Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: два сьцягі — двое затрыманых


Бел-чырвона-белы сьцяг на плошчы Перамогі ў цэнтры Віцебску.

Бел-чырвона-белы сьцяг на плошчы Перамогі ў цэнтры Віцебску.

Пасьля таго, як на Плошчы Перамогі і на плошчы Свабоды каля 18-й вечара зьявіліся два бел-чырвона-белыя сьцягі, міліцыянты затрымалі мясцовых актывістаў Сяргея Каваленку і Тараса Сургана.

Сьцяг на Плошчы Перамогі правісеў усяго каля 15-ці хвілін — яго зьнялі міліцыянты. Праз колькі хвілін міліцэйскі патруль затрымаў сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай Партыі БНФ Сяргея Каваленку, які фатаграфаваў нацыянальны сымбаль. Супрацоўнікі міліцыі павезьлі спадара Каваленку ў Чыгуначны РАУС, каб распытаць, ці ня мае ён дачыненьня да інцыдэнту.

На плошчы Свабоды бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся праз паўгадзіны пасьля першага. Ён быў вывешаны недалёка ад пешаходнага пераходу, і нейкі чалавек у цывільным сарваў яго ды кінуў пад ногі мінакам. Аднак яго “выратаваў” вулічны фатограф, які штодня прапануе віцяблянам сфатаграфавацца каля Летняга амфітэатру.

Сяргей Каваленка
Спадар схаваў сьцяг у торбу літаральна за паўхвіліны да таго, як на плошчы зьявіўся міліцэйскі патруль. Міліцыянты відавочна прыйшлі па нейкім сыгнале — яны пільна ўглядаліся ў навакольле і не разумелі, куды падзелася тое, дзеля чаго іх выклікалі. Фатограф сьцяг не аддаў — сказаў, што лепш пашые зь яго якую-небудзь цацку, зь якой таксама можна будзе сфатаграфавацца.

Тарас Сурган
Пакуль адна група міліцыянтаў выглядала сьцяг на плошчы Свабоды, другая затрымала актывіста “Маладой Беларусі” Тараса Сургана. Хлопец ішоў з сваім сябрам па мосьце імя Кірава, калі побач спынілася міліцэйская машына з супрацоўнікамі ў форме і адным грамадзянінам у цывільным. Сургана завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС.

На думку актывіста, затрыманьне магло быць выклікана тым, што і яго, і Сяргея Каваленку ўжо не аднойчы затрымлівалі за выкарыстаньне бел-чырвона-белых сьцягоў ды каралі арыштамі й штрафамі.
XS
SM
MD
LG