Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Палітычныя праекты Масквы ня будуць зарыентаваныя на асобы"


Belarus - Svaboda on Belsat logo, 01Sep2008

Belarus - Svaboda on Belsat logo, 01Sep2008

Менск паміж Масквой і Брусэлем: якія зьнешнепалітычныя тэндэнцыі мінулага лета будуць фармаваць палітычны клімат беларускай восені?


Гэтую тэму ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода” абмяркоўваюць кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, і аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк. Госьці выпуску – палітыкі Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч і Зянон Пазьняк і палітоляг Віталь Сіліцкі.




Лукашук:
Давайце згадаем асноўныя падзеі беларуска-расейскага палітычнага лета – што бы вы вызначылі?


Дракахруст: Летам канфлікт паміж Масквой і Менскам распаўсюдзіўся і на ваенную сфэру – Лукашэнка адмовіўся падпісаць дамову аб сілах хуткага рэагаваньня АДКБ. У чэрвені ж скончылася малочная “вайна” , хаця некаторыя абмежаваньні на экспарт беларускай малочнай прадукцыі захоўваюцца і дагэтуль.

Канец лета стаў, так выглядае, і канцом гэтага раўнду супрацьстаяньня, хаця сустрэча Лукашэнкі і расейскага прэзыдэнта Мядзьведзева ў Сочы напрыканцы жніўня пакінула і спарадзіла больш пытаньняў, чым дала адказаў. Лукашэнка пагадзіўся падпісаць пагадненьне пра сілы хуткага рэагаваньня (хаця і дагэтуль не падпісаў), у верасьні ў Беларусі пройдуць маштабныя вайсковыя вучэньні з ўдзелам расейскіх вайскоўцаў, на якія прыедзе прэзыдэнт Расеі, абяцаную рэшту крэдыту расейцы пакуль даваць не зьбіраюцца.


Максімюк:
Я б у дадатак нагадаў пра тло, на якім адбываліся гэты беларуска-расейскі канфлікт, гэта -- гадавіна расейска-грузінскай вайны і публічная перапіска паміж прэзыдэнтамі Расеі і Ўкраіны Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Віктарам Юшчанкам, а таксама ўдзел прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна ў адзначэньні ў Польшчы 70-й гадавіны пачатку Другой Усясьветнай вайны. Мы тут наглядалі, калі можна так сказаць, ідэалягічную істэрыю Масквы што да ролі і адказнасьці СССР у пачатку вайны. Гэта сьведчыць пра нарошчваньне і паказваньне палітычных мускулаў Масквы, якая працягвае уплываць на бягучую палітыку, у тым ліку на адносіны да гэтак званага блізкага замежжа.

Лукашук: Які прагноз разьвіцьця двухбаковых адносінаў? Напачатку слова гасьцям нашай перадачы – палітыкам і палітолягу

Калякін:
Ёсьць вялікія супярэчнасьці, канешне, паміж кіраўнікамі дзьвюх краін, паміж Аляксандрам Лукашэнка і сёньняшнімі кіраўнікамі Расеі. І гэта ўсё ўплывае на тое, што адбываецца. Па сутнасьці мы бачым, што інтэграцыйныя працэсы прыпыніліся на нявызначаны пэрыяд часу. І ўжо пры Пуціне, пры Мядзьведзеве такіх зрухаў не адбываецца ў Беларусі з пункту гледзішча інтэграцыі. Тармажэньне інтэграцыі практычна, пры тым што Расея працягвае датаваць беларускую эканоміку, тут і ёсьць канфлікт. Таму што Расея са свайго боку выражае незадаволенасьць такой сытуацыяй. Ёй хацелася б паляпшаць, паглыбляць інтэграцыйныя працэсы ў розных галінах, у тым ліку ў вайсковай. Беларусь тармазіць інтэграцыйныя працэсы, і ў гэтым сутнасьць канфлікту. Гэта канфлікт кіраўнікоў, а не канфлікт дзяржаваў. Тут усё зразумела. Тут павінна прысутнічаць Расея, у прыватнасьці.

Сіліцкі:
Што да самога абвастрэньня беларуска-расейскіх адносінаў, то тут проста сутыкнуліся дзьве тэндэнцыі. Першая – гэта тэндэнцыя ўнутрыбеларуская, гэта спроба спадара Лукашэнкі знайсьці нейкі новы геапалітычны балянс, што вымагала большага дыстанцыяваньня ў нейкай ступені ад Расеі. З іншага боку, сутыкнулася гэтая расейская зьнешнепалітычная, калі Крэмль уступіў у новую фазу пошуку ворагаў, пакараньня неляяльных суседзяў. Ну вось гэта адна наклалася на іншую, і атрымаўся той канфлікт, якія мы бачылі. Наколькі доўга гэты канфлікт будзе працягвацца, я думаю, што ён ужо выдыхаецца, таму што нейкія крокі, некалькі цырыманіяльных і ня толькі крокаў на Захад Лукашэнка ўжо зрабіў, і зараз ён будзе чакаць, калі Захад яго за гэта ўзнагародзіць. Узнагародаў пакуль што не ідзе, і наадварот ідуць пэўныя сыгналы, што быццам б наш сучын сын і патрэбны там, але ж не настолькі патрэбны, каб бясконца ангажавацца, заплюшчваць вочы на невыкананьне тых палітычных умоваў, якія Эўразьвяз яму выставіў. Таму вельмі лягічна, што ківач цягам восені-зімы можа хіснуцца ў іншы бок.

Мілінкевіч:
У апошнія 13 гадоў адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй вызначаюцца вядомым праектам пад назвай саюзная дзяржава. Я адразу шчыра скажу, што я ня веру ў гэты праект, лічу яго прапагандысцкім, настальгічным. Але ўсё ж такі настолькі заангажаваныя абодва бакі, што яны мусяць яго працягваць, нават калі гэта ня клеіцца. Для Расеі вельмі важна захаваць моцны ўплыў на Беларусь, і зараз яны больш пераходзяць да эканамічных сродкаў, ня верачы, што можна падпісаць палітычныя пагадненьні. А Беларусь, разумеючы, што гэтыя эканамічныя з Расеяй дачыненьні прыводзяць да ўсё большай залежнасьці ў выглядзе крэдытаў, пазыкаў, Беларусь пачынае выходзіць на заходні вэктар. Гэта вельмі важна для нашай краіны. Я думаю, што Расея вельмі крыўдуе, Расея зайздросьціць гэтаму. І вось перашкоды, што робяцца, – гэта выхаваньне малодшага брата. Я ня думаю, што гэта эфэктыўна.

Пазьняк:
Дэмакратычныя дзяржавы не ваююць паміж сабой. Ваююць толькі дыктатарскія. Тут усе вельмі проста. Расея не можа пазбавіцца комплексу імпэрыі і таму яе палітыка заключаецца у тым, каб забіраць чужую маёмасьць, чужую тэрыторыю і рабаваць. Гэтым тлумачыцца яе палітыка ў дачыненьні да Беларусі і ў дачыненьні да Украіны. Зараз адбываецца крызыс . Адбываецца абвастрэньне унутранае і расейскі бок хоча гэта скарыстаць і дадушыць Лукашэнку, каб забраць беларускую маёмасьць. Але маёмасьць зьвязана з уладай. І Лукашэнка будзе абараняць гэтую маёмасьць, бо справа ідзе пра яго асабістую ўладу. Але трэба улічыць, што калі яму вельмі шмат заплацяць , вельмі шмат дадуць, то ён прадасьць не толькі маёмасьць , але і ўсю Беларусь.



Лукашук:
Такія меркаваньні беларускіх палітыкаў. У разгар малочнага крызысу мэдыі цытавалі крамлёўскага ананіма, які сказаў, што, відаць, камусьці надакучыла быць прэзыдэнтам Беларусі. Пазьней летам адбылося паломніцтва некаторых лідэраў беларускай апазыцыі ў Маскву, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч і Аляксандар Казулін сустракаліся са старшынём думскай камісіі ў справах СНД Аляксеем Астроўскім. Аднак у верасьні падчас візыту ў Польшчу расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін даў зразумець, што Масква прызнае легітымнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі і ня надта наважаная шукаць яму альтэрнатыву.
Ваш прагноз: ці скончылася летняя калатнеча – гандлёвая, вайсковая, палітычная – паміж Лукашэнкам і Крамлём, ці здолее Лукашэнка атрымліваць крэдыты, газ і нафту і будаваць эканамічныя адносіны з усходняй суседкай так, як раней, з выгадай для сябе?

Вы, Аляксандар, узьнялі вельмі цікавую, модную зараз тэму – ці будзе Масква на наступных выбарах у Беларусі прапіхваць свайго кандыдата і, так бы мовіць, “мачыць Лукашэнку у сарціры”
Дракахруст:
Хутчэй за ўсё пакуль скончыцца. Чарговага абвастрэньня можна чакаць бліжэй да лістапада-сьнежня, калі будзе вырашацца пытаньне цэнаў на расейскі газ на наступны год. Ці ўсё Лукашэнка атрымае? Мяркую, што ня ўсё. Калі паглядзець на вялікім прамежку часу, то бачна, што Менск усё ж саступае Маскве пэўныя пазыцыі, хаця і вельмі павольна. Паводле экспэртаў аднаўленьне экспарту беларускіх малочных прадуктаў у Расею ўсё ж каштавала Беларусі абяцаньня даць расейцам магчымасьць прыватызаваць беларускія малаказаводы. Вы, Аляксандар, узьнялі вельмі цікавую, модную зараз тэму – ці будзе Масква на наступных выбарах у Беларусі прапіхваць свайго кандыдата і, так бы мовіць, “мачыць Лукашэнку у сарціры”.

Чуткі ходзяць самыя розныя, але часам цяжка аддзяліць рэальныя праекты ад пробных шароў, пусканьня пылу ў вочы. Сустрэчы з жырыноўцам-старшынём думскай камісіі ня робяць вялікага гонару яго беларускім суразмоўцам. Такі ўзровень кантактаў, на мой погляд, сьведчыць пра тое, што ніякіх прынцыповых рашэньняў паўдзельнічаць у беларускай выбарчай кампаніі ў Крамлі яшчэ не прынялі. Ня выключана, што і ня прымуць.

Калі прааналізаваць нядаўні ліст расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева яго ўкраінскаму калегу Віктару Юшчанку, то зь яго вынікае, што палітыка Крамля – ня пошук прарасейскіх кандыдатаў, а ўмовы, якія выстаўляюцца адпаведнай краіне і яе эліце ў цэлым. І, дарэчы, пры ўсёй нелюбові Крамля да Міхаіла Саакашвілі нельга сказаць, што Масква так ужо ўпарта падтрымлівала грузінскую апазыцыю падчас нядаўняй хвалі пратэстаў. Такая падтрымка аказваецца бумэрангам.

Так што выглядае, што і ў адносінах да Беларусі Расея будзе дзейнічаць такім жа чынам і ніякіх сур’ёзных крамлёўскіх праектаў “Калякін”, “Краўчанка” ці хто іншы, ня будзе. Папужаць Лукашэнку – гэта магчыма, але магістраль палітыкі – гэта набор умоваў, якія будуць выстаўленыя да жыхара палацу на Маркса 38 у Менску, хто б яго ні заняў у 2011 годзе.

Максімюк: Я думаю, што Лукашэнка здолее атрымаць ад Расеі тое, што ён хоча - і крэдыты і газ па спрыяльных цэнах. Але гэта будзе цяжэй.

Лукашук: А што значыць гэтае "цяжэй"? Расплочвацца давядзецца - маёмасьцю, сур’ёзнымі саступкамі?

Палітычныя праекты Масквы ня будуць зарыентаваныя на асобы -- ніхто ня будзе шукаць замены Лукашэнку ў Беларусі, а проста будуць выстаўляць умовы, зьвернутыя да кіраўніка Беларусі, кім бы ён ні быў
Максімюк:
Ня выключаю, што і маёмасьцю. І крэдыты будуць давацца на горшым эканамічных і больш жорсткіх палітычных умовах. Беларусы адчуюць цяпер, што цана незалежнасьці -- гэта не абстрактнае паняцьце, якое мы з вамі тут абмяркоўваем у кожнай перадачы, а рэч адчувальная для ўласнай кішэні. Юры правільна ўлавіў тэндэнцыю, што палітычныя праекты Масквы ня будуць зарыентаваныя на асобы -- ніхто ня будзе шукаць замены Лукашэнку ў Беларусі, а проста будуць выстаўляць умовы, зьвернутыя да кіраўніка Беларусі, кім бы ён ні быў.

Лукашук:
Я правільна разумею, што і стаўку тады ня будуць рабіць ні на каго? У тым ліку і на Лукашэнку?

Дракахруст: Стаўку будуць рабіць на Расею.



Лукашук:
Калегі, давайце зробім кароткі агляд – што, па-Вашаму, вартае ўвагі адбылося гэтым палітычным летам у адносінах Беларусі з Захадам, больш канкрэтна – пасьля ўступленьня Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства”.

Дракахруст: Менск наведала эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр, беларускі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў правёў перамовы з кіроўнай “тройкай” Эўразьвязу.

А МВФ, як арганізацыя фінансавая, якой праблемы дэмакратыі наўпрост не тычацца, дае. Але грошы там менавіта заходніх краінаў і іх голас у пытаньні -- выдаваць ці не выдаваць крэдыты, у Фондзе вырашальны.
Але ня менш, калі ня больш важным практычным вынікам стаў дадатковы крэдыт МВФ памерам у мільярд даляраў, выдзелены вельмі своечасова -- ў разгар малочнай"вайны" Беларусі і Расеі. Створаны такі мэханізм: Эўропа і ЗША не даюць ніякай дапамогі праз свае дзяржаўныя каналы, пакуль у Беларусі не адбудуцца кардынальныя зьмены ў сфэры дэмакратызацыі. А МВФ, як арганізацыя фінансавая, якой праблемы дэмакратыі наўпрост не тычацца, дае. Але грошы там менавіта заходніх краінаў і іх голас у пытаньні -- выдаваць ці не выдаваць крэдыты, у Фондзе вырашальны.

Лукашук: Ян, а як выглядалі беларуска-амэрыканскія дачыненьні гэтым летам?

Максімюк: Амаль усе аналітыкі прагназавалі, што новаму амэрыканскаму прэзыдэнту Бараку Абаму, які мусіць змагацца з крызысам і ваяваць у Іраку ды Аўганістане, дзе хуткая перамога амэрыканцам ня сьвеціць, будзе не да Беларусі ў гэтым годзе. Адносіны, застануцца, так бы мовіць у інэртным, нязьменным стане. Коратка кажучы, яны за лета не пагоршалі, але і не паправіліся.
Варта прыгадаць дзьве рэчы. У Менск прыяжджаў памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан, які размаўляў з міністрам Сяргеем Мартынавым і кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Макеем. Ну і той жа крэдыт МВФ, пра які сказаў Юры. ЗША гэты крэдыт не заблякавалі, хоць маглі. Значыць, ніякія масты не спаленыя, дыялёг на нейкім мінімальным узроўні падтрымліваецца.

Дракахруст:
Я б адзначыў таксама візыт амэрыканскіх кангрэсмэнаў у Менск, іх перамовы з Лукашэнкам і вызваленьне Эмануіла Зэльцэра – амэрыканскага грамадзяніна, які знаходзіўся ў беларускай турме. Адзін бар’ер у двухбаковых адносінах быў зьняты.

Лукашук: Варта прыгадаць і пра тое, што не зьмянілася – дыпляматычныя стасункі Беларусі і ЗША застаюцца на мінімальным узроўні, па-ранейшаму ў Менску няма амэрыканскага амбасадара. Як вы думаеце, будзе да новага году ў Менску амбасадар Абамы?

Максімюк: Думаю, што ня будзе.

Дракахруст: Хутчэй за ўсё, сапраўды ня будзе. Хаця мне падаюцца невыпадковымі і разьведвальны візыт кангрэсмэнаў, і прыезд спадара Гордана. Калі б пазыцыі былі абсалютна непахіснымі і несумяшчальнымі, то навошта было б размаўляць?

Лукашук: Спэцыяльна для гэтай праграмай мы задалі гэтае ж пытаньне -- пра будучыя стасункі Беларусі з Эўропай і Злучанымі Штатамі, палітыкам -- Калякіну, Мілінкевічу і Пазьняку і палітолягу Сіліцкаму.

Значная частка гульні з Захадам Аляксандра Лукашэнкі прадыктаваная тым, каб спрабаваць шантажаваць Расею і паказваць, што існуе альтэрнатыва
Калякін
: Значная частка гульні з Захадам Аляксандра Лукашэнкі прадыктаваная тым, каб спрабаваць шантажаваць Расею і паказваць, што існуе альтэрнатыва. Што калі вы ня будзеце мне дапамагаць, то я знайду дапамогу на Захадзе. З іншага боку, для сучаснага кіраўніцтва Беларусі сам факт дастатковы, што іх прынялі ва Ўсходняе партнэрства, хаця б на дэкляратыўным узроўні. Далей яны рухацца з пункту погляду двухбаковага руху, я думаю, ня будуць. Таму што Лукашэнка ня пойдзе на глыбокія крокі па дэмакратызацыі, а бяз гэтага, прынамсі дагэтуль усе заяўлялі на Захадзе, немагчымая нармалізацыя адносінаў у эканамічнай галіне і іншых галінах. Таму тут будзе пэўны ступар, і сытуацыя можа мець рэгрэсны характар, то бок сытуацыя можа пагоршыцца паміж эўрапейскімі краінамі, паміж Беларусьсю і ЗША ў выніку нежаданьня Беларусі выконваць тыя стандарты ў галіне палітычных правоў, якія сёньня ад х патрабуе сусьветная супольнасьць.

Захад усё ж, як галянтны кавалер, запрашае Беларусь на бальныя танцы, таму што ёсьць прынцыпы і ёсьць мараль, а Расея спрабуе сваімі мэтадамі запалохаць.
Мілінкевіч:
Захад усё ж, як галянтны кавалер, запрашае Беларусь на бальныя танцы, таму што ёсьць прынцыпы і ёсьць мараль, а Расея спрабуе сваімі мэтадамі запалохаць. І я думаю, што гэта беспэрспэктыўна, а з Расеяй усё ж такі трэба мець добрыя адносіны, але раўнапраўныя і ніяк не ў выглядзе саюзнай дзяржавы, а добрасуседзкія, раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя. Безумоўна, Захад зацікаўлены, каб на яго межах (а мы суседзі Эўразьвяза) было спакойна, прадказальна. А дзеля гэтага трэба, каб краіны былі дэмакратычныя. Гэта для Захаду прынцыпова вельмі важна. Акрамя таго, Захад не хацеў бы, каб тут былі глыбокія эканамічныя крызысы, бо гэта заўсёды таксама міграцыя, праблема людзей, якія ад’яжджаюць на Захад. Да таго ж Захад спалоханы тым, што адбылося ў Грузіі. Таму ёсьць некалькі рэзонаў, чаму ён распачаў гэтую палітыку, палітыку зьняцьця ізаляцыі, хаця лепш казаць пра самаізаляцыю. І Беларусь зацікаўлена ў тэхналёгіях, у фінансавай падтрымцы Захаду. Я лічу, што гэта вельмі важна, што, нягледзячы на тое, што ў нас аўтарытарны рэжым, а гэтае супрацоўніцтва дазваляе пэўным чынам усё ж такі спрыяць таму, каб і дэмакратыя на Беларусі зьяўлялася. І я думаю, памыляюцца людзі ў беларускай уладзе, якія лічаць, што Захад усё праглыне, што калі і будуць парушацца правы чалавека, ня будзе сур’ёзных зьменаў у заканадаўстве і свабодах элемэнтарных, што Захад будзе гэта ўсё успрымаць. Сёньня дынаміка залежыць толькі ад паводзінаў беларускай улады. Захад раскрыты па многіх праграмах, па многіх накірунках, ён гэта дэманструе на самым высокім узроўні. Беларусь мусіць ісьці да дэмакратыі і свабоды. І гэта дасьць нас магчымасьці вялікія ў эканоміцы

Пазьняк: Што датычыць дачыненьняў з Захадам, то я ў першую чаргу бачу дачыненьні зь Эўропай. Гэтыя дачыненьні застылі на мёртвай кропцы. Эўропа дасягнула пэўнага посьпеху, прыняўшы Беларусь, дакладней беларускі рэжым Лукашэнкі, ва “Ўсходняе партнэрства”. І задача Эўропы зараз утрымаць гэтае status quo. Таму яна стараецца не заўважаць парушэньняў правоў чалавека, не заўважаць, што зьнішчаецца нацыянальная культура, што перасьледуецца моладзь, што ёсьць палітычныя зьняволеныя. А робіць выгляд, што ёсьць нейкія зрухі, і вычэквае , вычэквае таго выніку, які можна будзе чакаць ў выніку крызысу.

Пазыцыя Лукашэнкі – балянсаваць паміж Эўропай і Расеяй. Гэта не дальнабачная палітыка і рана ці позна яна павінна скончыцца
Пазыцыя Лукашэнкі – балянсаваць паміж Эўропай і Расеяй. Гэта не дальнабачная палітыка і рана ці позна яна павінна скончыцца. І я думаю, што, калі Эўропа дастаткова умела вытрымае гэтую паўзу, то , магчыма, посьпех у гэтай палітыцы будзе дасягнуты, але невялікі.

Сіліцкі: Можна сказаць, што тое паскарэньне, якое набылі беларуска-эўрапейскія адносіны цягам канца мінулага году, пакрысе выдыхаецца. І выдыхаецца зноў такі з двух чыньнікаў. Першы чыньнік – гэта тое, што забуксавала само “Ўсходняе партнэрства”, што з прычыны эканамічнага крызысу гэта праграма – ўжо не прыярытэт для Эўразьвязу. А значыць, усе перамовы, дыялёгі, супрацоўніцтвы, якія былі прызначаныя ва “Ўсходнім партнэрстве”, зараз трошкі замарозіліся. І гэта накладае адбітак і на працэс дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам, таму што беларускія ўлады першапачаткова ўскладалі вельмі вялікія надзеі на “Ўсходняе партнэрства”, па-другое, проста Менск не зьбіраецца выконваць палітычныя патрабаваньні Эўразьвязу, пра якія яны не забыліся. Мы можам цягам бліжэйшых двух-трох месяцаў прыйсьці да сытуацыі, калі пытаньне пра новыя санкцыі для Беларусі, ці пра абнаўленьне старых санкцыяў можа ўзьнікнуць вельмі хутка. Што да Злучаных Штатаў Амэрыкі, бо там яшчэ няма вызначанай пазыцыі да Беларусі, і хутчэй за ўсё працягваецца тая пазыцыя, якая была вызначаная падчас мінулай прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Тэарэтычна магчымасьць вяртаньня санкцыяў існуе. Але імавернасьць яе выглядае вельмі малой.
Лукашук:
У лістападзе сканчаецца чарговы выпрабавальны тэрмін, дадзены Эўропай Менску. Я нагадаю, што ва “Ўсходняе партнэрства” Беларусь прынялі, але нейкі “дамоклаў меч” санкцыяў усё ж пакінулі – у сакавіку візавыя санкцыі адносна вышэйшых беларускіх урадоўцаў былі не скасаваныя, а прыпыненыя. У лістападзе Зьвяз будзе разглядаць, наколькі Беларусь прасунулася ў сэнсе грамадзянскіх і палітычных свабодаў, і на падставе гэтай ацэнкі вырашаць пытаньне санкцыяў – скасоўваць іх, аднаўляць ці працягваць прыпыненьне. А якая ваша ацэнка і якое рашэньне, на ваш погляд, прыме ў лістападзе Эўразьвяз?

Дракахруст: Тэарэтычна магчымасьць вяртаньня санкцыяў існуе. Але імавернасьць яе выглядае вельмі малой. Сытуацыя з правамі чалавека, скажам так, кантравэрсійная, пасьля “Народнай волі” і “Нашай нівы” вярнулі ў легальны распаўсюд “Бабруйскі курьер”, пайшлі чуткі пра скасаваньне сумнавядомага артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу аб адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў. Наўпрост скажам, не трыюмф дэмакратыі, і асабліва пры тым, што мінусаў болей – ніводная палітычная арганізацыя пасьля “Руху за Свабоду” не была зарэгістраваная, Аўтуховіч застаецца за кратамі, Дубскі за іх патрапіў.

Незалежнасьць Беларусі ад Расеі павялічылася, ў тым ліку і дзякуючы новай палітыцы Эўропы.
Сытуацыя не адпавядае ані стандартам эўрапейскай дэмакратыі, ані тым патрабаваньням, якія выстаўляліся Беларусі Эўропай. Але ў параўнаньні, скажам, з сытуацыяй гадавой даўніны становішча і не пагоршылася. Пры жаданьні можна палічыць, што і крыху палепшылася. Жаданьне ж можа быць абумоўленае і тым чыньнікам, што стасункі паміж Менскам і Масквой далёкія ад ідэальных, пра што мы казалі ў папярэдняй частцы перадачы. З гэтага можна зрабіць выснову, што незалежнасьць Беларусі ад Расеі павялічылася, ў тым ліку і дзякуючы новай палітыцы Эўропы.

Да таго ж беларускія ўлады напярэдадні лістапада могуць зрабіць пару прыемных Эўропе жэстаў – напрыклад, вызваліць Дубскага, вярнуць у шапікі "Саюздруку" яшчэ парачку газэт, сапраўды скасаваць артыкул 193-1. Так што мяркую, што санкцыі альбо скасуюць альбо працягнуць іх прыпыненьне.

Максімюк: Па-мойму, найбольш разумна было б працягнуць прыпыненьне гэтых санкцый на нейкі нявызначаны пэрыяд. З умовай, што канчатковае рашэньне аб санкцыях Эўразьвяз прыме ў выпадку, калі ўбачыць нейкую радыкальную зьмену сытуацыі ў Беларусі — на лепшае ці на горшае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG