсьць і іншагароднія”.

Карэспандэнтка: “Здараецца так, каб усе месцы былі занятыя?”

Вяркееў: “Абавязкова”.

Карытас” мае ўжо сталоўкі ў Горадні й Віцебску.
Паводле спадара Вяркеева, зараз насельнікі Дому начнога знаходжаньня харчуюцца пры адной зь менскіх цэркваў. Найбольшая колькасьць — 90 чалавек. Але начлег і харчаваньне патрэбныя значная большай колькасьці людзей, і ня толькі ў Менску, мяркуе кіраўнік каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас” айцец Аляксандар:

“У „Карытасе“ ў Гародні ёсьць сталоўка для такіх людзей. Наколькі ведаю, ёсьць у Віцебску. Мы таксама жадаем зрабіць падобную. У плянах таксама зрабіць якісьці прытулак для такіх людзей. Так, патрэбна, бо вельмі шмат такіх людзей”.

Сталоўка для бяздомных у Менску некалькі гадоў таму была адкрытая пры касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску. Але неўзабаве сталічныя ўлады яе зачынілі.

Берасьцейшчына


Да фэсту “Дажынкі-2009” Кобрын зачышчаюць ад бамжоў


У Беларусі афіцыйна абвешчана, што чарговы фэст-кірмаш працаўнікоў вёскі адбудзецца 19-20 жніўня ў райцэнтры Кобрын на Берасьцейшчыне. Мясцовая ўлада тэрмінова высяляе з гарадка вулічных валацугаў. Гэта спраўдзіў сёньня “Свабодзе” галоўны санітарны ўрач Берасьцейшчыны Алег Арнаутаў:

“Органы міліцыі праводзяць рэйды, адшукваюць і забіраюць гэтых асацыяльных людзей. Прывозяць на наш санпрапускнік. Там іх аглядаюць дактары. І там жа іх мыем, чысьцім, дэзынфікуем і вяртаем міліцыянтам”.

Жыхар Кобрына Аляксандар Мех кажа, што на час “Дажынак” алькаголікаў зь ліку бамжоў ізалююць у ЛТП, хворых — у лякарні. Іншых пераапрануць, накормяць абедам і пераселяць часова ў вёскі, дзе цяпер шмат пустых дамоў. Пасьля, як пераконвае спадар Мех, існаваньне гэтых бяздомных і беспрацоўных людзей вернецца ў будзённае рэчышча.

“Тут ёсьць згуртаваньне людзей, якія амаль штодня раніцай сустракаюцца разам. Шукаюць грошы на пляшку таго ж віна. Але ж пасьля яны ж шукаюць і працу. Па іх прыяжджаюць і бяруць на цяжкую працу ў прыватны сэктар. Да прыкладу, выкапаць каналізацыю, разгрузіць цэглу.

У крызіс на Берасьцейшчыне ўлады скарацілі колькасьць прафіляктычных акцыяў “Бомж”.
Паводле дадзеных Берасьцейскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, у рэгіёне выяўлена больш як 316 асобаў бяз пэўнага месца жыхарства. 70% зь іх -мужчыны, пераважна ад 35 да 50 гадоў. Зрэшты, гэтыя дадзеныя ўжо састарэлі, бо ад апошняй плянавай апэрацыі “Бомж” на Берасьцейшчыне мінула больш як паўгода. У крызіс у бюджэце не хапае сродкаў. Алег Арнаутаў прызнаецца:

“Ведаеце, мне гэтую тэму абмяркоўваць зараз прадметна складана”.

У Баранавічах, што таксама на Берасьцейшчыне, праблема бяздомных пашыраецца. Гаворыць тамтэйшы прадпрымальнік Мікалай Чарнавус:

“У маім разуменьні Баранавічы — гэта вёска. Тутэйшы народ кажа, што вось тая жанчына, якую штодзень бачым ля сьметніцы, жыла ў вёсцы, вяла гаспадарку, усё было нармальна. А як яна ператварылася ў бамжа? Дый астатнія ж бамжы, як гаворыцца, нашы”.

Сёлета прадпрымальнік і актывіст апазыцыі Мікалай Чарнавус чатыры разы карміў бяздомных бясплатнымі гарачымі абедамі. Наступны раз плянуецца на 1 кастрычніка, калі ў Беларусі афіцыйна адзначаецца дзень людзей сталага веку.

Гомельшчына


Як гамельчукі становяцца бамжамі? Прызнаньні бяздомных


Апошнім часам у Гомелі заўважна прыбавілася бамжоў. Яны сядзяць у людных месцах па прыступках, просячы міласьціну, рыюцца ў дварах у кантэйнэрах для сьмецьця, каб знайсьці рэшткі ежы альбо парожнюю бутэльку. Хто яны, гэтыя вартыя жалю людзі? Чаму апынуліся на сацыяльным дне?

Спадар Юры Лукіч, як ён сам сябе называе, часта прыходзіць да ўнівэрмагу “Гомель”. Сядае на прыступках, здымае зношаныя дашчэнту красоўкі, агаляючы найперш правую нагу, моцна разьедзеную экзэмай ці нейкай падобнай хваробай. Такім чынам спадзяецца выклікаць жаль у мінакоў — глядзіш, і пакладзе нехта 50 ці 100 рублёў на разасланую побач газэту:

“Юрый Лукіч. Я сам з Казахстану. Сюды прыехаў па выкліку ў 1982 годзе. На ЗЛІНе працаваў. Зараз боўтаюся паміж небам і зямлёю: я — часовы бомж. Сяджу пакуль, чакаю хлопца. Абяцаў грошай крыху даць, каб хоць паўбулкі хлеба ўзяць”.

Юры кажа, што прапісаны ён у гомсельмашаўскім інтэрнаце па вуліцы Барыса Царыкава. Чаму апынуўся на вуліцы, цяжка высьветліць дакладна. У яго надта аслаблены слых. Відавочна, што й мэдычная дапамога чалавеку патрэбна — ён нават з кульбакай ледзьве клыпае на хворых нагах.

У падземным пераходзе ля ўнівэрмагу з кардоннай скрыначкай для падачак прытуліўся спадар Міхась. Праз два месяцы яму будзе 50 гадоў. Кажа, што бамжуе трэці месяц. Жанчына, зь якой жыў, выгнала. Сам ён працаваў на будоўлях, атрымаў траўму. Апошнім часам быў дворнікам:

Я сам сябе кармлю. Атрымліваецца і на пракорм, і на выпіўку.
“Я сам дворнікам працаваў. Мне балюча, што заробак у дворнікаў маленькі. Цяпер я бяздомным застаўся. Сплю ў палісадніку ля 16-й школы. Дзе 16-я школа, там ёсьць палісаднік. Там я й сплю”.

Міхаіл жаліцца, што яго беспадстаўна крыўдзіць міліцыя. Абвінавачваюць яго ў розных грахах. А ён толькі й робіць, што шчыруе ў падземным пераходзе:

“Я зьбіраю на лекі. Бывае, і на булачку хлеба людзі дадуць. Але галоўнае — на лекі. Мне трэба два кляпаны ў сэрцы мяняць. Трэба класьціся на сардэчную апэрацыю, а я — 990-ты ў чарзе. Сказалі, калі зробяць апэрацыю, аформяць інваліднасьць 1 групы. Цяпер у мяне трэцяя група — паўгубы няма, але гэта лічыцца рабочай групай.

38-гадовы Андрэй бамжуе 8 гадоў. Туляецца больш у мікрараёне “Стары Аэрадром”. Працаваў калісьці ў Расеі. Калі вярнуўся, яго дома ўжо не чакалі. Годнага занятку ў горадзе не знайшоў. Пачаў бамжаваць. На пракорм зарабляе зборам пустых бутэлек. Калі моцна прыцісьне, зьвяртаецца ў дом міласэрнасьці сясьцёр Маці Тэрэзы. Больш няма куды — ніякіх начлежак для бяздомных у горадзе няма:

“Я сам сябе кармлю. Бутэлькі зьбіраю й здаю. Атрымліваецца і на выпіўку, і паесьці. А калі моцна прыцісьне, вунь ёсьць гуманітарка — у Маці Тэрэзы”.

Даведка “Свабоды”
Бомж
— гутарковае слова, якое паходзіць ад расейскай абрэвіятуры БОМЖ (“без определенного места жительства”). Увайшло яно ў моўны зварот у 1970-я гады, калі абрэвіятура БОМЖ — асоба бяз пэўнага месца жыхарства — пачала ўжывацца ў міліцэйскіх пратаколах затрыманьня.

Паводле дадзеных Міністэрства працы й сацыяльнай абароны насельніцтва, у Беларусі больш як 800 тысяч чалавек не атрымліваюць ніякіх прыбыткаў — не працуюць, ня вучацца, не атрымліваюць ні пэнсіі, ні дапамогі па інваліднасьці.
XS
SM
MD
LG