Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць пытацца пра родную мову падчас перапісу?


Блянк, перапіс насельніцтва

Блянк, перапіс насельніцтва

Празь месяц, з 14 па 24 кастрычніка, у Беларусі адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва. Чым ён будзе адрозьнівацца ад папярэдняга перапісу 1999 году?

Перапісчык зьявіцца да грамадзянаў са значкам на расейскай мове. Лягатып перапісу таксама зроблены па-расейску, незалежна ад таго, на якой мове перапісны ліст — на беларускай ці расейскай. Засьцярогі многіх людзей выклікае фармулёўка 10-га пытаньня: “Ваша родная мова”, дзе ў дужках удакладняецца — “мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве”. Намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Сьвятлана Навасёлава патлумачыла, чаму зьявілася менавіта такая фармулёўка пытаньня:

“Гэта рэкамэндацыя ААН. Мы ж карыстаемся міжнароднай мэтадалёгіяй для міжнароднай супастаўляльнасьці дадзеных, і ўсе прымяняюць такую мэтадалёгію. Мы ж ня толькі нацыянальны, але і міжнародны перапіс праводзім”.

Арганізатары перапісу пакінулі такую фармулёўку, нягледзячы на пратэсты старшыні ТБМ Алега Трусава. Ён кажа, што нават у Савецкім Саюзе проста пыталіся ”Ваша родная мова”, не спасылаючыся на рэкамэндацыі ААН.

Алег Трусаў
“Гэта бяруць нейкія рэкамэндацыі для адсталых, непісьменных народаў і прыпісваюць нам, каб працягнуць русыфікацыю. Зроблена ўсё, каб грамадзянін напісаў “руская мова”, асабліва для мінчан, якія вучыліся ў расейскіх школах. Зроблена адмыслова. І таму грамадзяне з дапамогай “Свабоды” павінны ведаць, што родная мова — не абавязкова зь дзяцінства. Вы можаце на гэтую мову перайсьці і ў сто гадоў, яна будзе ў вас родная. Гэта спэцыяльна зроблена, каб заблытаць людзей. Многія беларусы пераходзяць на беларускую мову ў сталым узросьце, а ў дзяцінстве дома гавораць па-руску. Дык і што? У іх родная мова руская тады, выходзіць?”

Сьвятлана Навасёлава пераконвае, што перапісчыкі будуць працаваць на дзьвюх мовах і будуць праходзіць адмысловае навучаньне, як задаваць пытаньні на беларускай мове.

“На дзьвюх мовах перапісны ліст. Усё на дзьвюх мовах. Паглядзіце па краіне: бігборды, плякаты вісяць на дзьвюх мовах. Там, дзе грамадзянін захоча прайсьці перапіс на беларускай мове, ён будзе перапісаны на беларускай мове”.

Карэспандэнт: “Зыходная мова будзе расейская ці як?”

Навасёлава: “Чаму расейская, чаму вы ўвесь час робіце такі акцэнт? Я прыходжу і кажу: перапіс насельніцтва. На якой мове вы будзе праходзіць перапіс? На беларускай. І перапісчык пераходзіць працаваць на беларускай мове”.

Перапіс насельніцтва ў 1999 годзьдзе. Нацыянальны склад насельніцтва:



Спадар Трусаў кажа, што падчас перапісу фармальна выкарыстоўваецца беларуская мова.

“Але ўсё залежыць ад чалавека. Вы павінны патрабаваць у іх беларускамоўны блянк. Вы павінны патрабаваць запаўняць па-беларуску. А калі вы ня будзеце патрабаваць, у вас пытацца ня будуць, а ўсё па-расейску зробяць”.

Разьмеркаваньне насельніцтва паводле нацыянальнасьцяў і моваў
. (Перапіс насельніцтва ў 1999 годзе)



Колькасьць асобаў дадзенай нацыянальнасьці, тыс. чалавекЗ агульнай колькасьці асобаў дадзенай нацыянальнасьці, у адсотках
Лічаць роднай мовай мову сваёй нацыянальнасьці
Пазначылі мову, на якой звычайна размаўляюць дома
беларуская расейскаяІншыя

Усё насельніцтва
10045 81,9 36,7 62,8 0,5
Зь іх:
Беларусы 8159 85,6 41,3 58,6 0, 1
Расейцы 1142 90,7 4,3 95,7 -
Палякі 396 16,5 57,6 37,7 4,7
Украінцы 237 42,9 10,2 83,6 6,2
Габрэі 28 5,4 3,8 95,7 0,5


Чым яшчэ будзе адрозьнівацца гэты перапіс, якія праходзіць падчас фінансава-эканамічнага крызісу, ад мінулага? Сьвятлана Навасёлава сказала, што вялікая ўвага аддаецца міграцыі насельніцтва. У пытаньні 17.2, да прыкладу, удакладняецца месца жыхарства і месца працы грамадзяніна. Новае пытаньне № 7 — ці пражывалі вы больш за адзін год у якой-небудзь іншай краіне ў пэрыяд ад 2005 году. Новае і пытаньне 17.1 — дзе знаходзілася месца вашай працы. Таксама будзе вывучацца кампутарная пісьменнасьць насельніцтва — таму будуць пытацца, ці ёсьць у доме кампутар і ці падключаны ён да інтэрнэту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG