Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над экс-пракурорам цягнецца болей за месяц


Міхаіл Сьнягір
Міхаіл Сьнягір

У Вярхоўным судзе Беларусі за зачыненымі дзьвярыма працягваецца працэс над былым пракурорам Менскай вобласьці Міхаілам Сьнегіром, якому пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Працэс над Міхаілам Сьнегіром пачаўся першымі днямі жніўня і, як кажа прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Беларусі Злата Гурыновіч, скончыцца яшчэ ня хутка. Супрацоўніца суду трымае акалічнасьці працэсу ў сакрэце:

“Працэс ідзе, але ён закрыты. Вы ж ведаеце. Калі будзе прысуд, мы запросім журналістаў”.

Нагадаем, экс-пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра абвінавачваюць у службовых злоўжываньнях, атрыманьні хабару і незаконным захоўваньні боепрыпасаў. Злоўжываньні былога пракурора выявіліся ў тым, што ён нібыта чыніў супрацьдзеяньне былому гаспадару элітнай кватэры на вуліцы Ціміразева, якой сам імкнуўся авалодаць. Хабар Міхаіл Сьнягір нібыта атрымаў у выглядзе будаўнічых матэрыялаў ад былога дырэктара фірмы “Забудова” Міхаіла Кудзелкі, якога судзяць разам са Сьнегіром. Што да боепрыпасаў, нібыта знойдзеных у кватэры Сьнегіра, вядома толькі, што гэта нейкія патроны.

Адвакат Міхаіла Сьнегіра Анатоль Шапялевіч падчас працэсу ад кантактаў з журналістамі адмаўляецца. Сын абвінавачанага экс-пракурора Вадзім Сьнягір аднаго разу з уласнай ініцыятывы пазваніў Марыне Коктыш з “Народнай волі” і паведаміў, як пачуваецца ягоны тата і што зь ім цяпер адбываецца. Журналістка згадвае:

“Сказаў, што бацька яшчэ больш схуднеў, што ён нашмат радзей стаў дасылаць ім лісты, бо цэлы дзень знаходзіцца ў судзе, а потым яму трэба адпачыць ды падрыхтавацца да наступнага судовага дня. Кажа, што ён трымаецца, але, мне здаецца, у іх няма надзеі на тое, што ён ня будзе асуджаны”.

Скандал вакол Міхаіла Сьнегіра пачаўся ў лістападзе мінулага году. Падчас антыкарупцыйнай нарады Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў тады пракурора Менскай вобласьці ў карупцыі і паставіў пытаньне пра тое, адкуль у Сьнегіра грошы на элітную кватэру ў цэнтры Менску ды на загарадны катэдж. На той жа нарадзе была агучаная інфармацыя пра катэджны пасёлак, пабудаваны адказнымі супрацоўнікамі МУС на тэрыторыі ведамаснага дзіцячага садка на беразе Менскага вадасховішча. Фігурантаў таго скандалу неўзабаве звольнілі з працы, а іх катэджы адабралі і цягам году перадалі шматдзетным сем’ям. Праз два месяцы адправілі ў адстаўку і міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава.

Між тым некаторым з пакараных міліцыянтаў удалося выправіць сваё кар’ернае становішча. Гэтак, сярод звольненых быў намесьнік міністра ўнутраных спраў Віктар Філістовіч. Днямі яго прызначылі прадстаўніком Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG